Беавульф
«Беавульф» (англ.: Beowulf) — стараанглійская эпічная паэма з 3182 радкоў, напісаная алітэраваным вершам на стараанглійскай мове.
Назва паэмы, «Беавульф», з'яўляецца ўмоўнай, бо ў рукапісе тэкст не мае загалоўку. Адзначаецца[1], што ў стараанглійскай мове спалучэнне літар eo чыталася як дыфтонг [eo] ці [eʊ].
|
Датаванне[правіць]
Магчымая дата стварэння паэмы строга абмежаваная знізу пачаткам 6 стагоддзя (час згаданай у тэксце гібелі конунга Хігелака), а зверху — першаю чвэрцю 11 стагоддзя (не пазней гэтага часу быў створаны вядомы нам манускрыпт паэмы). У гэтых, даволі шырокіх, рамках на карысць кожнага стагоддзя выказваліся пэўныя аргументы. Калі распаўсюджанае датаванне паэмы 8 стагоддзем слушнае, то найбольш верагоднае месца яе стварэння — Нартумбрыя ці Мерсія.
Рукапіс[правіць]
Адзіны рукапіс паэмы, які дайшоў да нас, датуецца прыблізна 1000 годам і створаны, відавочна, двума перапісчыкамі. Разам з рукапісам паэмы Юдыт і некалькімі празаічнымі тэкстамі ён уваходзіць у гэтак званы кодэкс Cotton Vitellius A. xv, які захоўваецца зараз у Брытанскай бібліятэцы. У 1731 годзе рукапіс, які захоўваўся тады ў Котанавай бібліятэцы, быў значна пашкожданы пажарам. У 1786 годзе ісландскі даследчык Грымур Ёнсан Торкелін перапісаў тэкст паэмы і замовіў яшчэ адну копію перапісчыку. З таго часу рукапіс паэмы быў дадаткова разбураны (працягвалі абсыпацца пашкоджаныя агнём часткі аркушаў), таму сёння копіі Торкеліна з'яўляюцца важнаю дадатковаю крыніцаю тэксту паэмы.
Гісторыя пра Беавульфа[правіць]
Паэма апісвае ўчынкі геацкага героя Беавульфа (яго імя перакладаецца, верагодна, як «пчаліны воўк», г.зн. «мядзведзь»).
Пачынаецца паэма з таго, як дацкі конунг Хродгар загадаў збудаваць вялікі харом Хэарат для баляванняў. Шум весялосці, музыка і песні ў палацы раз'юшылі Грэндэля, пачварнага людажэра, які жыў непадалёк. Грэндэль пачынае нападаць на Хэарат, пажыраючы воінаў. Даны не могуць зладзіць з пачвараю ды пакідаюць палац. Пачуўшы пра гэта, малады Беавульф, пляменнік геацкага конунга Хігелака, прыходзіць са сваімі воінамі на дапамогу данам. Ён абяцае адолець Грэндэля голымі рукамі, і гэта аказваецца шчасліваю здагадкаю, бо той заварожаны супраць зброі. Беавульф адрывае людажэру руку, і той ледзьве збягае прэч. Радасць данаў з нагоды гэтае перамогі аказваецца заўчаснай: Грэндэлева жудасная маці прыходзіць помсціць за сына і забівае аднога з райцаў конунга. Малады герой згаджаецца спусціцца ў падводны дом пачвараў, і там забівае маці Грэндэля. Там жа ён знаходзіць памёрлага ад раны Грэндэля, і забірае з сабою ягоную галаву.
Шчодра адораны Хродгарам, Беавульф вяртаецца на радзіму і праз пэўны час робіцца конунгам свайго народу. Праз шмат гадоў, у часы Беавульфавай старасці, нейкі неразумны вор выкрадае залатую чашу са скарбніцы магутнага цмока. Раз'юшаны цмок пачынае знішчаць усё вакол, і Бэавульф разам са сваімі воінамі выходзіць біцца з ім. Толькі адзін з дружыннікаў, Віглаф, аказваецца дастаткова стойкім, каб разам з гаспадарам выйсці супраць цмока. Разам два воіны забіваюць пачвару, але Бэавульф і сам памірае ад ранаў. Ягоная смерць прадвяшчае заняпад геатаў.
Беавульф у сусветнае культуры[правіць]
Пераклады[правіць]
Першы пераклад паэмы (на лацінскую мову) быў выкананы Торкелінам. На англійскую мову паэма перакладалася не менш як сотню разоў, у тым ліку Шэймасам Хіні. Па-беларуску невялікія ўрыўкі выходзілі ў часопісе «Наша Вера», №46; пазней некалькі першых раздзелаў паэмы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў», №38 (у абодвух выпадках пад загалоўкам «Бэўвульф»).
У навейшай літаратуры[правіць]
- Джон Гарднер выкарыстаў сюжэт паэмы ў сваім рамане «Грэндэль» (1971)
- «Беавульф» аказаў вялікі ўплыў на творчасць Джона Толкіна, у прыватнасці на казку «Хобіт» (1937)
У кінематографе[правіць]
- 2005: фільм «Беавульф і Грэндэль» — вольная варыяцыя на тэму паэмы.
- 2007: анімацыйны фільм «Беавульф» — таксама вольная трактоўка.
Спасылкі[правіць]
Зноскі
- ↑ Peter S. Baker. Introduction to Old English (Oxford: Blackwell, 2003)
