Бацынет

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Рэканструкцыя бацынета. Уздоўж края звона відаць незанятыя дзяржанні для мацавання барміцы.
Бацынет з заслонай"сабачая пыса".
Рэканструкцыя бацынета, паказана з падшлемнікам.

Бацыне́т, басінет, баскінет (ад памянш. ад basin міса), цяжкі шлем-шалом формы стажка або разадзьмутага конуса, ва ўдасканаленых варыянтах — з падоўжанымі ззаду і з бакоў краямі. Бацынеты з незафіксаванымі дадатковымі аховамі твару залічваюцца, паводле некаторых класіфікацый, у шлемы-прылбіцы[1].

Бацынеты былі альтэрнатыўнай «вялікім шлемам» лініяй развіцця простых шаломаў, пэўны час (14 ст.) суіснавалі, і практычна выцяснілі «вялікія шлемы» пад канец 14 ст. У сваю чаргу, былі выцеснены саладамі на працягу 1-й пал. 15 ст., але бацынеты-прылбіцы сустракаліся ў Еўропе яшчэ ў канцы 15 — пач. 16 ст.

У ВКЛ бацынеты былі вядомыя не пазней за 14 ст., і асабліва шырока распаўсюдзіліся масавымі пастаўкамі ўзбраення з Польшчы ў час абвастрэння ваеннага процістаяння з Тэўтонскім ордэнам, у канцы 14 — пач.15 ст. Бацынеты-прылбіцы сустракаліся ў Рэчы Паспалітай яшчэ ў канцы 16 ст.[1]

Тыповы позні (14 ст.) бацынет закрываў, апроч верху галавы, значную частку бакоў галавы і патыліцы, мог мець дадатковыя элементы аховы твару (напр., рухомы наноснік), або напаўзакрытую форму з візурай (зрокавай шчылінай), і сустракаўся з шыйнымі элементамі даспеха кальчужным каптуром або барміцай.

Не пазней першых дэкад 14 ст. на бацынетах з'явіліся разнастайныя рухомыя, але не зафіксаваныя заслоны, спачатку на адным лобным, потым на пары скроневых шарніраў: «цыбуліна» (паўкруглая), англійская, «сабачая пыса» (ням.: Hundsgugel) і інш.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Бохан. Зброя…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Helmet // Encyclopaedia Britannica, 11th edition, 1911.
  • Basinet // Encyclopaedia Britannica, 11th edition, 1911.
  • Бохан Ю. Зброя Вялікага княства Літоўскага 1385 — 1576 / Ю. Бохан. — Мн.: Беларусь, 2003. — 88 с.:іл. ISBN 985-01-0469-4.


Commons