Беларуска-фінляндскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуска-фінляндскія адносіны
Беларусь і Фінляндыя
Беларусь
Беларусь
Фінляндыя
Фінляндыя

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Фінляндскай Рэспублікай усталяваны 26 лютага 1992 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1960-х-1980-х гадах Фінляндыя была адным з ключавых знешнегандлёвых партнёраў БССР. У гэтую краіну пастаўляліся трактары, грузавыя аўтамабілі, станкі, вырабы шклозаводаў, дызпаліва, бензін, лён, дровы для вытворчасці вугалю, баваўняныя тканіны, музычныя інструменты, сталовыя камплекты. З Фінляндыі ў БССР паступалі швейныя вырабы і тканіны, тэхналагічнае абсталяванне.

На фінскую мову перакладаліся творы беларускіх аўтараў, у Фінляндыі дэманстраваліся беларускія кінастужкі. У 1978 годзе ў рамках Руху пародненых гарадоў сувязі ўстанавілі Баранавічы і Хейнала.

У снежні 1991 года Фінляндыя прызнала незалежнасць Рэспублікі Беларусь, а 26 лютага 1992 года краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны і наладзілі актыўны палітычны дыялог. У маі 1992 года Беларусь з рабочым візітам наведаў прэзідэнт Маўна Койвіста, развівалася супрацоўніцтва на ўзроўні парламентаў і МЗС.

У другой палове 1990-х гадоў ва ўзаемадзеянні дзвюх краін адбыліся змены, выкліканыя агульным пагаршэннем адносін Беларусі з ЕС, членам якога Фінляндыя стала ў 1995 годзе.

У сакавіку 2007 года ў Белавежскай пушчы адбылася сустрэча дэлегацый Дзяржкамітэта пагранвойскаў Беларусі і Пагранічнай аховы Фінляндыі. Быў падпісаны мемарандум, які прадугледжвае правядзенне сумесных семінараў па пытаннях аховы мяжы і пагранічнага кантролю, абмен экспертамі і інфармацыяй аб аператыўнай абстаноўцы на мяжы.

У кастрычніку 2008 года Мінск наведаў міністр замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы[правіць | правіць зыходнік]

У Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве акрэдытаваны Пасол Фінляндыі ў Літве. 1 кастрычніка 2010 года ў Мінску адкрыта аддзяленне Пасольства Фінляндскай Рэспублікі ў Літоўскай Рэспубліцы. Паслом Фінляндскай Рэспубліцы ў Рэспубліцы Беларусь з лютага 2013 года з’яўляецца Хары Мякі-Рэйніка[1].

5 снежня 2011 года ў Хельсінкі адкрылася Пасольства Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы. 24 кастрычніка 2013 года Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Фінляндскай Рэспубліцы Аляксандр Пятровіч Астроўскі ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Фінляндыі Саўлі Нійнісцё.

Гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у 2018 годзе таваразварот памiж двума краiнамi склаў 127,6 млн долараў. У параўнанні з 2017 годам рост склаў 4,3 %. Беларускі экспарт прадстаўлены ізаляванымі правадамі і кабелямі, лесаматэрыяламі, пруткамі з нелегіраванай сталі. Фінляндыя пастаўляе бумашныя і кардонныя вырабы, абсталяванне для сельскай гаспадаркі і рыбу[2].

Супрацоўніцтва ў культурнай сферы[правіць | правіць зыходнік]

Першыя Дні культуры Рэспублікі Беларусь адкрыліся 19 чэрвеня 2013 года ў Фінляндскай Рэспубліцы. Адбыліся выставы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі», адбылося выступленне фальклорнага гурту «Купалінка». Праведзена прэзентацыя палацава-паркавага комплексу «Нясвіж»[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]