Беларуская Праваслаўная Царква
Беларуская Праваслаўная Царква (другая афіцыйная назва — Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату) — кананічнае царкоўна-адміністрацыйнае аб'яднанне праваслаўных епархій ў межах Беларусі.
Гісторыя [правіць]
Гісторыя беларускай царквы бярэ пачатак з заснавання ў 992 г. Полацкай епархіі. Да XIII ст. Беларуская праваслаўная царква складалася з 2 епархій: Полацкая і Тураўская (1005 г.), якія ўваходзілі ў Кіеўскую мітраполію. У сувязі з раздзяленнем гэтай метраполіі на праваслаўную царкву ў межах Маскоўскага княства і праваслаўную царкву ВКЛ (Літоўская мітраполія, 1316 г.) Полацкая, а з 1347 г. і Тураўская епархіі ўвайшлі ў склад апошняй. У 1459 г. адбылося канчатковае аддзяленне Кіеўскай (Літоўска-Навагрудскай) мітраполіі ад Маскоўскай. У сярэдзіне XVI ст. ў склад Літоўска-Навагрудскай мітраполіі (цэнтр у Навагрудку, потым у Вільні) уваходзіла 10 епархій:
- Полацкая
- Тураўская з кафедрай у Пінску
- Смаленская
- Чарнігаўская
- Галіцкая
- Пярэмышльская
- Холмская
- Луцкая
- Уладзімір-Валынская.
Вядомыя літоўска-наваградскія мітрапаліты:
- Грыгорый Балгарын (1458—1475 гг.)
- Міхаіл (1475—1480 гг.)
- Сімяон (1481—1488 гг.)
- Іона Глезна (1492—1494 гг.)
- Макарый (1495—1497 гг.)
- Іосіф І Балгарыновіч (1498—1501 гг.)
- Іона ІІ (1503—1507 гг.)
- Іосіф Солтан (1508—1521 гг.)
- Іосіф ІІІ (1522—1534 гг.)
- Макарый ІІ (1534—1555 гг.)
- Сільвестр (1556—1567 гг.)
- Іона Пратасевіч (1568—1577 гг.)
- Ілья Куча (1577—1579 гг.)
- Анісіфар (1579—1588 гг.)
- Міхаіл Рагоза (1589—1595 гг.).
Яны знаходзіліся ў кананічных і малітоўных сувязях з Усяленскім (Канстанцінопальскім) патрыярхам. Пасля Брэсцкай уніі 1596 г. праваслаўная царква ў ВКЛ як кананічна цэлае перастала існаваць. Зноў заснавана ў 1632 г. у Магілёве. Магілёўская (Беларуская) епархія была адзінай праваслаўнай епархіяй у межах Беларусі да канца XVIII ст. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. заснавана Мінская епархія. У 1833 г. адноўлена Полацкая, створаны Віленская (1840 г.) і Гродзенская (1900 г.) епархіі. У Брэсце, Беластоку, Слуцку, Гомелі, Коўне і Дзвінску існавалі кафедры вікарных епіскапаў. Усе епархіі ўваходзілі ў склад Грэка-расійскай царквы і знаходзіліся пад юрысдыкцыяй Свяцейшага кіруючага Усерасійскага Сінода. Да пачатку 1-й паловы сусветнай вайны ў 5 праваслаўных епархіях Беларусі былі 3552 храмы і 35 манастыроў, 3 духоўныя семінарыі. Кожная з епархій мела свае перыядычныя выданні. У Заходняй Беларусі, якая ў 1921 г. адышла да праваслаўнай епархіі (Віленская, Гродзенская і Палеская) былі ў юрысдыкцыі Польскай аўтакефальнай царквы. У БССР у 1922 г. была ўтворана Беларуская праваслаўная мітраполія на чале з мітрапалітам Мелхіседэкам Паеўскім (1920—1927), які меў тытул «мінскі і беларускі». У складзе мітраполіі знаходзіліся Мінская, Бабруйская, Мазырская і Слуцкая епархіі. Аднак рэпрэсіўная палітыка савецкіх улад у адносінах да царквы (арышты, забойствы святароў, масавае закрыццё і руйнаванне храмаў і манастыроў) прыпыніла царкоўнае жыццё. Не існавала ніводная з кананічных беларускіх праваслаўных епархій. У час акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі ў 1942 г. адноўлена 6 епархій: Мінская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Навагрудская і Смаленская. Беларускую праваслаўную царкву ўзначальваў мітрапаліт мінскі і ўсея Беларусі Панцялеймон (Ражноўскі). У канцы 1941 г. у афіцыйных царкоўных дакументах упершыню была ўжыта назва «Беларуская праваслаўная царква». У час вайны Беларуская праваслаўная царква кананічна не падпарадкоўвалася ніякай іншай царкве. Спробы належным чынам аформіць яе аўтакефалію былі беспаспяховыя. Пасля вайны кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ажыццяўлялася праз Мінска-Беларускую епархію, якая ўваходзіла ў склад Маскоўскага патрыярхата Рускай праваслаўнай царквы. Створаныя раней епархіі не аднаўляліся. Кіруючы мінскі архірэй (насіў тытул «мінскі і беларускі») ажыццяўляў кіраўніцтва непасрэдна. Кіруючыя мінска-беларускай архірэі:
- архіепіскап Васілій (Ратміраў, 1944—1945 гг.)
- мітрапаліт Піцірым (Свірыдаў, 1945—1958 гг.)
- Гурый (Ягораў, 1958—1961 гг.)
- Антоній (Крацэвіч, 16 сакавіка — 17 ліпеня 1961 гг.)
- архіепіскап Варлаам (Барысевіч, 1961—1963 гг.)
- мітрапаліты Нікадзім (Ротаў, 4 жніўня — 9 кастрычніка 1963 гг.)
- Сергей (Пятроў, 1963—1965 гг.)
- Антоній (Мельнікаў, 1965—1978 гг.)
- Філарэт (Вахрамееў, з 1978).
У 1957 г. Беларуская праваслаўная царква мела 968 храмаў, з якіх 709 былі прыходскімі, 3 манастыры, 1 духоўную семінарыю. У выніку чарговых ганенняў на царкву ў канцы 1950 — пачатку 1960-х г. засталося 369 царкоўных прыходаў і 1 манастыр; духоўная семінарыя была зачынена. У канцы 1980-х г. пачалося адраджэнне царкоўнага жыцця. Да 1992 г. адноўлена 9 епархій: Полацкая, Магілёўская, Пінская, Брэсцкая, Гомельская, Навагрудская, Гродзенская, Тураўская, Віцебская. У 2004 г. таксама адноўлена Бабруйская епархія. Усе епархіі уваходзяць у Беларускі Экзархат. Усе кіруючыя епіскапы епархій (зараз іх 11) складаюць Сінод, якому належыць вышэйшая заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада (у межах, якія дазваляе Статут РПЦ і Статут БПЦ). З пачатку сварэння Экзарахата ў 1989 г. Сінод узначальвае Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Філарэт. На пачатку 2012 г. у Беларускай Праваслаўнай Царкве наличвалася 11 епархій, 13 епіскапаў (з іх 2 вікарныя), 1 555 прыходаў, 14 мужчынскіх і 20 жаночых манастыроў, 1485 святароў, 166 дыяканаў. Царкоўныя кадры рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя, Віцебская духоўная семінарыя, Мінскае духоўнае вучылішча, Слонімскае духоўнае вучылішча, Рэгентскае вучылішча пры МінДС і іншыя адукацыяныя ўстановы. Таксама дзейнічае Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які рыхтуе тэолагаў і рэлігіяведаў. Беларускі Экзархат выдае часопісы «Веснік Беларускага экзархата», «Минские епархиальные ведомости», «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», газеты «Могилёвские епархиальные ведомости», «Преображение», «Царкоўнае слова» і іншыя.
Епархіі [правіць]
- Бабруйская і Быхаўская епархія
- Брэсцкая і Кобрынская епархія
- Віцебская і Аршанская епархія
- Гомельская і Жлобінская епархія
- Гродзенская і Ваўкавыская епархія
- Магілёўская і Мсціслаўская епархія
- Мінская і Слуцкая епархія
- Навагрудская і Лідская епархія
- Пінская і Лунінецкая епархія
- Полацкая і Глыбоцкая епархія
- Тураўская і Мазырская епархія
Спасылкі [правіць]
| Няма спасылак на крыніцы.
Адсутнасць спасылак на крыніцы выклікае недавер да інфармацыі.
Калі ласка, калі ведаеце крыніцы змешчанай у артыкуле інфармацыі, пазначце іх. |
