Аўтаномія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Аўтаномія (ад грэч. autonomia ад autos — сам + nomos — закон) — самастойнае ажыццяўленне дзяржаўнай улады ці кіравання, якое дадзена канстытуцыяй якой-небудзь частцы дзяржавы. Найчасцей будуецца паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага прынцыпу і можа мець розны статус (рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нацыянальная ці рэлігійная супольнасць).

Беларусь аўтаномных адзінак не мае. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў іншых краінах свету (напрыклад, у Вялікабрытаніі, Швейцарыі) і надаецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нацыянальнымі супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

Нацыянальна-культурныя аўтаноміі ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Існуе таксама нацыянальна-культурная аўтаномія — свабоднае, самастойнае функцыянаванне і развіццё нацыянальных культур асобных этнічных супольнасцей. Яна грунтуецца на канстытуцыі ці іншых заканадаўчых актах краіны і можа існаваць у форме нацыянальных саветаў, школ, культурна-асветных устаноў і інш. У Беларусі ў 1920—-1930-я гады ў месцах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцей дзейнічалі нацыянальныя сельскія і местачковыя Саветы з правамі аўтаноміі: 23 польскія, 23 яўрэйскія, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія нацыянальныя саветы, а таксама Койданаўскі польскі нацыянальны раён; дзейнічалі нацыянальныя дамы, хаты-чытальні, тэатры, мастацкія студыі, літаратурныя аб’яднанні; выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нацыянальных меншасцей. У канцы 1930-х гадоў усе формы нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў БССР спынілі існаванне.

Іх адраджэнне пачалося ў канцы 1980-х гадоў. Створаны Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», беларускія аб’яднанні яўрэйскіх арганізацый і суполак, Беларускае згуртаванне татар-мусульман «Аль-Кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны і культурна-асветныя ўстановы, выходзяць перыядычныя выданні на мовах асобных нацыянальных супольнасцей краіны.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7