Астраханскі паход (1554)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Астраханскі паход 1554, паход на Астрахань вясной—летам 1554 года рускага войска пад камандаваннем ваяводы Ю.І. Пронскага-Шамякіна (30 тыс. чал.). Пасля ўзяцця Казані цар Іван Грозны вырашыў падпарадкаваць свайму ўплыву Астраханскае ханства, каб дамагчыся кантролю над усім басейнам Волгі і атрымаць прамы выхад у Каспійскае мора. Прычынай да пачатку вайсковых дзеянняў стала паланенне мясцовым ханам Ямгурчэям маскоўскіх паслоў у Астрахані. Вясной 1554 па Волзе ў бок Астрахані адправілася войска на чале з князем Пронскім. 29 чэрвеня 1554 рускі авангард пад камандаваннем князя А. Вяземскага нанёс паразу ля Чорнага вострава (раён Валгаграда) галаўному атраду астраханцаў. Пасля гэтага Ямгурчэй не стаў уступаць у новую бітву і пры набліжэнні рускіх да Астрахані збег з горада ў турэцкую крэпасць Азоў. Рускія без бою занялі Астрахань. У ёй пачаў царстваваць супернік Ямгурчэя і саюзнік маскоўскага цара — хан Дервіш-Алі.