Астравы Самоа
| Самоа Sāmoa |
|
| Каардынаты: | |
| Акваторыя | Ціхі акіян |
| Найбуйнейшы востраў | востраў Саваі |
| Агульная плошча | 3 028,1 км² |
| Найвышэйшы пункт | 1 858 м |
| Краіны | |
| Насельніцтва (2012) | 249 839 чал. |
| Шчыльнасць насельніцтва | 82,507 чал./км² |
Астравы Самоа (самоан.: Sāmoa) — архіпелаг у паўднёвай частцы Ціхага акіяна, у Палінезіі. Уваходзіць у склад дзяржавы Самоа і Амерыканскага Самоа. Плошча - 3028,1 км². Насельніцтва - 249 839 чал. (2012 г.), у асноўным самоанцы.
Змест |
Геаграфія [правіць]
Астравы Самоа знаходзяцца ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна ў 800 км ад Фіджы, 530 км ад Тонга, 2900 км ад Новай Зеландыі, 15 266,3 км ад Беларусі (ад нулявога кіламетра ў Мінску да пляжа Ваіяла ў горадзе Апія).
Найбуйнейшыя астравы:
Заходняя частка разам з астравамі Саваі і Уполу ўваходзіць у склад незалежнай дзяржавы Самоа. Усходняя частка - у склад Амерыканскага Самоа.
Вялікія астравы маюць вулканічнае паходжанне, даволі гарыстыя. Найвышэйшая кропка - гара Сілісілі (1 858 м) на востраве Саваі. Малыя астравы - нізкія каралавыя атолы.
Клімат трапічны вільготны. Сезон мусонаў цягнецца з лістапада да красавіка.
Астравы падвержаны ўздзеянню землятрусаў і трапічных цыклонаў. Апошні значны землятрус адбыўся 29 верасня 2009 г. Ён спарадзіў цунамі, якое стала прычынай смерці 170 чалавек.
Гісторыя [правіць]
У адрозненні ад іншых палінезійцаў, самоанцы не маюць легенд аб асабістым паходжанні з Гаваікаў. Археолагі сцвярджаюць, што астравы Самоа былі населены носьбітамі культуры Лапіта ў 1 тысячагоддзі да н. э. Выхадцы з Самоа актыўна рассяляліся па іншых астравах Акіяніі. Паданні аб паходжанні з Самоа існуюць нават сярод мікранезійцаў тунгару. Магчыма, што назва вострава Саваі стала крыніцай іншых легенд пра Гаваікі.
У XII - XVI стст. астравы Самоа знаходзіліся пад кантролем танганцаў, якія былі выгнаны ў выніку паўстання.
У 1722 г. адкрыты галандскім мараплаўцам Якабам Рагевенам.
У XIX ст. астравы Самоа знаходзіліся ў цэнтры экспансіянісцкіх планаў адразу некалькіх буйных дзяржаў. У 1899 г. Германія, ЗША і Вялікабрытанія падпісалі дагавор, паводле якога заходнія астравы перадаваліся пад кантроль Германіі, а ўсходнія - пад кантроль ЗША.
25 жніўня 1914 г. новазеландскі экспедыцыйны корпус высадзіўся на востраве Уполу і заняў Заходняе Самоа. Пасля заканчэння I Сусветнай вайны Новая Зеландыя атрымала мандат для кіравання гэтай тэрыторыі.
У 1951 г. у Амерыканскім Самоа было ўведзена грамадзянскае кіраванне.
1 студзеня 1962 г. Заходняе Самоа атрымала незалежнасць. У 1997 г. гэта дзяржава была пераназваная ў Самоа.
Славутыя мясціны [правіць]
- Музей Р. Л. Стывенсана на віле Ваіліма на востраве Уполу
- Паўвостраў Малінуу ў горадзе Апія, на якім знаходзяцца магільні самоанскіх правадыроў, помнікі еўрапейскім і амерыканскім ваенным маракам
- Нацыянальны парк О-Ле-Пупу-Пуе на востраве Уполу
- Дажджавы лес на паўвостраве Тафуа
- Запаведнік Аўалу каля аднайменнай вёскі на востраве Саваі — месца размнажэння марскіх чарапах
- Нацыянальны парк Амерыканскага Самоа на востраве Тутуіла
- Забароненая гавань на паўночным узбярэжжы вострава Тутуіла