Артылерыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гармата. Палац Румянцавых — Паскевічаў, Гомель

Гістарычна артылерыяй (фр.: artillerie) называлі любыя механізмы, што выкарыстоўваліся для кідання разнастайных снарадаў на вялікія адлегласці падчас вайны. Звычайна абслугоўвалася камандай ваяроў. Тэрмін гэтаксама мае дачыненне да сухапутных войскаў, першаснай функцыяй якіх ёсць абслуга такіх механізмаў. Артылерыю таксама называюць «Бог Вайны». Артылерыя падзяляецца таксама на берагавую артылерыю, што традыцыйна выкарыстоўваецца для абароны ўзбярэжжаў і кантралявання праходу караблёў, і сухапутную або палявую артылерыю. Напачатку 20 стагоддзя з развіццём авіяцыі да артылерыі пачалі адносіць і сухапутныя супрацьпаветраныя батарэі.

Гісторыя развіцця[правіць | правіць зыходнік]

Само слова артылерыя у сучасным кантэксце пачало выкарыстоўвацца ў Сярэднявеччы. Паходзіць яно з старафранцуcкага «atellier», што значыць «прыводзіць у парадак» і «attillement», што перакладаецца як «абсталяванне». У 13 стагоддзі артылерыстам называлі любога майстра, што меў дачыненне да будоўлі ваеннага абсталявання, і наступныя 250 гадоў артылерыяй называлі ўсю зброю. Старыя механізмы кшталту трэбушэ, анагра, катапульты і балісты таксама называюцца артылерыяй, але ўпершыню сапраўдная артылерыя (парахавая) узгадваецца 28 студзеня 1132, калі генерал Хан Шыжонг з дынастыі Сонг выкарыстаў зброю, падобную да гармат падчас захопу горада ў Фуджані. Зброя такога кшалту дайшла да Еўропы ў 13 стагоддзі, але ў вельмі абмежаванай колькасці і не атрымалі шырокага распаўсюджання. Гэта былі гладкаствольныя жалезныя ці медныя трубкі, што стралялі жалезнымі і каменнымі ядрамі, або вялікімі стрэламі, або нават прыгаршчамі аскепкаў, што трапляліся пад руку. Падчас Стагадовай вайны гэткая зброя стала звыклай і пачала выкарыстоўвацца, як пазней бамбарда і гармата.

Бамбарды былі масіўнай гладкаствольнай зброяй і мелі шмат недахопаў, як то: немабільнасць, неўніфікаванасць (кожная бамбарда была індывідуяльнай) і ненадзейнасць. Бамбарды выкарыстоўваліся пераважна падчас аблог (напрыклад пры аблозе Канстанцінопаля ў 1453 выкарыстоўвалася бамбарда вагай 19 тон з камандай у 200 чалавек і 16 быкоў. Яна магла рабіць толькі 7 выстралаў за дзень).

Слова «гармата» упершыню выкарыстоўваецца ў 15 стагоддзі. Так называлі аднаствольную палявую зброю, што была пастаўленая на колы і перасоўвалася пры дапамозе цяглавых жывёл. Гэта надало артылерыі мабільнасць і дало ёй мажлівасць падтрымліваць войска ў паходзе, а не толькі падчас аблог. Памяншэнню памераў гарматы абавязаны новым тэхналогіям у апрацоўцы жалеза і вырабе пораху. Першая мабільная гармата ўзгадваецца дзякуючы Яну Жыжку, што ўпершыню выкарыстаў падчас Гусіцкіх войнаў у Багеміі (14181424) валоў для перасоўвання гарматы.

У 17 стагоддзі былі распрацаваны ладункі і снарады, а таксама пачалося развіццё говітцараў, марцір і карабельнай артылерыі. Кніга вядомага вынаходцы Казіміра Семяновіча «Artis Magnae Artilleriae pars prima»лаціны «Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая») была адной з найбольш важкіх публікацый па артылерыі. Больш за два стагоддзі яна выкарыстоўвалася ў Еўропе як базавая інструкцыя па артылерыі.

Гармата працягвала змяншацца. Напрыклад Фрэдэрык II з Прусіі выкарыстаў першую лёгкую артылерыю падчас Сямігадовай вайны, але да сярэдзіны 19 стагоддзя вынаходніцтвы ў металургіі, хіміі і вытворчасці не паўплывалі на базавы выгляд і метад дзеяння гарматы. У 19 стагоддзі артылерыя канчаткова размежавалася на малую мабільную зброю, што заставалася з войскам, і вялікую, што выкарыстоўвалася для непрамога агню.

Сучасная артылерыя[правіць | правіць зыходнік]

203-мм гаўбіца. Музей Вялікай Айчыннай вайны, Мінск

Сучасную артылерыю можна вызначыць па наступных прыкметах: вялікі калібр, у якасці снарада выкарыстоўваецца ўзрыўны снарад ці ракета, яе памеры патрабуюць спецыяльнай базы для перасоўвання і вядзення агню. Важкай характарыстыкай таксама ёсць выкарыстоўванне непрамога агню, калі абсталяванне наводзіцца на нябачную вокам цэль. Непрамы агонь атрымаў распаўсюджанне напачатку 20 стагоддзя і пачаў буйна развівацца пасля Першай сусветнай вайны.

Тыпы артылерыі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле вобласці выкарыстання:

  • Конная артылерыя. Упершыню сфарміраваная ў канцы 18 стагоддзя, як элітная падтрымка кавалерыі.
  • Палявая артылерыя. Галоўная галіна войскаў падтрымкі сучаснага сухапутнага войска.
  • Крэпастная або гарнізонная артылерыя.
  • Горная артылерыя (ужывалася толькі некаторымі нацыямі і рэдка выдзяляецца ў асобную галіну)
  • Марская або карабельная артылерыя.

Супраць чаго выкарыстоўваецца:

  • Супрацьтанкавая артылерыя
  • Супрацьпаветраная артылерыя

У геральдыцы[правіць | правіць зыходнік]

Быхаў

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]