Балтыйскае мора
З Вікіпедыя.
Балты́йскае мо́ра: унутрымацерыковае мора Атлантычнага акіяна. Амывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучаецца з Паўночным морам праз Дацкія пралівы і Кільскі канал.
Плошча 419 тыс. км². Найбольшая глыбіня 470 м, пераважаюць глыбіні 40-100 м. Тэмпература вады летам 18-20 °C, зімой — ад 1 да 3 °C, каля берагоў ніжэй за 0 °C. Салёнасць вады нізкая: на захадзе 11 ‰, у цэнтральнай частцы 6-8‰. Прылівы да 0,1 м, характэрны згонна-нагонныя ваганні узроўню вады ля берагоў да 1,5-3 м. Буйныя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Берагі на поўдні нізкія, паўночныя моцна парэзаны. Шмат астравоў, найбольшыя — Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Борнхальм, Аландскія.
Асноўныя порты: Санкт-Пецярбург, Талін, Рыга, Клайпеда, Калінінград, Гданьск, Ростак, Кіль, Капенгаген, Мальмё, Стакгольм, Турку, Хельсінкі і інш.
На узбярэжжы вядомы буйныя запасы бурштыну. Курорты Сопат, Юрмала, Паланга і інш..

