Беларуская незалежніцкая партыя
Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) — вайскова-палітычная арганізацыя.
Змест |
[правіць] Гісторыя
БНП была ўтворана праўдападобна на мяжы 1939—1940 у Вільні (паводле іншай версіі, у Мінску ў 1942).[1] Ініцыятарам яе ўзнікнення быў адзін з ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, а аб’ядноўвала яна дзеячаў маладога пакалення.[2]
Кіравалася створанымі да восені 1942 Цэнтральным Камітэтам і пяццю акруговымі камітэтамі. Кіраўнікі: Усевалад Родзька (цэнтральны камітэт), Міхал Вітушка (сябар ЦК), Дзмітрый Касмовіч (сябар ЦК), Юльян Саковіч (мінскі акруговы камітэт), Францішак Аляхновіч (віленскі акруговы камітэт) і інш. Структуры БНП існавалі ў 1942-1943 на Браншчыне і Смаленшчыне. Выпускала фармальна нелегальны орган друку «Бюлетэнь БНП»[3], пасля вайны — бюлетэнь «Праца і Воля» (2 нумары, 1949). Фармальна БНП прадстаўлялася як патрыятычная і канспірацыйная арганізацыя з задачай збройнай барацьбы за незалежнасць Беларусі, рэальна кіраўніцтва ад пачатку супрацоўнічала з Абверам.
Практычную дзейнасць БНП пачала ў чэрвені 1944[4], стварэннем некалькі канспірацыйных груп у Беларусі дзеля вядзення разведкі і дыверсій у тыле Чырвонай Арміі (паводле інш. крыніц, падрыхтоўка такіх груп з дапамогаю Абверу вялася з восені 1943, асабліва актыўна зімой-вясной 1944[5]). Выконваючы непасрэдную сваю задачу барацьбы з савецкім войскам у Беларусі, БНП кіравала беларусаў-дабраахвотнікаў у вайсковую школу «Дальвіц» (таксама вядомую як беларускі дэсантны батальён «Дальвіц»). Парашутныя закідванні груп з батальёну «Дальвіц» у Беларусь працягваліся з верасня 1944. Частка гэтых груп, як паведамлялася ў інфармацыйных дакументах БНП, працягвала дзейнічаць яшчэ зімою 1945/1946[6], і нават да 1956[7].
У якасці палітычнай праграмы прапаноўвалася выкарыстанне «непазбежнага канфлікту» саюзнікаў пасля перамогі над Германіяй, мацаванне ўласных (узброеных) сіл і ўзброеная барацьба за незалежнасць Беларусі ва ўмовах узгаданага канфлікту.
Пасля эвакуацыі з Беларусі ў 1944 у Германіі быў створаны Замежны Сектар БНП (кіраўнік Дз. Касмовіч). У 1944 кіраўніцтва БНП рэзка крытыкавала Беларускую Цэнтральную Раду і асабіста Р. Астроўскага за кан’юнктурніцтва, марыянеткавы характар дзеянняў, нарэшце, спыніла ўсякае супрацоўніцтва ў пач. 1945. Асабліва моцна БНП выражала незадавальненне няўдалай арганізацыяй «эвакуацыі з Беларусі» ў 1944 і стратай большай часткі асабовага складу БКА, таксама неэфектыўнасцю дзеянняў Астроўскага па стварэнні беларускага войска ў Германіі. Адзначаецца[8], што такія закіды з’яўлялі выключна нямецкія вайсковыя патрэбы канца вайны (задача абароны Германіі кожным коштам).
Пасля раззбраення батальёну «Дальвіц» у Чэхіі (1945), частка яго асабовага складу накіравалася ў Беларусь для працягу ўзброенай барацьбы, але на Беласточчыне была выкрыта савецкай бяспекай і амаль цалкам арыштавана. Кіраўнікі былі суджаныя ў «справе шасцёх» (верагодна, май 1946), Родзька і Гелда пакараныя смерцю.
Пасля вайны БНП дзейнічала сярод беларускіх супольнасцяў у заходніх акупацыйных зонах і Заходняй Еўропе. У 1948—1949 вакол пытання падтрымкі Беларускага нацыянальнага цэнтру ў шэрагах кіраўніцтва партыі адбыўся падзел, кожная з груповак прэтэндавала на назву БНП (у выніку Б. Рагуля, М. Рагуля, У. Набагез выключаны з ЦК). У далейшым (1954), лідары БНП прызнавалі БЦР як «адзіны легітымны прадстаўнічы цэнтр», а Астроўскага як «вялікага і заслужанага беларускага патрыёта», рэзка выступалі супраць удзелу беларускай моладзі ў скаўцкім і хрысціянска-моладзевым рухах.
У сярэдзіне 1950-х, без фармальнага роспуску партыі, Замежны Сектар БНП увайшоў у Беларускі вызвольны фронт, арганізаваны Дз. Касмовічам.
Зноскі
- ↑ Ёрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. С. 19-20
- ↑ Ёрш, С.14.
- ↑ 2 нумары ў 1942—1944 у Беларусі (2-і нумар тыражом 500 ас.), 3-і — жнівень 1944, Усх. Прусія, 4-ы — восень 1944, Берлін, 5-ы (апошні «ваенны») — снежань 1944 або студзень 1945, 6-ы (апошні) — восень 1946, Зах. Германія. Ёрш, С.127-129.
- ↑ Туронак, С.155.
- ↑ Ёрш, С.15.
- ↑ Ёрш, С.137,138.
- ↑ Ёрш, С.17.
- ↑ Туронак, С.155.
[правіць] Крыніцы
- (Туронак) Jerzy Turonek, Bialorus pod okupacja niemiecka. «WERS», Warszawa—Wroclaw, 1989. 186 s.
- (Ёрш) Сяргей Ёрш, Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. — Менск-Слонім: БГАКЦ, 1998. — 186 с. — (Архіў Найноўшае Гісторыі). ISBN 985-6012-62-7.
- Ёрш С, Горбік С. Беларускі супраціў. Львоў, 2006.