Атол Абарырынга
| Абарырынга Abariringa |
|
| Каардынаты: | |
| Архіпелаг | Астравы Фенікс |
| Акваторыя | Ціхі акіян |
| Краіна | |
| Плошча | 9 км² |
| Насельніцтва (2010) | 24 чал. |
| Шчыльнасць насельніцтва | 2,667 чал./км² |
Абарырынга (тунг. Abariringa) або Кантон (англ.: Kanton, Canton) — атол ў групе астравоў Фенікс. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча - 9 км². Насельніцтва (2010 г.) - 24 чал.
Змест |
Гісторыя [правіць]
Той факт, што да прыбыцця еўрапейцаў на Абарырынга жылі пацукі, можа сведчыць пра тое, што ў мінулым ён наведваўся палінезійцамі або мікранезійцамі.
Атол быў адкрыты 5 жніўня 1824 г. брытанскімі кітабоямі і названы ў гонар Марыі Балкот, жонкі капітана карабля. 4 сакавіка 1854 г. каля яго рыфа пацярпела крушэнне амерыканскае кітабойнае судна "Кантон". Каманда выратавалася і дала негасціннаму кавалку сушы імя свайго карабля.
У 1850-ыя гг. Вялікабрытанія і ЗША выказалі прэтэнзіі на тэрыторыю атола, аднак ніякіх захадаў да сапраўднай анексіі не зрабілі. Сітуацыя абвастрылася толькі ў 1937 г., калі да Абарырынга адначасова падышлі экспедыцыі ЗША і Новай Зеландыі для назірання за сонечным зацьменнем. Амерыканцы адмовілі новазеландцам прадставіць якарную стаянку. Караблі нават абмяняліся стрэламі ў паветра. У выніку абедзве экспедыцыі высадзіліся на бераг, аднак іх удзельнікі амаль не кантактавалі паміж сабою.
Пасля таго, як экспедыцыі пакінулі востраў, брытанскі і амерыканскі бакі працягвалі афіцыйную сварку і нават высаджвалі на атол сваіх прадстаўнікоў. 6 красавіка 1939 г. было дасягнута пагадненне аб узаемным выкарыстанні сушы. У 1939 - 1940 гг. на атоле была пабудавана станцыя, якая павінна была забяспечваць паветраную лінію паміж ЗША і Новай Зеландыяй. У гады II Сусветнай вайны на Абарырынга быў пабудаваны аэрадром. У пасляваенны перыяд Вялікабрытанія адкрыла тут паштовае аддзяленне.
У 1960 - 1976 гг. атол выкарыстоўваўся амерыканцамі для назірання за ваеннымі ракетнымі выпрабаваннямі. У 1976 г. амерыканскія і брытанскія прадстаўнікі пакінулі тэрыторыю Абарырынга.
У 1979 г. амерыканска-брытанскае сумеснае ўладанне было спынена. Атол перайшоў да Кірыбаці. На ім з'явілася сталае паселішча Абарырынга, якое і дало сучасную назву (назва Кантон таксама працягвае выкарыстоўвацца).
У 2010 г. атол разам з іншымі астравамі Фенікс (Кірыбаці) быў ўключаны як ахоўваемая тэрыторыя ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Прырода [правіць]
Абарырынга - класічны атол каралавага паходжання з шырокай лагунай (каля 50 км²), якая перавышае памеры сушы. Клімат экватарыяльны засушлівы. Крыніц пітной вады няма.
Наземная прырода бедная. Пераважаюць зараснікі травы і хмызняку. Дрэвы растуць толькі каля чалавечых хацін. Пасля вынішчэння большасці пацукоў адзінымі прадстаўнікамі мясцовай наземнай фаўны засталіся птушкі і крабы. Але, нягледзячы на ўмяшанне чалавека, добра захавалася прырода мясцовага каралавага рыфа.
Інфраструктура [правіць]
На Абарырынга існуе адно паселішча з той жа назвай. Яго жыхары - тунгару з астравоў Гілберта - займаюцца сельскай гаспадаркай і абмежаваным ловам рыбы. Працуе паштовае аддзяленне. Сувязь са знешнім светам падтрымліваецца праз пабудаваны амерыканцамі аэрадром (сталых рэйсаў няма) і ваеннымі, рыбалоўнымі і экспедыцыйнымі суднамі, якія дастаўляюць тубыльцам харч і ўсё неабходнае для існавання.
Колькасць насельніцтва на атоле скарачаецца (41 чал. у 2005 г. і 24 чал. ў 2010 г.). Развіццю мясцовай эканомікі замінаюць адсутнасць пітной вады (жыхары вымушаны назапашваць дажджавую вільгаць), праблемы з сувяззю і запаведны статус атола.
У 2010 г. з-за адсутнасці транспарту з харчам і вадой насельнікі Абарырынга апынуліся ў складанай сітуацыі. Дзякуючы брытанскаму яхтсмену пра гэта стала вядома амерыканскім ваенным, якія аказалі гуманітарную падтрымку.