Гістарыяграфія гісторыі Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларуская гістарыяграфія)

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі — раздзел агульнай гістарыяграфіі, прадметам якога з'яўляецца гісторыя Беларусі.

Характэрнай праблемай раздзелу з'яўляюцца суадносіны паняццяў «беларуская гістарыяграфія» і «гістарыяграфія гісторыі Беларусі», з якіх другое больш шырокае паводле свайго сэнсу. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі вывучае арганізацыю гістарычнай навукі, даследчыцкую праблематыку (паказвае развіццё навуковага пазнання гістарычнага мінулага), тэарэтычную базу даследаванняў (выяўляе, якім чынам тыя ці іншыя тэарэтычныя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў працы даследчыка, уплываюць на фарміраванне навуковых школаў, плыняў), паказывае ўплыў палітычнай сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю даследчыка.

Гл. таксама: Гістарыяграфія гісторыі ВКЛ.

Прадмет гістарыяграфіі гісторыі Беларусі[1][правіць | правіць зыходнік]

Прадметам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з'яўляецца гісторыя вывучэння айчыннай гісторыі ў гістарычнай навуцы Беларусі. Паколькі прадмет даследавання цесна звязаны з паняццем «гістарычная навука», гістарыяграфія ўключае ў сябе два кірункі:

  1. арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых устаноў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.);
  2. дасягненні гістарычнай навукі (абагульняльныя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).

Эвалюцыя[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстаноў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб'ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблем. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніц і іх інтэрпрэтацыі, вызначэння метадалогіі даследавання, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Усё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных дысцыплінаў.

Навука[правіць | правіць зыходнік]

1920-я гг.[правіць | правіць зыходнік]

Афармленне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі як навукі пачалося ў 1920-я гады, адначасна з арганізацыяй першых навучальна-навуковых і навуковых цэнтраў у Беларусі — БДУ і Інбелкульта. Адным з заснавальнікаў дысцыпліны лічыцца акадэмік У. І. Пічэта з яго манаграфіяй «Введение в русскую историю (источники и историография)» (1922, разгляд пытання гістарыяграфічнага вывучэння Беларусі ў 19—пач. 20 ст., аналіз стану крыніцавай базы айчыннай гісторыі, параўнанне канцэптуальных падыходаў расійскіх і польскіх даследчыкаў да гісторыі Беларусі), артыкуламі ў зборніку «400-лецце беларускага друку, 1525—1925» (1924, гістарыяграфічны агляд публікацый, прысвечаных дзейнасці Скарыны), «Новые работы по истории Белоруссии» (1921, гістарыяграфічны аналіз прац польскіх гісторыкаў С. Кутшэбы, Л. Калянкоўскага і інш.), «Формы нацыянальнага і апазіцыйнага руху на Беларусі» (1924, характарыстыка айчыннай гістарыяграфіі ў кантэксце развіцця нацыянальна-рэвалюцыйнага руху), «Распрацоўка гісторыі літоўска-беларускага права ХV — XVI стст. у гістарыяграфіі» (1926, гістарыяграфія літоўска-беларускага права 15—16 ст.). Яго вучнямі былі К. Кернажыцкі, А. Бурдзейка, Т. Забэла, Дз. Дудкоў, А. Таўсталес.

Іншымі значнымі постацямі перыяду лічацца В. Д. Дружчыц (гістарыяграфія беларускага феадальнага горада), У. М. Ігнатоўскі (гістарыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі), А. І. Цвікевіч (манаграфія «„Заходнерусізм“: нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст.», 1929), М. І. КаспяровічКраязнаўства (нарысы)», 1929, аналіз трох плыняў краязнаўчага вывучэння Беларусі: польскай, рускай і беларускай).

1930-я гг.[правіць | правіць зыходнік]

У 1930-х гадах вызначальнай гістарыяграфічнай працай (не толькі беларускай, але і агульнасавецкай гістарыяграфіі) стала манаграфія В. К. Шчарбакова «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (1934), дзе было сабрана шмат гістарычных даследаванняў таго часу, але ў асноўным, жорстка крытыкаваліся публікацыі 1920-х гг. і ранейшыя, а таксама падводзілася ідэалагічная база пад безальтэрнатыўны курс развіцця навукі. Праца стала водападзелам паміж адносным ідэйным лібералізмам 1920-х і жорсткай ідэйнай аднабаковасцю 1930-х гадоў.

Гл. таксама: рэпрэсіі ў БССР, 1929-1930.

1940-я, 1950-я, 1960-я гг.[правіць | правіць зыходнік]

У 1942 У. І. Пічэта прапанаваў першы абагульняльны гістарыяграфічны агляд прац па гісторыі Беларусі (кніга «25 лет исторической науке в СССР»). Таксама ён спрабаваў стварыць сінтэтычную «Гісторыю БССР» са старажытных часоў да адмены прыгоннага права (рукапіс захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, 50 старонак займае гістарыяграфічны агляд).

Далейшы агляд развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі быў прадстаўлены А. П. П'янковым у зборніку «Наука в БССР за 30 лет» (1949), а ў артыкуле «Основные этапы в развитии белорусской историографии» П'янкоў упершыню ў беларускай гістарычнай навуцы ўзняў праблему перыядызацыі беларускай савецкай гістарыяграфіі.

У 1950-я—1970-я гады выходзілі пераважна гістарыяграфічныя агляды, якія мелі схематычны, сціслы характар — калектыўны артыкул У. М. Перцава, І. С. Краўчанкі і З. Ю. Капыскага ў зборніку «Навука ў Беларускай ССР за 40 год» (1958), асобны раздзел у брашуры А. П. Ігнаценкі «Введение в историю БССР» (1965; адно з першых, у пасляваенны час, звяртанняў да дасавецкага перыяду ў вывучэнні гісторыі Беларусі), калектыўны артыкул З. Ю. Капыскага, Я. М. Карпачова, І. С. Краўчанкі, І. Я. Марчанкі, А. Р. Мітрафанава ў зборніку «Навука БССР за 50 год» (1968), два юбілейныя гістарыяграфічныя зборнікі, у 1970 — «Достижения исторической науки в БССР за 50 лет (1919—1969 гг.)» (пад рэдакцыяй І. С. Краўчанкі і З. Ю. Капыскага), у 1979 — «Достижения исторической науки в БССР за 60 лет» (1979, новы аўтарскі калектыў: З. Ю. Капыскі, П. Ц. Петрыкаў, Л. Д. Побаль, М. В. Біч, П. А. Селіванаў, В. А. Палуян, Э. Ф. Языковіч, А. П. Купрэева і інш.).

1970-я і 1980-я гг.[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1974 г. шмат папрокаў у адрас Акадэміі навук выказаў на Пленуме ЦК КПБ 1-ы сакратар партыі П. М. Машэраў. У выступленні прагучалі абвінавачванні ў слабым кіраўніцтве працэсам даследаванняў, палітычнай няспеласці, патрабаванні партыйнай адказнасці вучонага, дакладнасці класава-палітычных пазіцый. У выступленні па сутнасці захоўваецца разуменне кіраўніцтва навукай як прамога ўмешвання партыі ў даследчы працэс.

" Аб гэтым прыходзіцца нагадваць у сувязі з тым, што ў некаторых публікацыях, у т.л. аб народных паэмах «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Ефрасінні Полацкай, Сматрыцкім, Зізаніі выявіліся адгалоскі пазакласавага аб'ектывізму, ідэалізацыі асобных багасловаў як выдатных асветнікаў "

[2]

У 1970-я гг. пачалася падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці «Гістарыяграфія і крыніцазнаўства». Была абаронена дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук (Э. Р. Іофэ, 1974).

Абагульненнем даваеннага перыяду развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі стала манаграфія У. М. Міхнюка «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.)» (1985). Вынікі навуковага вывучэння гісторыі БССР і гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі былі падведзеныя ў абагульняльнай працы У. М. Міхнюка і П. Ц. Петрыкава «Историческая наука БССР, 80-е годы» (1987).

У 1970-я — 1-й пал. 1980-х гг. пачалася гістарыяграфічная распрацоўка раду кірункаў і тэмаў беларускай гістарычнай навукі. Праблемы беларускага крыніцазнаўства даследаваў М. М. Улашчык: манаграфіі «Очерки по археографии и источниковедению истории Беларуси феодального периода» (1975) і «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» (1985). Адным з першых і дасюль актуальных даследчыкаў гістарычнай думкі на Беларусі ў 16—19 ст. стаў Г. А. Каханоўскі з працай «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI — ХIХ стст.» (1984).

Асноўная ўвага кіравалася на гістарыяграфічныя праблемы гісторыі савецкага часу: гістарыяграфія беларускага савецкага сялянства (У. М. Міхнюк), гістарыяграфія КПЗБ і Заходняй Беларусі (І. П. Хаўратовіч)ам, гістарыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі (Н. І. Стужынская) і інш. Выходзілі працы, якія адлюстроўвалі тагачаснае сусветнае ідэалагічнае процістаянне: манаграфіі М. Г. Жаркова «Против буржуазной фальсификации истории Октября» (1975), В. Ф. Раманоўскага «Против фальсификации истории Белоруссии периода Великой Отечественной войны» (1975), І. А. Брадко «Критика буржуазных фальсификаций истории образования БССР» (1987). Такія працы выходзілі ва ўмовах ідэйнага аднадумства і метадалагічнага манапалізму, але з іншага боку, давалі шырокаму колу айчынных даследчыкаў магчымасць азнаёміцца з гістарычнымі даследаваннямі і канцэптуальнымі палажэннямі замежнай гістарыяграфіі.

1980-я і 1990-я гады[правіць | правіць зыходнік]

Пасля пачатку працэсаў «перабудовы» набыла актуальнасць праблема вывучэння развіцця гістарычнай навукі БССР у пасляваенны перыяд. Яна была развязана ў кандыдацкіх дысертацыях В. Ц. Леанаўца «Организация и развитие исторической науки в БССР (1961—1970 гг.)» (1987), Л. П. Храпко «Развитие исторической науки в БССР (1945 — конец 1950-х годов)» (1989), І. І. Шаўчука «Развитие исторических наук в БССР (70-е годы)» (1989). У калектыўнай працы «Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX вв.» (пад рэдакцыяй П. Ц. Петрыкава, 1996) навукоўцы Беларусі і Украіны ўпершыню вывучылі асноўныя тэндэнцыі і этапы развіцця гуманітарных і прыродазнаўчых навук у Беларусі. Сярод вучэбных дапаможнікаў гэтага перыяду па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі называецца праца З. Ю. Капыскага і В. У. Чапко «Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие» (1986), у якой апісваецца вывучэнне феадальнага перыяду гісторыі Беларусі ад летапісання па савецкі час, прычым крытыка кіруецца толькі ў бок гістарыяграфіі 19 — пач. 20 ст.

1990-я і 2000-я гады[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку 1990-х гг. у Беларусі пачалася падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці 07.00.09 «Гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання». За 1991—2003 гг. былі абаронены 5 доктарскіх і 25 кандыдацкіх дысертацыяў.

Новае бачанне вытокаў і этапаў развіцця беларускай гістарычнай думкі было прапанавана Д. У. Каравым у працы «Белорусская историография в конце XVIII — начале ХХ вв.» (1996). З сучасных прац замежных даследчыкаў па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі вызначаецца кніга нямецкага гісторыка Р. Лінднера «Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ — ХХ ст.» (2003), дзе прасочаны працэс станаўлення беларускай нацыі і нацыянальнай гісторыі ў апошні перыяд Расійскай імперыі, у 1921—1944 гг., у перыяд паміж Другой сусветнай вайной і «адлігай», у «позне- і постсавецкую эпоху».

Іншыя значныя падзеі: першыя навуковыя канферэнцыі па пытаннях гістарычнага краязнаўства і генеалогіі Беларусі (1988, 1990; Гл. таксама: «Наш радавод»), пачатак распрацоўкі асобных аспектаў дасавецкай гістарыяграфіі Беларусі: гістарыяграфія шляхты ВКЛ (Н. У. Казлоўская), гістарыяграфія заходнерусізма (А. У. Літвінскі).

Перыядызацыя навукі[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1940-х гадоў да праблемы перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі Беларусі адным з першых між беларускіх вучоных звярнуўся А. П. П'янкоў (зборнік руск.: «Наука в БССР за 30 лет», 1949?), вызначаючы наступныя 3 перыяды:

  • 1921—1934, ад адкрыцця БДУ да выхада пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў маі 1934;
  • 1934—1941, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны;
  • 1941—1949, ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны да сучаснага зборніку часу.

Падобную перыядызацыю прапаноўваў і А. П. Ігнаценка (брашура руск.: «Введение в историю БССР»), але абмежаваўся выдзяленнем 2 перыядаў: 1921—1941 і пасляваеннага.

У 1990 пераасэнсаваны аналіз праблемы перыядызацыі быў прапанаваны П. Ц. Петрыкавым, з вызначэннем 4 перыядаў:

  • 1917—1920-я гады: станаўленне навуковай марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі і беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі;
  • 1930-я — 1-я пал. 1950-х: поўнае панаванне марксісцка-ленінскай канцэпцыі гісторыі Беларусі, глыбокае вывучэнне даследчыкамі прац К.Маркса, Ф.Энгельса і У. І. Леніна. Адначасова, падначаленне гістарычнай навукі «многім ненавуковым і валюнтарысцкім пастулатам»;
  • сяр. 1950-х — 1-я пал. 1980-х: «ачышчэнне гістарычных ведаў ад дагматычных установак сталінізму», выданне калектыўных і манаграфічных прац, але «культ асобы аднаго чалавека быў трансфарміраваны ў культ КПСС»;
  • з 1986 (ХХVI з'езд КПСС): адмаўленне ад догмаў і стэрэатыпаў, памылковых канцэпцыяў у гістарычнай навуцы.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі пачалося фарміраванне нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і нанова паўстала праблема ўніверсальнай перыядызацыі гісторыі гістарычнай навукі.

Такая перыядызацыя не была прапанаваная ў цэлым выглядзе аўтарамі артыкула «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі» у 3-м томе Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1996; Г. В. Штыхаў, Д. У. Караў, З. Ю. Капыскі, М. В. Біч, М. П. Касцюк, Г. Г. Сяргеева). Аўтары вылучылі летапісны перыяд, 16 ст. — пач. 20 ст. і савецкі перыяд.

Таксама ў навейшы час свае варыянты перыядызацыі прапаноўвалі:

  • В. Галубовіч: 4 перыяды, у кожным з якіх дадаткова вылучаецца рад «гістарыяграфічных сюжэтаў» — гістарыяграфія гісторыі Беларусі 9—13 ст., гістарыяграфія гісторыі ВКЛ, гістарыяграфія гісторыі Беларусі 19—пач. 20 ст., гістарыяграфія гісторыі Беларусі 20 ст.
  • В. Астрога (2002): 7 перыядаў, пачынаючы з 1918, з прац А. І. Цвікевіча і М. В. Доўнар-Запольскага. Кожны перыяд падзяляецца на мноства дробных этапаў. Гэтая перыядызацыя прыблізна адпавядае асноўным перыядам грамадска-палітычнага развіцця БССР. Другая палова 1990-х гадоў вызначаецца ў ёй як «перыяд абыякавасці дзяржавы да сваёй гістарычнай спадчыны».
  • П. Ц. Петрыкаў (2003): 4 перыяды — легендарна-апісальны (12—канец 18 ст.), апісальна-навуковы (канец 18—19 ст.), навукова-дыялектычны (1910—1980-я гады), плюралістычны (з 1990-х гадоў). У аснове перыядызацыі — пануючы метад даследавання мінулага, а апошні перыяд больш звязаны са зменамі ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі. Аўтар скептычна ставіцца да метадалагічнай канцэпцыі М. П. Касцюка і М. В. Біча.

Гістарычныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Храналогія[правіць | правіць зыходнік]

Да 12 ст.: накапленне гістарычных звестак аб Беларусі.

Першыя звесткі аб насельніцтве сучасных беларускіх земляў (неўры, андрафагі, бастарны) сустракаюцца ў антычных гісторыкаў і географаў, найперш старажытнагрэчаскіх: Герадот, Пампоній Мела, Гай Пліній Секунд, Страбон, Марцін Капела. Гл. таксама: Элінская каланізацыя.

У першыя стагоддзі новай эры, гісторыкі (Публій Карнелій Тацыт, Іардан, Пракопій Кесарыйскі) пачынаюць апісваць старажытных славян (венеды, склавены, анты). З 6 ст. славян рэгулярна апісваюць візантыйскія аўтары: Псеўда-Маўрыкій («Стратэгікон»), Феафілакт Сімаката («Гісторыя»), дзяк Ігнацій («Жыціе Георгія Амастрыдскага»), Канстанцін Багранародны («Біяграфія Васіля І Македаняніна»).

Пэўны аб'ём звестак аб усходніх славянах у часы перад 11 ст. існуе ў арабскіх крыніцах, якія атрымлівалі інфармацыю пра славянскі свет дваяка, праз Візантыю і праз Сярэднюю Азію і Хазарыю. Інтэрпрэтаваныя арабскімі крыніцамі звесткі з Візантыі маюць меншую надзейнасць, таму што адносяцца да славянскага свету ў цэлым. Больш верагоднымі з'яўляюцца звесткі, атрыманыя праз Хазарскі каганат, бо яны непасрэдна тычыліся ўсходніх славян. Відаць, творы арабскіх аўтараў (Аль-Балхі, Аль-Істахры, Ібн-Хаўкаль, персідскі ананім «Кніга межаў свету ад усходу да захаду») карысталіся нейкай адной арыгінальнай крыніцай 8—9 ст., якая не захавалася, і апісалі тры палітычна-гандлёвыя цэнтры русаў (Куябія, Славія, Артанія).

12 — 1-я пал. 16 ст.: накапленне гістарычных звестак аб Беларусі ў летапісах, хроніках і іншых сярэднявечных творах.

Асноўнымі крыніцамі гістарычных звестак пра падзеі на тэрыторыі Беларусі гэтага перыяду з'яўляюцца старажытнарускія летапісы (найперш, «Аповесць мінулых часоў» розных спісаў), лівонскія хронікі («Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага, Старэйшая і Малодшая рыфмаваныя хронікі, «Хроніка Лівоніі» Вартберга, «Хроніка» Віганда) і скандынаўскія сагі («Эймундава сага», «Сага пра Торвальда Вандроўніка»).

2-я пал. 16 — канец 19 ст.: фарміраванне вытокаў беларускай гістарыяграфіі ў межах польскай гістарычнай думкі.

    • 2-я пал. 16 ст.: далучэнне культурна-гістарычных працэсаў у ВКЛ да заходнееўрапейскай культурнай традыцыі (М. Стрыйкоўскі);
    • 17 — 1-я пал. 18 ст.:манаполія ордэна езуітаў на гістарычнае выхаванне моладзі, тэалагічная гістарыяграфія (А. Віюк-Каяловіч);
    • 2-я пал. 18 ст.: вылучэнне гісторыі ў асобную навучальную дысцыпліну, фарміраванне «манархічнай» школы А. Нарушэвіча.
  • канец 18 — пач. 1860-х гадоў: з'яўленне беларускага крыніцазнаўства, фарміраванне «рамантычнай» школы І. Лялевеля, зварот да гісторыі Беларусі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, фарміраванне плеяды «краёвых» («мясцовых») даследчыкаў «гісторыі Літвы» (браты Тышкевічы, Т. Нарбут, А. Кіркор і інш.).
  • пачатак 1860-х гг. — пач. 20 ст.: вывучэнне гісторыі Беларусі даследчыкамі заходнерускага (М. В. Каяловіч і інш.) і ліберальнага (М. К. Любаўскі і інш.) кірункаў, афармленне беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі (М. В. Доўнар-Запольскі, В. Ю. Ластоўскі).
  • 1919 — 1980-я гг.: беларуская савецкая гістарыяграфія;
    • 1919 — 1920-я гг.: пераходны этап ад абмежаванага канцэптуальнага плюралізму да ўстанаўлення марксісцкай метадалогіі, актуалізацыя гісторыка-рэвалюцыйнай тэматыкі;
    • 1930-я — сяр. 1950-х гг.: манаполія марксісцка-ленінскай метадалогіі, прыярытэт гісторыі сацыяльна-эканамічных адносін і рэвалюцыйнага руху;
    • 2-я пал. 1950-х — 1980-я гг.: адносны плюралізм у метадалогіі гістарычнай навукі, пашырэнне яе дакументальнай і крыніцазнаўчай асновы, з'яўленне калектыўных абагульняльных прац па гісторыі Беларусі, актуалізацыя гісторыі партызанскага і падпольнага руху на тэрыторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства, гісторыі прамысловасці, гарадоў і рабочага класа і іншых кірункаў.
  • 1990-я гг. — пач. 21 ст.: пераход да нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, плюралізм у метадалагічных падыходах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Белазаровіч, В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: дапаможнік / В. А. Белазаровіч; пад агул. рэд. І. П. Крэня, А. М. Нечухрына. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 346 с. — С. 5 — 7. — ISBN 985-417-858-7.
  2. Машеров, П. М. О дальнейшем повышении действенности идейно-политической работы в свете решений XXIV съезда КПСС // Коммунист Белоруссии. — 1974. — № 5. — С. 31.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я. Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7.