Арцемісія I

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Арцемісія
Ἀρτεμισία
Artemisia I - Caria.png
сатрап Карыі
 
Бацька: Лігдамед

Арцемісія I (стар.-грэч.: Ἀρτεμισία) — кіраўніца Карыі, падданая персідскага валадара Ксеркса. Магчыма, мела тытул сатрапа. Удзельніца марской бітвы пры Саламіне.

Дакладныя гады жыцця Арцемісіі невядомы. Згодна Герадоту, яе бацька Лігдамед быў галікарнасцам. Маці паходзіла з Крыта. Пасля смерці мужа, сатрапа Карыі, яна ўзначаліла яго валоданні. У 480 г. да н. э. прыняла ўдзел у бітве пры Саламіне на баку персаў. Герадот паведамляў, што ў Арцемісіі ў той момант гадаваўся маленькі сын. Яна падрыхтавала і сама ўзначаліла 5 караблёў, на якіх плылі малаазіяцкія дарыйцы. Уплыў Арцемісіі быў значным. Герадот паведамляў, што да яе парадаў прыслухоўваўся сам Ксеркс [1]. Арцемісія выступала супраць вялікай бітвы паміж флатамі персаў і грэкаў, паколькі лічыла, што грэкі пераўзыходзяць персаў на моры "як мужчына жанчыну". Аднак Ксеркс не паслухаў парады [2].

Калі бітва пры Саламіне персамі была ўжо прайграна, карабель, на якім плыла кіраўніца Карыі, пераследваўся афінянамі. Каб пазбегнуць сутычкі з ворагам, Арцемісія пратараніла карабель саюзнікаў. Афіняне вырашылі, што яна перайшла на іх бок, і скончылі пераслед. Цікава, што за захоп Арцемісіі ў палон грэчаскае камандаванне абяцала 1000 драхм.

Служкі Ксеркса прынялі патоплены Арцемісіяй карабель за грэчаскі і паведамілі валадару аб яе гераізме. Ксеркс нібы на гэта заўважыў: "Мае мужчыны ператварыліся ў жанчын, а жанчыны ў мужчын". Пасля няўдалай бітвы Арцемісія параіла Ксерксу адступіць з Грэцыі, хаця яго сухапутная армія ўсё яшчэ ўяўляла значную сілу. На гэты раз персідскі ўладар пагадзіўся з ёю. Арцемісія вярнулася са сваімі караблямі і сынамі Ксеркса ў Эфес і больш не прымала ўдзел у вайне [3].

Зноскі

  1. Герадот, VII:99
  2. Герадот, VIII:68 - 69
  3. Герадот, VIII:87 - 88, 93, 101 - 103