Беларускі вакзал

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Выгляд вакзала

Беларускі вакзал — пасажырскі тэрмінал чыгуначнай станцыі Масква-Пасажырская-Смаленская, адзін з 9-ці чыгуначных вакзалаў Масквы. Размешчаны на плошчы Цвярской заставы.

Абслугоўвае цягнікі далёкіх зносін заходняга і (пасля пераводу Савёлаўскага вакзалу выключна на абслугоўванне прыгарадных цягнікоў) адзін цягнік паўночнага (па Савёлаўскай галінцы, на Рыбінск, з прычапнымі вагонамі на Угліч, Весьегонск, Пестава) накірункаў Расіі і замежжа.

Таксама абслугоўвае прыгарадныя электрацягнікі Беларускага накірунку МЧ да канчатковых прыпынкаў Вязьма, Усава, Звянігарад. Акрамя таго, праз вакзал электрацягнікі рухаюцца на Савёлаўскі і Курскі накірунак. Скорыя і пасажырскія цягнікі з Беларускага вакзала ідуць да Смаленска, Рыбінска, гарадоў Беларусі, Феадосіі, Анапы, Керчы, Калінінграда, Вільнюса, Варшавы, Берліна, Прагі, гарадоў Заходняй і Паўднёвай Еўропы.

Будаўніцтва вакзалу, які атрымаў назву Смаленскі, пачалося ў канцы красавіка 1869 года. Урачыстае адкрыццё Маскоўска-Смаленскай чыгункі адбылося 19 верасня 1870 года. Вакзал стаў шостым па ліку ў Маскве.

У лістападзе 1871 года, пасля падаўжэння дарогі да Брэста, вакзал стаў звацца Брэсцкім. У пачатку 1890-х гадоў рух стаў двухпутным і меў адну платформу адпраўлення. Да рэканструкцыі вакзалу, які ўжо не мог змяшчаць у сябе пасажыраў, прыступілі толькі ў 1907 годзе. 15 мая 1910 года адкрылі правае крыло новага вакзалу, 26 лютага 1912 года — левае. Аўтарам праекту быў архітэктар Іван Струкаў. 4 мая 1912 года чыгунка была пераіменавана ў Аляксандраўскую, вакзал стаў называцца Аляксандраўскім. У жніўні 1922 года Аляксандраўская і Маскоўска-Балтыйская дарогі былі аб'яднаныя ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую, таму вакзал быў пераіменаваны ў Беларуска-Балтыйскі. У маі 1936 года, пасля чарговай рэарганізацыі чыгунак, вакзал атрымаў сваю цяперашнюю назву — Беларускі.


Шаблон:Смаленскі кірунак МЧ