Батам

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Батам
індан. Batam
Горад Батам
Горад Батам
Характарыстыкі
Плошча715 км²
Насельніцтва1 153 860 чал.
Шчыльнасць насельніцтва1 613,79 чал./км²
Размяшчэнне
1°05′ пн. ш. 104°02′ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Батам (Інданезія)
Батам
Батам
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бата́м (індан.: Batam) — востраў-муніцыпалітэт на поўдзень ад Сінгапура. Уваходзіць у склад інданезійскага архіпелага Рыау. Плошча — 715 км². З’яўляецца найбуйнейшым населеным пунктам правінцыі Рыау. Насельніцтва (2010 г.) — 1 153 860 чал., пераважна кітайцы і малайцы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што першыя насельнікі з’явіліся на востраве Батам у 231 г. н. э. У канцы XIV — пачатку XV ст. яго занялі малайцы. Батам уваходзіў у склад дзяржавы Тамасек з цэнтрам у Сінгапуры. У 1814 г. востраў быў абвешчаны валоданнем Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. У 1824 г. ён быў перададзены пад кіраванне Галандскай Ост-Індскай кампаніі. У 1949 г. увайшоў у склад Інданезіі.

Карта вострава

Доўгі час Батам заставаўся маланаселеным. Мясцовыя жыхары жылі пераважна на ўзбярэжжы, захоўвалі традыцыйны лад, займаліся земляробствам і рыбалоўствам. Але ў 1970-ых гг. тут быў пабудаваны порт. Востраў быў абвешчаны зонай бязмытнага гандлю. Дзякуючы інвестыцыям з суседняга Сінгапура на ім развіваліся прамысловасць і турызм. Эканамічны крызіс 1990-ых гг. на некаторы час прыпыніў хуткія эканамічныя змены, але ў пачатку XXI ст. імклівы рост працягваўся.

У наш час большая частка вострава ўяўляе сабою гарадскую агламерацыю. Карэнная меншасць працягвае займацца земляробствам і рыбалоўствам. Большасць насельніцтва сфарміравана за апошнія дзесяцігоддзі ў выніку міграцыі з суседніх рэгіёнаў Інданезіі. Перасяленцы і іх нашчадкі ўцягнуты ў працу на прамысловых, гандлёвых і турыстычных прадпрыемствах.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Батам адрозніваецца сярод раёнаў Інданезіі найбольш хуткім эканамічным і дэмаграфічным ростам. Блізкасць суседняга Сінгапура і Малайзіі, а таксама танная працоўная сіла дазваляюць паспяхова развіваць на ім суднабудаванне, машынабудаванне, вытворчасць электронікі. Значная частка працоўнай сілы ўцягнута ў сферы абслугоўвання, у тым ліку ў турызме. Пераважна Батам наведваюць сінгапурцы, выхадцы з іншых рэгіёнаў Інданезіі і іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі.

Славутыя мясціны[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Батам вядомы сваімі пляжамі. З ростам горада многія пляжныя курорты пераносяцца на суседнія астравы. Батам таксама прыцягальны для аматараў гольфу, шопінгу, бяздзейнага начнога жыцця, таннай секс-індустрыі. Найбольш значная славутасць — мясцовы батанічны сад.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]