Ламу (архіпелаг)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Архіпелаг Ламу)
Ламу
суахілі Lamu
Узбярэжжа
Узбярэжжа
Характарыстыкі
Найбуйнейшы востраўвостраў Патэ 
Агульная плошча195,3 км²
Насельніцтва101 539 чал. (2009)
Шчыльнасць насельніцтва519,91 чал./км²
Размяшчэнне
2°06′12″ пд. ш. 41°01′14″ у. д.HGЯO
АкваторыяІндыйскі акіян
Краіна
Ламу (архіпелаг) (Кенія)
Ламу
Ламу
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ламу (суахілі: Lamu) — архіпелаг у Індыйскім акіяне ля ўзбярэжжа Афрыканскага кантынента. Уваходзіць у склад Кеніі. Адміністрацыйны цэнтр і самы вялікі горад — Ламу. Агульная плошча — 195,3 км². Насельніцтва разам з усёй акругай (2009) — 101 539 чалавек.[1]

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карта

Архіпелаг Ламу месціцца ў Індыйскім акіяне ля самага паўночна-усходняга ўзбярэжжа Кеніі, у 470,84 км на паўднёвым усходзе ад Найробі, у 6371 км ад Мінска. Аддзелены ад Афрыканскага кантынента вузкімі пралівамі. Найбуйнейшыя астравы — Патэ, Ламу і Манда.

Астравы маюць часткова мацерыковае, часткова каралавае паходжанне. Клімат экватарыяльны пасатны, даволі засушлівы. Сезон мусонаў цягнецца з красавіка да ліпеня, але нават у самыя дажджлівыя месяцы ападкі працягваюцца толькі 2 — 4 дні. Усяго выпадае каля 500 мм у год. Сярэднегадавая тэмпература 23 — 28 °C[2].

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Прырода Ламу значна зменена чалавекам, аднак архіпелаг знакаміты сваімі мангравымі лясамі, а таксама біялагічнай разнастайнасцю мясцовых каралавых рыфаў.

На вялікіх астравах шмат культурных раслін. Пераважаюць какосавая пальма, гваздзіковае дрэва, тытунь, бананы і інш. Мясцовае насельніцтва ашчадна ставіцца да навакольнага асяроддзя. На Ламу абмежавана колькасць аўтамабільных сродкаў і свойскай жывёлы.

На малых астравах захаваліся першародныя зарасці хмызнякоў-ксерафітаў, ліян і алоэ. Тут гняздуюць шматлікія птушкі. Мангры — прыбежышча марскіх чарапах, дзюгоняў і рыб.

На тэрыторыі архіпелага Ламу і суседніх землях (усяго 50 каралавых астраўкоў, каля 270 км²) створаны Нацыянальны марскі запаведнік Кіунга[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя архіпелага Ламу шчыльна звязана з лёсам усёй цывілізацыі суахілі. Ён быў паўночнай зонай тэрыторыі фарміравання гэтага народа. Ужо ў другой палове 1 тысячагоддзя н. э. Ламу з’яўляўся гандлёвым цэнтрам, адкуль у арабскія краіны і Індыю вывозіліся афрыканскія тавары. Акрамя золата і слановай косці, іншаземныя гандляры цікавіліся мясцовым жалезам. У гэты перыяд на ўзбярэжжы Афрыкі ўзнікла вялікая колькасць плавільняў. Значна пазней галоўнымі таварамі сталі чарнаскурыя рабы і спецыі.

Паводле летапіснай традыцыі, Ламу быў адным з месцаў, каланізаваных сірыйскімі арабамі на чале халіфа Абд аль-Маліка ібн Марвана, што прыбылі ва Усходнюю Афрыку ў 696 г. На архіпелагу ўтварылася два дзяржаўных фарміравання на астравах Ламу і Патэ. У 1204 г. на Патэ зацвердзілася арабская дынастыя Набхані. Яна кіравала да 1866 г. Сулейман Набхані, легендарны заснавальнік дынастыі, ажаніўся з дачкой суахілійскага ўладара і атрымаў у спадчыну валадарскі тытул фумамары. Яго нашчадак Умары ў сяр. XIV ст. захапіў значную частку ўзбярэжжа Ўсходняй Афрыкі. Ён садзейнічаў развіццю міжнароднага гандлю. У гэты час караблі суахілі дасягалі не толькі Індыі, але і Кітая[4]. Мяркуецца, што ў XV ст. архіпелаг наведваў флот Чжэн Хэ[5]. У 1441 г. з’явілася першае пісьмовая ўзгадка горада Ламу ў сувязі з наведваннем мясцовым суддзём Мекі.

У 1506 г. архіпелаг трапіў пад кантроль партугальцаў, якія захавалі мясцовыя дынастыі, аднак манапалізавалі прыморскі гандаль і такім чынам выклікалі эканамічны заняпад. У 1580-ых гг. жыхары архіпелага падтрымалі рэйды турэцкага флоту супраць партугальцаў, на што тыя адказалі крывавымі рэпрэсіямі супраць мясцовага насельніцтва. У XVII ст. кіраўнікі дзяржаў Ламу звярнуліся за падтрымкай да Аманскага султаната. У 1652 г. аманская эскадра выгнала хрысціян. У 1678 г. партугальцы разбурылі Патэ, але вярнуць кантроль у свае рукі не здолелі.

Пасля выгнання партугальцаў мясцовыя землі трапілі ў залежнасць ад Амана. Горад Ламу выступаў як галоўны саюзнік султана, таму карыстаўся значнымі прывілеямі. Гэта стымулявала хуткае развіццё рамяства і гандлю, а таксама значны культурны ўздым[6]. У XVIII — XIX стст. асноўнай крыніцай прыбыткаў стаў гандаль рабамі.

У другой палове XVIII ст. Аман быў уцягнуты ў барацьбу супраць Ірана і Мамбасы. Жыхары Патэ выступілі на баку супернікаў Амана, што прывяло да ўзброеных сутыкненняў з горадам Ламу і дзвюх войнаў з арабамі, якія скончыліся толькі ў другой палове XIX ст. фактычнай паразай Патэ. Горад Ламу захаваў прыхільнасць да султаната нават пасля таго, як яго цэнтр перамясціўся з Амана ў Занзібар, што забяспечыла далейшы росквіт горада. У 18131821 гг. у Ламу была пабудавана крэпасць, якая захавалася да нашага часу[7].

У 1890 г. узбярэжжа сучаснай Кеніі трапіла пад пратэктарат Вялікабрытаніі. Архіпелаг Ламу быў фактычна зачынены для іншаземцаў. У 1907 г. было адменена рабства, што прывяло да новага эканамічнага заняпаду.

У 1963 г. астравы Ламу ўвайшлі ў склад незалежнай Кеніі.

У 2001 г. горад Ламу трапіў ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Ламу ўваходзіць у склад аднайменнай акругі (district) Кеніі з цэнтрам у горадзе Ламу. Карэннымі жыхарамі з’яўляюцца суахілі, аднак у апошнія дзесяцігоддзі этнічны склад мясцовага насельніцтва значна павялічыўся за лік прадстаўнікоў прыбярэжных плямёнаў. Дамінуючая рэлігія — іслам.

Традыцыя заняткі — рыбалоўства, будаўніцтва лодак і земляробства. Апошняму перашкаджае нястача прэснай вады, для здабычы якой будуюцца назапашвальнікі дажджавой вільгаці джабія. Значную ролю ў эканоміцы адыгрывае турызм. Аднак пасля захопу на Ламу самалійскімі піратамі ў 2011 г. грамадзянкі Францыі колькасць замежных наведвальнікаў значна скарацілася.

Выкарыстанне аўтамабільнага транспарту на астравах абмежавана. Значна большую ролю адыгрывае марскі транспарт, у прыватнасці лодкі мясцовых жыхароў. На востраве Манда дзейнічае аэрапорт.

На архіпелагу існуе нястача медыцынскага персаналу. Распаўсюджаны малярыя і інфекцыйныя захворванні скуры.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Ламу прыцягвае пясчанымі пляжамі, мангравымі лясамі і добра захаванай традыцыйнай культурай. Старая частка горада Ламу ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тут дзейнічае музей, і знаходзіцца крэпасць XIX ст.

Старыя кварталы таксама захаваліся ў паселішчах Сію, Фаза і Патэ на востраве Патэ. Каля Сію існуюць рэшткі яшчэ адной арабскай крэпасці. На востраве Манда — руіны XV — XVII стст.

Зноскі

  1. The Republic of Kenya administrative units
  2. Climate indicators in LAMU
  3. Kiunga National Marine Reserve Архівавана 17 студзеня 2013.
  4. Кулик С. Черный феникс. Африканское сафари. — М.: Армада-пресс, 2001. — С. 357—364
  5. Sea hunt for ancient Chinese ship off African coast
  6. Lamu History / Lamu Culture Архівавана 6 снежня 2013.
  7. LAMU FORT HISTORICAL BACKGROUND Архівавана 23 красавіка 2013.