Ельня (балота)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Балота Ельня)

Балотны масіў Ельня — адзін з буйнейшых ў Беларусі комплексаў верхавых і пераходных балот са шматлікімі азёрамі, якія прыдаюць разнастайнасць аднатоннаму ландшафту. Для аховы створаны заказнік Ельня.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Па ўсім балоце раскіданы невялікія астравы, пакрытыя драбналістымі і яловымі лясамі. Большая частка балотнага масіву зарасла невысокай хвояй, але сустракаюцца і даволі значныя адкрытыя ўчасткі са шматлікімі дробнымі азёрамі і вокнамі чыстай вады. Расліннасць на балотнай частцы заказніка характэрная для верхавых балот і прадстаўлена хваёва-хмызнякова-сфагнавымі і хмызнякова-сфагнавымі супольнасцямі.

Балота Ельня размешчана на водападзеле рачных басейнаў. Цэнтральная яго частка ўзвышаецца над перыферыйнымі ўчасткамі на 7 метраў. Глыбіня тарфяной залежы ў сярэднім складае 3.8, а месцамі дасягае 8.3 метра. З балотнага масіву выцякаюць тры ракі, а ў яго не ўпадае ніводнай. На тэрыторыі балота налічваецца больш за 100 азёр, якія ўяўляюць сабой рэшткі існаваўшага некалі аднаго вялікага возера. Большасць з іх злучана паміж сабой рэкамі і пратокамі. Аснову воднага сілкавання балота складаюць грунтовыя воды і ападкі.

У выніку меліярацыі прылягаючых тэрыторый і часткі балота адбыліся істотныя змены гідралагічных умоў комплексу. Пракладка шматлікіх каналаў і выраўноўванне рэк прывялі да зніжэння ўзроўню грунтовых вод, што стала адной з асноўных прычын практычна штогадовых буйных пажараў на балоце.

У сувязі з цяжкай даступнасцю і спецыфікай ландшафтаў (каля 60 % лесу расце на балоце, а самі лясы характарызуюцца нізкай прадукцыйнасцю) тэрыторыя выкарыстоўваецца чалавекам абмежавана. Лесаэксплуатацыйныя работы вядуцца ў асноўным па перыферыі балотнага масіву і на мінеральных астравах, сельскагаспадарчая дзейнасць адсутнічае. Тэрыторыя выкарыстоўваецца як для прамысловых нарыхтовак, так і для аматарскага збору грыбоў і ягад. На азёрах мясцовае насельніцтва ловіць рыбу.

Панарама балота з экалагічнай сцежкі

Фаўна і флора[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі заказніка сустракаецца 98 відаў птушак, 23 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Характэрная рыса балотнага масіву Ельня — наяўнасць разрэджаных калоній кулікоў на балоце і шматлікіх калоній чайкавых на азёрах. Ельня — месца гнездавання птушак, тыповых для комплексаў верхавых балот: чорнаваллёвага гагача (Gavia arctica), пардвы (Lagopus lagopus), залацістай сеўкі (Pluvialis apricaria), сярэдняга кулона (Numenius phaeopus), стучка (Lymnocryptes minimus) і куліка-селянца (Tringa nebularia). Рэдкія для Беларусі ўвогуле, яны сустракаюцца тут у значнай колькасці. Акрамя іх на балоце гняздуюцца дзербнік (Falco columbarius) і арол-вужаед (Circaetus gallicus). Колькасць найбольш рэдкіх і значных відаў птушак прыведзена ў табліцы.

Балотны масіў Ельня мае вялікае значэнне як месца прыпынку мігрыруючых гусей, качак і жураўлёў на вясновых і восеньскіх пралётах. У гэты час на вадаёмах звычайныя і шматлікія гусі-гуменніцы (Anser fabalis), белалобыя гусі (Anser albifrons), качкі-свіцьвы (Anas penelope), качкі-чыркі (Anas querquedula); сустракаюцца таксама шэрая гусь (Anser anser), гусь-піскулька (Anser erythropus), качка-шылахвостка (Anas acuta), савукі (Mergus).

Расіца круглалістая
Расіца круглалістая

З раслін, якія растуць на тэрыторыі балота і на мінеральных астравах, 11 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Сярод іх і рэдкія для Беларусі бяроза карлікавая (Betula nana) і марошка прысадзістая (Rubus chamaemorus). Фаўна наземных пазваночных уключае 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў, 31 від млекакормячых (большасць з іх пражывае на перыферыйных участках балота ці наведвае яго ў пошуках корму). Адзначаецца высокая колькасць гадзюкі звычайнай (Vipera berus).

Неспрыяльныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

Паніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку пракладання каналаў сярод балота, выраўноўвання рэк і асушэння перыферыйных участкаў балота. Парушэнне гідрарэжыму прыводзіць да пачашчэння пажараў, змянення відавога саставу флоры, зарастання адкрытых участкаў балот хмызнякамі і лесам.

Выпальванне расліннасці і пажары. Пажары і паніжэнне ўзроўню грунтовых вод аказваюць істотны ўплыў на стан папуляцый птушак, якія тут гняздуюцца і спыняюцца падчас міграцый. У першую чаргу, у выніку пажараў змяншаецца плошча тыповых балотных экасістэм, а знішчэнне журавін значна змяншае кармавую базу для многіх відаў птушак.

Фактар неспакою. У апошнія гады рыбаловы і паляўнічыя пачалі ўсё часцей наведваць азёры. Гэта прыводзіць да разбурэння гнёздаў многіх відаў птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу. Балота пачынае губляць сваю значнасць як месца канцэнтрацыі мігрыруючых гусей і жураўлёў. Адна з прычын такога становішча — зніжэнне ўзроўню грунтовых вод, што зрабіла балота больш даступным для чалавека вясной.

Нерэгламентаваны збор журавін прыводзіць да сур'ёзнага пашкоджання наглебавага покрыва і з'яўляецца яшчэ адным фактарам парушэння спакою жывёл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org


Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]