Аляксей Яўлампавіч Туранкоў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Туранкоў)
Аляксей Яўлампавіч Туранкоў
Асноўная інфармацыя
Дата нараджэння 21 студзеня 1886(1886-01-21)
Месца нараджэння
Дата смерці 27 верасня 1958(1958-09-27) (72 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Краіна
Месца працы
Музычная дзейнасць
Прафесіі кампазітар
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксе́й Яўла́мпавіч Туранко́ў (9 (21) студзеня 1886, Санкт-Пецярбург, Расія — 27 верасня 1958, Мінск) — беларускі кампазітар.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Аляксей Туранкоў у моладасці

З шматдзетнай сям’і дворніка. У 1892 годзе пасля раптоўнай смерці бацькі трапіў у гарадскі прытулак для дзяцей-сірот. У 1895 годзе — у школу т. зв. «салдацкіх дзяцей» пры адным з армейскіх палкоў, дзе вучыўся граць на духавых інструментах, скрыпцы і фартэпіяна. Быў прыхаджанінам палкавой царквы, спяваў у царкоўным хоры. У 1901 годзе (па рэкамендацыі рэгента) накіраваны на трохгадовыя курсы па падрыхтоўцы рэгентаў пры Імператарскай Прыдворнай пеўчай капэле, вывучаў музычна-тэарэтычныя прадметы (гармонію і контрапункт) у А. К. Лядава, наведваў рэгенцкі курс М. А. Сакалова. Адначасова залічаны ў школу прапаршчыкаў. У 1904—1909 гадах  радавым салдатам адбываў вайсковую павіннасць. У 1909—1911 гадах зарабляў прыватнымі ўрокамі, спяваў у рэстаранах і царкоўным хоры. Страціў усіх родных — маці, 8 братоў і сясцёр. У 1911 годзе паступіў у Пецярбургскую кансерваторыю на кампазітарскі курс А. К. Лядава, але неўзабаве пакінуў яе, бо не меў сродкаў плаціць за навучанне. Уладкаваўся альтыстам у першакласны сімфанічны аркестр Паўлаўска (цяпер тэрыторыя Пушкінскага раёна Санкт-Пецярбурга) пад кіраўніцтвам кампазітара і дырэктара Пецярбургскай кансерваторыі А. К. Глазунова. Пры падтрымцы апошняга зноў паступіў (з правам бясплатнага навучання) на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі. У 1914 годзе мабілізаваны на фронт.

Дэмабілізаваўся ў Гомелі, дзе ў 1918—1919 гадах удзельнічаў у заснаванні музычнай школы і Народнай кансерваторыі (у 1920 годзе ператворана ў Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й ступені, у 1921 — у Дзяржаўны музычны тэхнікум), працаваў у гарадскім сімфанічным аркестры, загадваў музычнай секцыяй гарадскога аддзела народнай адукацыі, кіраваў самадзейнымі харавымі калектывамі. У 1934 годзе пераехаў у Мінск, працаваў артыстам аркестра радыёкамітэта, альтыстам у сімфанічным аркестры[2]. У 1938 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР першага склікання. Атрымаў ганаровае званне Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1940).

28 чэрвеня 1941 года пры спробе пакінуць горад разам з жонкай (В. І. Фалькоўскай) абстраляны нямецкім дэсантам. Жонка загінула, ён, паранены, вярнуўся дамоў, жыў у цешчы (медсястры Н. М. Фалькоўскай). У 1941—1944 гадах працаваў у Выдавецтве школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску і выдавецтве Канстанціна Езавітава ў Рызе.[3] У 1943 годзе пабраўся шлюбам з Ксеніяй Якаўлеўнай Ваўчок.

Падчас няўдалай аперацыі па вываду кампазітара з горада да партызан быў схоплены і расстраляны сувязны партызанскага атрада. За гэта Туранкоў арыштаваны 22 чэрвеня 1944 года ў Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 23.6.1945 года як «памагаты нямецкіх акупантаў» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа, дзе, паводле сведчання Антона Царанкова, ледзь не загінуў ад голаду. Вызвалены, напэўна, да 1947 года. Паводле іншых звестак, знаходзіўся ў лагерах да 14 жніўня 1954 года.[4] Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 21.10.1959 года.[5]

Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песні, хору, раманса ў беларускай музыцы. Аўтар опер «Кветка шчасця» (лібрэта Вольгі Барысевіч, Петруся Броўкі і Пятра Глебкі, пастаўлена ў 1939 годзе), «Яснае світанне», балета «Лясная казка». Напісаў музыку да многіх драматычных спектакляў («Пінская шляхта» і інш.) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень.

Асаблівае значэнне ў яго творчасці мае опера «Кветка шчасця», якая вызначаецца паэтычнасцю, лірызмам, сувяззю з нацыянальным музычным фальклорам, дакладнасцю музычных характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасціпным народным гумарам[6].

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 29 студзеня 2023.
  2. Забытыя партытуры Аляксея Туранкова прачыталі ў Гомелі. 26.03.2016
  3. Ю. Туронак (2002)
  4. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946—2009 гг. / Ред. тома У. Навіцкі. Мінск, 2011. С. 143.
  5. Л. Маракоў (2003)
  6. Дз. Жураўлёў (БелЭн, 2003)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]