Астрамірава Евангелле

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Ostromirovo.jpg
Астрамірава Евангелле, сярэдзіна XI ст.
Остромирово Евангелие
Расійская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург

Астрамі́рава Ева́нгелле — добра захаваны рукапіс сярэдзіны XI стагоддзя, помнік рускага (усходнеславянскага) ізводу стараславянскай мовы. Да знаходкі ў 2000 годзе Наўгародскага кодэкса лічылася найстаражытнейшай кнігай, створанай на Русі, г.зн. першым помнікам царкоўна-славянскай мовы рускага (усходнеславянскага) ізводу.

Апісанне рукапісу[правіць | правіць зыходнік]

Евангелле-апракас, напісанае буйным прыгожым уставам, прычым памер літар паступова ўзрастае к канцу кнігі (ад 5 мм да 7 мм). Тэкст напісаны ў два слупкі па 18 радкоў на плошчы каля 20×24 см. Шматлікія шматколерныя буквіцы, застаўкі, выявы евангелістаў; пры напісанні тэксту выкарыстоўваецца кінавар. Рукапіс складаецца з 294 лістоў пергаменту добрае якасці. Ёсць некалькі лістоў с зашытымі разрэзамі і дзіркамі (у месцах укусаў аваднёў), якія былі да напісання тэксту[1].

Стварэнне і датаванне[правіць | правіць зыходнік]

Напісана Евангелле дыяканам Рыгорам у 1056—1057 гадах для наўгародскага пасадніка Астраміра, які ў надпісе кнігі названы «близоком» (сваяком) князя Ізяслава Яраславіча[2]. Рукапіс асабліва цікавы тым, што ў яго канцы перапісчык падрабязна расказаў пра акалічнасці і час яго стварэння:

Слава тебе г(оспод)и ц(ар)ю н(е)б(е)сьныи. яко подоби мя написати еу(ан)г(е)лие се. почахъ же е писати. Въ лет(о) .6564. А оконьчахъ е въ лет(о) .6565. Написахъ же еу(ан)г(е)лие се. рабоу б(о)жию нареченоу сущоу въ кр(е)щении иосифъ. а мирьскы остромиръ. близокоу сущоу изяславоу кънязоу. изяславоу же кънязоу тогда предрьжящоу обе власти и о(т)ца своего ярослава. и брата своего володимира. самъ же изяславъ кънязь . правлааше столъ о(т)ца своего ярослава кыеве. А брата своего столъ поручи правити близокоу своемоу остромироу нове городе. Мънога же лет(а) дароуи въсътяжавъшоумоу еу(ан)г(е)лие се. на оутешение мъногамъ д(у)шамъ кр(ь)стияньскамъ. да и емоу г(оспод)ь б(ог)ъ бл(агослове)ние с(вя)тыхъ Еванг(е)листъ. и иоана. матфеа. лоукы. марк(а). и с(вя)тыхъ прао(те)ць. Авраама. и исаака. и иякова. самомоу емоу. и подроужию его. феофане. и чядомъ ею. и подроужиемь чадъ ею. съдравьствоуите же мънога лет(а). съдрьжаще пороучение свое. АМИНЪ.

АЗЪ ГРИГОРИИ ДИякон(ъ). написахъ еу(ан)г(е)лие е. да иже горазнее сего напише. то не мози зазьрети и мьне грешьникоу. почахъ же писати м(е)с(я)ца октяб(ря) .21. на памят(ь). илариона. А оконьчах(ъ). м(е)с(я)ца. маия въ .12. на па(мя)т(ь) епифана .:. молю же вьсехъ почитающихъ не мозете кляти. нъ исправльше. почитаите Тако бо и с(вя)ты(и) ап(осто)лъ паулъ гл(агол)етъ. Бл(агослови)те. А не кленете. .:. АМИНЪ .:.

Пераклад на сучасную мову:

Слава табе, Госпадзі, Цару Нябесны, што спадобіў мяне напісаць Евангелле гэта. Пачаў жа я яго пісаць у год 6564 [ад стварэння свету; 1056 ад Н. Х.], а закончыў яго ў год 6565 [1057 ад Н. Х.]. Напісаў жа я Евангелле гэта рабу Божаму, названаму ў хрышчэнні Іосіф, а ў міры Астрамір, сваяку Ізяславу князю, Ізяславу ж князю тады трымальніку абедзвюх валасцей, і бацькі свайго Яраслава, і брата свайго Уладзіміра. Сам жа Ізяслаў князь правіў стальцом бацькі свайго ў Кіеве. А брата свайго стальцом даручыў правіць сваяку свайму Астраміру ў Ноўгарадзе. І многія гады даруй уладальніку Евангелля гэтага на суцяшэнне многім душам хрысціянскім. Дай яму, Гасподзь Бог, блаславенне святых Евангелістаў Іаана, Матфея, Лукі, Марка, і святых прабацькоў Аўраама і Ісака, і Якава самому яму і жонцы яго Феафане, і дзецям іх, і жонкам дзяцей іх. Будзьце ж здаровы многія гады, трымаючы даручанае вам. Амін.

Я, Грыгорый дыякан, напісаў Евангелле гэта. А хто лепш за гэта напіша, то не ганьбі мяне грэшніка. Пачаў жа я пісаць месяца кастрычніка 21 [дня] на памяць Іларыёна, а закончыў месяца мая у 12 [дзень] на памяць Епіфана. Малю ж усіх чытаючых, не кляніце, але выпраўляючы чытайце. Бо так і святы апостал Павел гаворыць: блаславіце, а не кляніце. Амін.

Тым самым «Астрамірава Евангелле» — найстаражытнейшы дакладна датаваны аб'ёмны рукапісны помнік, створаны на Русі. У ім, акрамя асаблівасцей агульнарускіх (агульнаўсходнеславянскіх), адлюстраваны і такія моўныя асаблівасці, якія з часам сталі характэрнымі для беларускай і ўкраінскай моў.

Згодна з найноўшымі даследаваннямі, кодыкалагічныя характарыстыкі, тэхніка мастацкага аздаблення, устаўныя і каляндарныя асаблівасці «Астрамірава Евангелля» поўнасцю адпавядаюць часу стварэння кодэкса, указанаму дыяканам Рыгорам[3].

Гісторыя знаходкі і выдання рукапісу[правіць | правіць зыходнік]

Астрамірава Евангелле. Ліст 2.
Астрамірава Евангелле. Ліст 271 адв.

У 1701 годзе рукапіс упамянуты ў вопісе маёмасці Уваскрэсенскай царквы ў складзе Верхаспаскага сабора(руск.) бел.. У 1720 годзе па загаду Пятра I евангелле было адаслана, разам з іншымі старымі кнігамі, у Санкт-Пецярбург. Пасля смерці Кацярыны II у яе пакоях рукапіс знайшоў служыўшы пры імператрыцы Я. А. Дружынін, які ў 1806 годзе падарыў яго Аляксандру I. Імператар распарадзіўся перадаць кнігу на захаванне ў Імператарскую публічную бібліятэку (зараз Расійская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург), дзе яна захоўваецца і цяпер.

Рукапіс быў упрыгожаны пераплётам-аправай з каштоўнымі камянямі, з-за чаго ледзь не загінуў: у 1932 годзе яго, разбіўшы вітрыну, украў водаправодчык. Злачынец ададраў пераплёт і закінуў рукапіс у шафу (па іншых звестках — на шафу), дзе яго неўзабаве знайшлі. Нанава пераплятаць не сталі.

З пачатку XIX стагоддзя пачалося і навуковае даследаванне рукапісу. Упершыню «Астрамірава Евангелле» было выдадзена А. X. Вастокавым у 1843 годзе з даданнем кароткай граматыкі, слоўніка і грэчаскага падрадковага тэксту. Для гэтага выдання (не факсімільнага, а наборнага) быў створан адмысловы славянскі шрыфт, які павінен быў як мага дакладней перадаваць почырк арыгінала. (Існуе рэпрынт: Wiesbaden, 1964.) Пазней выйшлі і факсімільныя выданні (чорна-белае 1883 года; каляровае падарачнае ў фармаце арыгінала: Л.: Аврора, 1988). Неаднаразова выдаваўся тэкст помніка. Значныя яго ўрыўкі ўваходзілі ў абавязковую праграму дарэвалюцыйных школ. У 1955 г. Е. Х. Трэй праводзіла рэстаўрацыю рукапісу.

Шмат у чым на аснове яго матэрыяла былі створаны сучасныя граматыкі і слоўнікі стараславянскай мовы. Помніку і яго мове прысвечана нямала даследаванняў, аднак мова рукапісу, асаблівасці яго слоўніка па-ранейшаму патрабуюць грунтоўнага вывучэння.

Мова рукапісу[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад астатніх помнікаў XI ст. у «Астраміравым Евангеллі» назіраецца правільная перадача рэдукаваных галосных гукаў буквамі ъ, ь. Гэта фанетычная асаблівасць была агульнай для стараславянскай і іншых славянскіх моў, таму ўсходнеславянскі перапісчык па традыцыі добра перадаваў яе на пісьме, хоць яна ў той час ужо знікала. Там жа, дзе ў XI ст. ўжо назіраліся адрозненні паміж стараславянскімі і ўсходнеславянскімі асаблівасцямі, перапісчык міжвольна іх змешваў. Гэта дазваляе разглядаць «Астрамірава Евангелле» як адзін з першых помнікаў стараславянскай мовы рускае (усходнеславянскае) рэдакцыі.

Астрамірава Евангелле мае выключнае значэнне для супастаўлення стараславянскіх і старажытнарускіх асаблівасцей у помніках XI ст. Тут назіраецца шэраг старажытнарускіх рыс. Да такіх рыс у першую чаргу адносіцца змяшэнне літар ѧ, ѩ, ѫ, ѭ, якімі абазначаліся насавыя галосныя, з літарамі ѹ, ю, я. У старажытнарускай мове XI ст. насавыя галосныя гукі, раней характэрныя для ўсіх славянскіх моў, ужо супалі з гукамі ѹ, ю, я. Таму Грыгорый, перапісваючы стараславянскі тэкст, не заўсёды правільна перадаваў на пісьме адпаведныя буквы. Ён піша:

  • рабѫ замест рабѹ
  • въкѹсить замест въкѫситъ
  • нѹждѫ замест нѫждѫ
  • землю замест землѭ і інш.

Замест стараславянскіх спалучэнняў ръ, лъ, рь, ль, якімі перадаваліся складовыя л і р, іншы раз ужываюцца старажытнарускія спалучэнні рэдукаваных галосных з плаўнымі л, р:

  • вьрхъ замест врьхъ
  • напълнишѧ замест наплънишѧ
  • скърбь замест скръбь і інш.

Асабліва часта ў помніку сустракаюцца старажытнарускія канчаткі дзеясловаў трэцяй асобы адзіночнага і множнага ліку -ть:

  • сѫть замест сѫтъ
  • имѫть замест имѫтъ
  • дасть замест дастъ
  • бысть замест быстъ і інш.

У Евангельскім тэксце Грыгорый паслядоўна перадае стараславянскія непоўнагалосныя формы слоў: гладъ, глава, гласъ і інш. У пасляслоўі ён карыстаецца старажытнарускімі поўнагалоснымі формамі слоў: въ новѣгородѣ, володимиръ і інш.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons

Тэкст Евангелля[правіць | правіць зыходнік]

Публікацыі аб Евангеллі[правіць | правіць зыходнік]