Афанасій Філіповіч
Афанасій ФІЛІПОВІЧ (~1595 — 1648) — пісьменнік-публіцыст, палітычны і царкоўны дзеяч.
Змест |
Біяграфія [правіць]
Афанасій Філіповіч нарадзіўся каля 1595 года, верагодна ў Брэсце ў сям'і рамесніка. Атрымаў бліскучую адукацыю, у брацкай школе, а затым у Віленскім езуіцкім калегіуме. Некалькі год працаваў хатнім настаўнікам. У 1622 г. канцлер Леў Сапега прызначыў А. Філіповіча выхавацелем Я. Ф. Лубы, якога выдавалі за прэтэндэнта на рускі сталец. У 1627 г. стаў манахам віленскага Святадухаўскага манастыра, з 1633 г. — намеснік ігумена ў Дубойскім манастыры каля Пінска. У 1636 годзе, пасля перадачы Дубойскага манастыра езуітам, А. Філіповіч пераходзіць у Купяціцкі манастыр, адкуль восенню 1637 года адпраўляецца ў Маскву. У 1637—1638 г. А. Філіповіч быў у маскоўскага цара, дзе сведчыў аб цяжкім становішчы праваслаўных у Рэчы Паспалітай, паведаміў цару пра планы ўраду Рэчы Паспалітай. У 1637 годзе выправіўся да рускага цара паведаміць пра самазванца, якога рыхтуюць у Рэчы Паспалітай. Першым публіцыстычным творам стала пісьмо да цара Міхаіла Фёдаравіча «Гісторыя падарожжа ў Маскву».У 1640 годзе, пасля прыезду з Масквы, А. Філіповіча абіраюць ігуменам Берасцейскага Сімеонаўскага манастыра . Узначаліў барацьбу мясцовага праваслаўнага брацтва супраць уніятаў. У 1643 годзе пасля выступлення на сойме быў арыштаваны і сасланы ў Кіеў, аднак апраўданы там царкоўным судом. У 1644 годзе арыштаваны як дзяржаўны злачынца пасля перадачы рускаму паслу ліста Яна Лубы (самазванца). У турме Афанасій Філіповіч напісаў шэраг вострых публіцыстычных артыкулаў. Варшаўскую турму змяніла ссылка ў Кіеў. Спадзеючыся на амністыю мітрапаліта, звёў свае творы ў дзіны твор — «Дыярыўш». Выйшаў на волю пасля смерці мітрапаліта ў 1647 годзе. У час Казацкай вайны (1648—1651) быў расстраляны па абвінавачванні ў дапамозе казакам Хмяльніцкага. Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой.
«Дыярыуш, або апісанне праўдзівых падзей» [правіць]
Дыярыуш (у перакладзе з лацінскай мовы — дзённік) — жанр старажытнабеларускай літаратуры, у якім у храналагічнай паслядоўнасці перадаваліся падзеі грамадска-палітычнага ці прыватнага жыцця праз суб'ектыўнае ўспрыманне пэўнай асобы. Паколькі ўсё жыццё А. Філіповіч прысвяціў змаганню за правы і прывілеі праваслаўнай царквы, грамадскае і асабістае ў яго «Дыярыушы» цесна пераплецена. Твор шматпланавы па кампазіцыі. Аўтар аб'яднаў падарожныя нататкі («Гісторыя падарожжа ў Маскву»), тлумачальныя запіскі, успаміны, дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым, пасланні, пісьмы, выкрывальніцкія прамовы, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы і песні, складзеныя ў турме. Твор стракаты па стылю — апавядальная манера змяняецца заклікавай публіцыстычнасцю, дакументальныя згадкі — містычнымі карцінамі і г. д. Аўтар выступае то прапаведнікам «разумнай мернасці» ў грамадстве, то ваяўнічым абаронцам «веры праўдзівай і царквы ўсходняй грэчаскай».
У «Дыярыушы» А. Філіповіча няма кніжнай рыторыкі, да чаго часта звяртаўся ў творах яго сучаснік М. Сматрыцкі. Аўтар абапіраўся на ўласныя назіранні, на факты рэчаіснасці. Апантаны да фанатызму, надзвычай уражлівы, А. Філіповіч часам «бачыў» тое, што выходзіць за рамкі рэальнага. Так, у адной з частак «Дыярыуша» ён апісвае «борзо страшнии видоки (відовішча.— Г. Г.) на неби и земли», убачанае ім не ў сне, а на яве і ў дзень. На небе — гнеўныя хмары з войскам, пастаўленым у строй, на зямлі — сем агнёў пякельных, прыгатаваных на сем смяртэльных грахоў. «З тых огнюв … трох особ выразне видилем: нунциуша легата (пасла рымскага папы. — Г. Г.) в короне папежской. Жигмонта кроля и Сапегу гетмана, за преследоване церкви восточной барзо смутно седячих». Поруч з гэтым у «Дыярыушы» шмат дакладных апісанняў і згадак: «Мещане зась убогие з Люблина, Сокаля, Орши, Пинска, Белска, Кобриня, Берестя и з инших мест и местечек плачливе ляментуют, же юж не мают и людей, з ким бы церквей своих доходити могли!.. Ах, беда ж! Креста не принявши детки, а дарослые без шлюбов живут, а умерлых в полях, в огородах и в пивницах потаемне в ночи погребают!.. Над турецкую неволю, тут в панстве христианском православные люде болшую неволю терпят и мают! Бо оршане бедные за тое, што в братстве своем новую церков збудовали, двесте червоных золотых подканцлерому за печать давали…»
Твор быў складзены як зборнік публіцыстыкі і выйшаў у 1646 г. У ім былі змешчаныя падарожныя і тлумачальныя запіскі, успаміны і дзённікі, аўтабіяграфічны нарыс, паданні і містычныя прывіды, пасланні і лісты, выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты. А. Філіповіч выступаў за адраджэнне праваслаўнай царквы і саюз з Расіяй, крытыкаваў палітыку Рэчы Паспалітай і магнатаў краіны.
Кананізаваны царквой паміж 1658 г. і 1666 г. Яго мошчы знаходзяцца ў Брэсце. У памяць пра Афанасія Філіповіча пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, царква ў Гродзенскім Свята-Барыса-Глебскім манастыры (не захавалася).
Свята-Афанасьеўская царква [правіць]
У цэнтры вёскі. Пабудавана на мяжы 19—20 ст. з дрэва, на месцы гібелі Афанасія Філіповіча ў 1648 г. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкома храм перададзены ў падпарадкаванне Рускай праваслаўнай царквы. Падноўлены намаганнямі прыхаджан у 1988 г. У верасні 1995 г. храм наведаў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II. Блаславеннем Св. Сінода пачалося фарміраванне мужчынскага манастыра ў імя прападобнага пакутніка Афанасія Брэсцкага (Філіповіча). Царква — помнік народнага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана з сасновага бруса на падмурку. Выразнасць будынка дасягаецца падоўжна-восевым спалучэннем розных па памерах зрубаў выцягнутага бабінца з прытворам і крыжовай у плане малітоўнай залы, плаўным спалучэннем іх 2-схільных дахаў. Над сяродкрыжжам уздымаецца высокі гранёны шацёр з макаўкай. Макаўкамі завершаны і 3-вугольныя франтоны крылаў крыжа, апсіда і бабінец, што стварае партатыўнае маляўнічае залачонае 5-купалле. Па тыпу сялянскай хаты галоўны фасад завершаны 3-вугольным франтонам, ашаляваным «у вугал» і ахопленым разнымі падзорамі; па цэнтры франтона размешчаны абраз прападобнага Афанасія Філіповіча. Фасады ашаляваны гарызантальна, цокальная частка — вертыкальна. Уваход вылучаны 4-слуповым ганкам пад 2-схільным дахам. У інтэр'еры апсіда вылучана шырокай кілепадобнай аркай. 1-ярусны драўляны іканастас у неарускім стылі; царскія вароты, арачныя рамы абразоў размежаваны карынфскімі калонкамі, завершаны кілепадобнымі франтончыкамі. Галерэя хораў падтрымана бакавымі ўвагнутымі кранштэйнамі.
Помнік у Брэсце [правіць]
У кастрычніку 2005 года на праспекце Машэрава каля сабора Сімеона Стоўпніка быў усталяваны помнік «нябеснаму заступніку» Брэста Афанасію Брэсцкаму (Філіповічу). Скульптар Алеся Гуршчанкава.
Літаратура [правіць]
- Коршунов А. Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. — Мн., 1965.
- Прашковіч М. Слова пра Афанасія Філіповіча // Полымя. — 1965. — № 12. — С.174-177.
- Cаверчанка І. Aurea medioсritas. Кніжна-пісьмовая культура Беларусі: Адраджэнне і ранняе барока. — Мн., 1998. — С. 170—173.
- Філіповіч Афанасій // Мысліцелі і асветнікі Беларуси. Х — ХІХ стагаддзі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — С. 325—326 .
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі "Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы". — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. ISBN 985-417-858-7. С. 57.
Спасылкі [правіць]
- http://www.ortho-rus.ru/cgi-bin/ps_file.cgi?1_100
- http://slovo.ws/izlog/bel/Afanasii_Filipovich
- http://literatura.at.tut.by/filipovich.html
- http://poznau.net/belkp-filinovich/
