Астравы Баўнці
| Баўнці Bounty |
|
| Каардынаты: | |
| Акваторыя | Ціхі акіян |
| Колькасць астравоў | 22 |
| Агульная плошча | 1,35 км² |
| Найвышэйшы пункт | 88 м |
| Краіна | |
| Насельніцтва | 0 чал. |
Астравы Ба́ўнці (англ.: Bounty Islands) — архіпелаг на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад Новай Зеландыі. Агульная плошча - 1,35 км². Сталага насельніцтва няма.
Гісторыя [правіць]
Астравы былі адкрыты ў 1788 г. Вільямам Блаем, капітанам знакамітага брытанскага судна "Баўнці". Менавіта ён даў назву архіпелагу. У апісанні адкрытых астравоў значылася: "Голыя і пустынныя".
У 1807 г. брытанскае судна "Сідней" высадзіла на астравах групу новазеландскіх маары на чале з правадыром Руатара, які імкнуўся дасягнуць Вялікабрытаніі для сустрэчы з каралём Георгам III. Брытанцы прапанавалі маары паляваць на ластаногіх, каб іх скурамі аплаціць праезд. Аднак рабінзанада новазеландцаў ператварылася ў трагедыю. Яны пакутавалі ад голаду і холаду, так што, калі "Сідней" вярнулася за імі, трое маары загінула. Аднак астатнія здолелі назапасіць 8000 скур.
У першай трэці XIX ст. Баўнці ператварыліся ў папулярны маршрут для паляўнічых на ластаногіх. У выніку іх драпежнай дзейнасці ў 1831 г. засталося ўсяго 5 жывёлін.
У 1998 г. астравы разам з іншымі новазеландскімі субантарктычнымі тэрыторыямі трапілі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Геаграфія і прырода [правіць]
Архіпелаг Баўнці знаходзіцца ў 700 км на паўднёвы ўсход ад Новай Зеландыі. Уяўляе сабою тры групы дробных астравоў і гранітных скал агульнай плошчай 135 га.
Клімат субарктычны марскі. Сярэдняя тэмпература жніўня 5,5° C, лютага 11° C.
Флора сушы вельмі бедная, прадстаўленая лішайнікамі і зялёным багавіннем, што расце сярод скал, абароненых ад паўднёвых антарктычных вятроў. Галоўнае багацце астравоў Баўнці - гэта марскія птушкі, якіх тут налічваецца 12 розных відаў (пінгвіны, гарбаткі, буравеснікападобныя). 3 з іх знаходзяцца пад пагрозай вымірання.
Спасылкі [правіць]
| Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 877 рус. • англ. • фр. |