Рангелап

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Атол Рангелап)
Рангелап
марш. Ron̄ļap, англ. Rongelap
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча7,95 км²
Найвышэйшы пункт3 м
Насельніцтва79 чал. (2011)
Шчыльнасць насельніцтва9,94 чал./км²
Размяшчэнне
11°19′ пн. ш. 166°50′ у. д.HGЯO
АрхіпелагМаршалавы Астравы
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Рангелап (Маршалавы Астравы)
Рангелап
Рангелап
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рангелап (англ.: Rongelap, маршал.: Ron̄ļap) — атол на поўначы Маршалавых Астравоў. Плошча сушы — 7,95 км². Насельніцтва (2011 г.) — 79 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Рангелап знаходзіцца ў заходнім ланцугу атолаў Ралік Маршалавых Астравоў у 664,5 км на паўночны захад ад Маджура. Бліжэйшыя атолы — Аілінгінае (13,5 км на паўднёвы захад), Рангерык (34 км на ўсход), Бікіні (117 км на паўночны захад). Большую частку Рангелапа займае лагуна (1004,32 км²), якую атачае каралавы рыф з 61 невялікім востравам. Суша займае плошчу ўсяго 7,95 км².

Клімат субэкватарыяльны пасатны. Сярэдняя тэмпература на працягу года рэдка апускаецца ніжэй за +25 °C. Засушлівы сезон суправаджаецца спякотай і недахопам прэснай вады. Жыхары Рангелапа пацярпелі ад моцнай засухі 2013 г., калі на аднаго жыхара прыходзілася толькі 0,5 — 1 л чыстай прэснай вады на дзень.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці Рангелап быў населены мікранезійцамі, продкамі сучасных маршальцаў. У 1767 г. адкрыты брытанскім даследчыкам С. Уолісам, які знайшоў на ім каля 120 тубыльцаў. У XIX ст. атол наведвалі іншаземныя гандляры і кітабоі. У 1883 г. на ім была адчынена сталая амерыканская хрысціянская місія.

У 1885 г. Рангелап трапіў пад пратэктарат Германіі. Падчас I сусветнай вайны быў захоплены Японіяй. У гады II сусветнай вайны на ім размяшчаліся японскія ваенныя аб’екты. У 1944 г. атол падвергнуўся паветранаму бамбаванню з боку ваенных сіл ЗША. У 19471986 гг. знаходзіўся пад апекай ЗША. З 1986 г. — у складзе Рэспублікі Маршалавых Астравоў.

Уздзеянне ядзерных выпрабаванняў[правіць | правіць зыходнік]

З 1946 г. на суседнім атоле Бікіні амерыканскія ваенныя праводзілі выпрабаванні ядзернай зброі. Пры гэтым практычна не звярталася ўвага на жыхароў Рангелапа і іншых атолаў, пакуль пасля выпрабавання 1954 г. тут не з’явіліся радыеактыўныя ападкі ў выглядзе белага попелу. Першапачаткова амерыканскія медыкі схавалі ад тубыльцаў праўду аб пагрозе радыяцыі, але, калі сталі выяўляцца істотныя паражэнні — апёкі рук і ног, атручванні, выпадзенне валасоў, — мясцовае насельніцтва было тэрмінова эвакуявана на атол Кваджалейн, дзе атрымала медыцынскую дапамогу. У 1957 г., калі знешні ўзровень радыяцыі зменшыўся, іх вярнулі на радзіму.

Пасля некалькіх гадоў жыцця на Рангелапе стала зразумела, што тубыльцы падвяргаюцца ўздзеянню рэшткавай радыяцыі праз выкарыстанне вады і мясцовага харчу. Гэта пацвердзілі даследаванні 1979 г. У некаторых месцах радыяцыя была нават вышэйшай, чым на Бікіні. Урад ЗША забараніў наведванне найбольш пашкоджанай паўночнай часткі атола і арганізаваў дастаўку кансерваў на Рангелап, але адмаўляў астравіцянам у перасяленні на бяспечную тэрыторыю. У 1985 г. на дапамогу рангелапцам прыйшла міжнародная грамадская прыродаахоўная арганізацыя Грынпіс. У выніку падтрыманай ёю аперацыі «Зыход» усе жыхары Рангелапа былі пераселены на Кваджалейн.

У 1996 г. і 1999 г. паміж выхадцамі з Рангелапа і ўрадам ЗША было заключана пагадненне аб паступовым вяртанні астравіцян на радзіму. Усе выдаткі на перасяленне і забеспячэнне бяспекі перасяленцаў узялі на сябе ЗША. На Рангелапе былі пабудаваны сучасныя жытлы, з’явіліся электрычнасць і каналізацыя. На населеных астравах быў зняты паверхневы пласт глебы і заменены на чысты каралавы пясок. Праект вяртання падтрымліваецца ўладамі Маршалавых Астравоў. У 2012 г. было абвешчана аб яго другой завяршальнай стадыі. Створаны спецыяльны фонд перасялення, які налічвае 10 мільёнаў долараў ЗША. Мяркуецца, што міграцыя рангелапцаў на родны атол будзе каштаваць толькі палову ад гэтай сумы. Астатнія грошы будуць выдаткаваны на падтрыманне ўзноўленай эканомікі Рангелапа.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]