Аэрапорт Вена-Швехат

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Вена-Швехат (ням.: Flughafen Wien-Schwechat) або Венскі міжнародны аэрапорт (англ.: Vienna International Airport) (IATA: VIE, ICAO: LOWW) — аэрапорт, размешчаны ў 18 км на паўднёвы ўсход ад Вены, з'яўляецца самым загружаным аэрапортам Аўстрыі. Назва «Вена-Швехат» або проста «Швехат» паходзіць ад бліжэйшага гарадка, Швехат. Аэрапорт можа прымаць шырокафюзеляжныя самалёты, такія як Boeing 747 і Airbus A340. Аэрапорт Вена-Швехат з'яўляецца хабам для Austrian Airlines і яе падраздзяленняў, а таксама для лоў-кост авіякампаніі Niki. У 2008 годзе на цырымоніі World Airport Awards аэрапорт Вена-Швехат быў прызнаны лепшым аэрапортам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова пабудаваны як ваенны аэрапорт у 1938 годзе, у 1945 ён быў узяты пад кантроль брытанскімі ўладамі. У 1954 быў заснаваны Betriebsgesellschaft, і аэрадром у Швехат замяніў венскі аэрапорт Асперн у якасці асноўнага аэрапорта краіны. У гэты час была толькі адна ўзлётна-пасадачная паласа, якая ў 1959 была павялічана да 3 000 метраў. Будаўніцтва новага будынка аэрапорта пачалося ў 1960. У 1972 годзе была пабудавана другая ўзлётна-пасадачная паласа.

Аэрапорт двойчы прымаў алімпійскія каманды, бо Аўстрыя двойчы прымала Зімовыя Алімпійскія гульні. Ян Павел II таксама карыстаўся аэрапортам у час яго наведванняў Аўстрыі. 27 снежня 1985 года білетная каса El Al падвергнулася нападу палесцінскіх тэрарыстаў.

Тэрміналы[правіць | правіць зыходнік]

На сённяшні дзень у Венскім міжнародным аэрапорце функцыянуюць тры тэрміналы: асноўныя Тэрміналы 1 і 2 і часовы тэрмінал (1A), пабудаваны для абслугоўвання лоў-кост авіякампаній. У 2006 годзе пачалося будаўніцтва новага тэрмінала, SKYLINK, які павінен дапамагчы аэрапорту спраўляцца з больш высокімі аб'ёмамі пасажырскіх перавозак (у 2007 - 18,9 млн пасажыраў у год). Гэты новы тэрмінал таксама зможа абслугоўваць вялікія самалёты, такія як Airbus A380.

Тэрмінал 1 абслугоўвае ўсе мясцовыя рэйсы Austrian Airlines, а таксама Star Alliance і іх партнёраў. Акрамя таго, гэты тэрмінал таксама прымае рэйсы Emirates.

Тэрмінал 1A абслугоўвае авіякампаніі Niki, Air Berlin, Germanwings, і іншыя лоў-кост авіякампаніі.

Тэрмінал 2 абслугоўвае Air France, Iberia, British Airways, Sky Europe, Qatar Airways і інш.

Аператарамі ўсіх тэрміналаў з'яўляюцца Fraport, Vienna Airport Handling, Swissport і Austrian Airlines.

Пасля адкрыцця SKYLINK Austrian Airlines і яе партнёры будуць абслугоўвацца ў новым тэрмінале.