Белуджы

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Белуджы
(بلوچ)
Quetta.1867.JPG
Фота 1867 г.
Агульная колькасць каля 10 млн (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Пакістан, Афганістан, Індыя, Туркменістан, Аман, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Іран
Мова белуджская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы курды, талышы, гілянцы

Белу́джы (саманазва: بلوچ) — народ, які насяляе паўночны захад Індастана, усход Аравіі і частку Цэнтральнай Азіі. У Пакістане, дзе жыве большасць белуджаў (каля 6900 тыс. у 2013 г.[1]), яны падзяляюцца на плямёны або этна-тэрытарыяльныя групы — бугці[2], чандыя[3], гапанг[4], хот[5], джатоі[6], хетран[7], караі[8], кулачы[9], лашары[10], магасі[11], мары[12], раіс[13], рахшані[14], рынд[15], рынд-хоса[16], сангур[17] і інш. Акрамя таго, у іншых краінах па моўнай прыкмеце вылучаюць паўднёвых[18] і заходніх[19] белуджаў. Прыкладная агульная колькасць - каля 10 млн чал. У Беларусі ў 2009 г. жылі 2 чал., якія вызначалі сваю этнічную тоеснасць як белуджы[20].

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна паданням саміх белуджаў, іх продкі трапілі на тэрыторыю Белуджыстана ў выніку трох міграцый. Першая адбылася каля 1200 г. да н. э. з тэрыторыі Курдыстана. Другая — праз некалькі стагоддзяў з раёну гор Эльбурс на поўдзень ад Каспійскага мора. Трэцяя — у 1164 г. н. э. з Сірыі[21][22]. Апошняя міграцыя лічыцца асабліва важнай, паколькі яе прадстаўнікі сцвярджаюць сваё высакароднае арабскае паходжанне.

Генетыкі заўважаюць блізкасць белуджаў да суседніх індаіранскіх народаў Пакістана, Афганістана, Ірана і Паўночнай Індыі. Аднак белуджы маюць высокі працэнт генетычнага кампанента ASI, які звычайна звязваюць не з індаеўрапейцамі, а выхадцамі з Паўднёвай Індыі. ASI часцяком сустракаецца сярод іншых індаіранцаў і нават жыхароў аддаленых ад Белуджыстана рэгіёнаў, у тым ліку Беларусі і Азербайджана[23]. Такім чынам, белуджы могуць быць нашчадкамі носьбітаў генетычнай спадчыны нейкай першаснай групы людзей, якая ўзнікла не абавязкова на тэрыторыі Індастана або Белуджыстана, але ў выніку перасялення аказала моцны ўплыў на многія народы Еўразіі.

Правадыры белуджскіх плямёнаў разам з брытанскімі адміністратарамі, 1896 г.

У XVI ст. землі белуджаў увайшлі ў склад імперыі Вялікіх Маголаў. Яны прымалі ўдзел у ваенных паходах імператрараў на тэрыторыі сучаснага Пакістана і Паўночнай Індыі. У першай палове XVIII ст. частка плямён белуджаў была падначалена іранскаму шаху. Астатнія аб'ядналіся ў канфедэрацыю вакол Калацкага ханства, створанага брагуямі, або захоўвалі адносную незалежнасць. Прадстаўнікі племені тальпур здолелі ўмацавацца ў Сіндзе, дзе заснавалі эмірскую дынастыю, якая кіравала ў 1786 - 1843 гг.

З пачатку XIX ст. Белуджыстан увайшоў у зону інтарэсаў Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. У 1838 г. брытанцы штурмам авалодалі Калатам, але ў выніку паўстання белуджаў былі вымушаны адступіць. Калацкія ханы трапілі ў залежнасць ад Вялікабрытаніі і прымалі ўдзел у войнах з Афганістанам. Паўночныя белуджы наадварот падтрымлівалі афганскіх эміраў. У 1879 г. Калат быў канчаткова анэксаваны. Аднак сталыя паўстанні белуджаў працягваліся нават у XX ст. У канцы XIX - пачатку XX ст. адбылося буйное паўстанне ў іранскім Белуджыстане.

У 1947 г. большая частка земляў белуджаў, падначаленая брытанцамі, увайшла ў склад Пакістана. У 1952 г. на іх землях склаўся Саюз княстваў. Была ўтворана Усепакістанская Ліга белуджаў, якая дамагалася стварэння Вялікага Белуджыстана. Але ўрад Пакістана ў выніку адміністрацыйных рэформ 1954 - 1955 гг. фактычна раскалоў тэрыторыі белуджаў. У 1970 г. была створана пакістанская правінцыя Белуджыстан. Большая частка земляў белуджаў у Іране ўвайшла ў склад правінцыі Сістан і Белуджыстан. У Афганістане белуджы не маюць сваёй аўтаноміі.

У XVII - XX стст. склалася белуджская дыяспара на Аравійскім паўвостраве. Першыя белуджы, якія мігрыравалі туды, былі рыбакамі і гандлярамі. Яны сяліліся пераважна на паўначы і паўночным усходзе Аравіі. У XVIII - XIX стст. аманскія султаны прыцягвалі белуджаў у якасці ваенных наёмнікаў, якія служылі ў тым ліку на Занзібары[24]. Пасля II Сусветнай вайны назіралася рабочая эміграцыя з Пакістана ў Аман і ААЭ. У наш час у Амане мова белуджаў з'яўляецца даволі распаўсюджанай[25].

У пачатку XX ст. прадстаўнікі розных плямёнаў белуджаў з'явіліся на тэрыторыі Туркменістана. Гэта былі пераважна выхадцы з Ірана і Афганістана. Разам з белуджамі ў Сярэднюю Азію прыбылі і брагуі, што ў будычым паўплывалі на мясцовую белуджскую культуру. У 1920-ых гг. туркменскія белуджы аб'ядналіся вакол правадыра Керым-хана, які вёў барацьбу супраць мясцовых феадалаў на баку савецкай улады. Але ў канцы 1920-ых гг. з-за разыходжанняў з саюзнікамі ён з большасцю прыхільнікаў пакінуў савецкія тэрыторыі[26]. Нашчадкі тых, хто засталіся, у нашы дні кампактна жывуць на поўдні Туркменістана.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Каркас белуджскай хаціны

Першасным заняткам белуджаў была качавая жывёлагадоўля. Аднак да сярэдзіны XX ст. большасць у той ці іншай ступені перайшла да земляробства. Для апрацоўкі выбіраюцца землі ў перадгорных раёнах, якія звычайна патрабуюць сезоннай або сталай ірыгацыі. Для забеспячэння вадой для піцця і паліву капаюцца кіразы, якія складаюцца з глыбокіх калодзежаў, злучаных на ўзроўні дна падземнымі каналамі. За функцыянаваннем кіразаў назіраюць падлеткі. Яны абавязаны чысціць іх і сачыць за ўзроўнем вады. Паўнаводныя рэкі зачыняюць штучнымі плацінамі і адводзяць ваду на палеткі з дапамогай адкрытых каналаў. Белуджы вырошчваюць у асноўным харчовыя і алейныя культуры, на продаж — бавоўнік, тытунь і садавіну. Сухафрукты даюць важную частку прыбыткаў сельскай гаспадаркі Белуджыстана.

У Амане белуджы рэдка маюць асабістыя зямельныя надзелы, таму вымушаны весці паўкачавы лад жыцця і перабірацца ад адной да іншай земляробчай гаспадаркі, дзе яны займаюцца зборам фінікаў. У Іране, Пакістане і Афганістане памеры палеткаў не вельмі вялікія, таму многія земляробы працягваюць атрымоўваць прыбыткі і ад жывёлагадоўлі. Улетку яны пакідаюць сталыя паселішчы і перасяляюцца разам з сем'ямі і жывёлай у горы, дзе пасуць статкі на травяністых лугах. Некаторыя земляробы застаюцца на месцы, аднак перадаюць жывёлу на адкорм пастухам-белуджам або суседзям-брагуям. Белуджы трымаюць авечак, коз, коняў, кароў, вярблюдаў і буйвалаў. Асаблівае значэнне маюць статкі авечак і коз, ад якіх атрымоўваюць мяса і малако для харчавання, воўну, скуры і лямец для збыту. Вярблюдаў, буйвалаў і кароў выкарыстоўваюць як транспартны сродак і для працы на палетках. У паселішчах белуджаў можна бачыць вярблюдаў, што цягнуць плуг. Коні шануюцца як прыкмета дабрабыту гаспадара, іх ахвотна купляюць за межамі Белуджыстана.

Белуджы лічацца добрымі ткачамі. Высокі кошт маюць дываны і гафт, зробленыя імі ўручную. Распаўсюджаны апрацоўка металаў, дрэва, пляценне і г. д. Сярод індыйскіх і аравійскіх белуджаў немала прамысловых рабочых.

Большасць белуджаў жыве ў сельскай мясцовасці. Распаўсюджаны ў мінулым тып жытла качха ўяўляе сабою просты драўляны каркас з плоскім дахам, які абмазваецца глінай або абкладваецца камянямі. Адтуліны ў сцяне завешваюцца цыноўкамі. Больш трывалым традыцыйным жытлом з'яўляецца пака. Яго ўзводзяць з цэглы, каменю і гліны, арміруюць драўлянымі бэлькамі. Жывёлагадоўцы і сезонныя рабочыя карыстаюцца часовымі шатрамі гедан, накрытымі трыма пластамі тканіны з авечай воўны. На поўдні Белуджыстана і ў Амане сустракаюцца шатры піш-гедан, накрытыя пальмавымі цыноўкамі.

Традыцыйная мужчынская вопратка складаецца з баваўняных шырокіх штаноў, камізэлькі, кашулі, халата і доўгай хусткі пату, якую накідваюць на плечы і перакідваюць праз правае плячо. На галаву апранаюць лямцавую шапку, часам цюрбан. На ногі — сандалі з пальмавага лісця або скураныя чаравікі. Мужчыны ўпрыгожваюць знешні выгляд пярсцёнкамі, завушніцамі (носяць на левым вухе), вышыванымі шаўковымі кашалькамі і зброяй. Жаночая вопратка адрозніваецца ад мужчынскай толькі знешне. Так, шырокія жаночыя штаны могуць спадаць уніз, таму нагадваюць спадніцу, кашулі доўгія, так што дасягаюць каленяў, хустка паці абвязваецца вакол лямцавага капялюшыка, ззаду на галаву абавязкова накідваецца доўгі плашч чадыр. Жаночыя строі таксама маюць больш упрыгожванняў, чым мужчынскія. Дзяўчыны носяць пярсцёнкі, завушніцы, насавыя кольцы, бранзалеты, фарбуюць твар сурмой. Фарбаванне твару і валасоў распаўсюджана і сярод мужчын.

Асноўная ежа — пшанічны хлеб, які пякуць у земляных печах, вараны рыс, гародніна. Белуджская кухня налічвае шмат страў, прыгатаваных з малака. Мяса ядуць толькі ў асаблівыя дні. Папулярны бараніна, казляціна і ялавічына, таксама ўжываюць смажаную саранчу. Стравы абавязкова мяшаюць са спецыямі, у тым ліку мясцовымі травамі. П'юць ваду, малако або чай. Мужчыны і некаторыя жанчыны нюхаюць нас, дробна сечаны зялёны тытунь, у які часам дадаюць мацнейшыя наркотыкі.

Белуджы падзяляюцца на 44 племені, чальцоў якіх аб'ядноўваюць агульныя тэрыторыі і адзінства паходжання. Аднак толькі 40 плямёнаў лічацца сапраўднымі белуджамі. 4 племені складаюцца з нашчадкаў рабоў і маюць нізкі сацыяльны статус. Плямёны падзяляюцца на роды, што фарміруюцца на аснове мужчынскай лініі. Унутры родаў шырока распаўсюджаны звычаі ўзаемадапамогі, кроўная помста, адказнасць за малодшых чальцоў, важнае месца займаюць старэйшыны.

У XVI ст. узніклі ваенныя арганізацыі-тумены, згодна якім адбыўся адміністрацыйны падзел. На чале іх стаяць правадыры-тумендары, улада якіх перадаецца па спадчыне. Тумендары лічацца правадырамі, але могуць мець афіцыйны тытул хана або эміра. У Пакістане і Афганістане тумендары захоўваюць значную ўладу — збіраюць падаткі, судзяць, сочаць за правапарадкам, узначальваюць ваенныя атрады. Акрамя таго, яны з'яўляюцца буйнымі памешчыкамі. У Іране ўлада тумендараў захоўваецца як традыцыйная. З імі радзяцца афіцыйныя ўлады. Тумены маюць больш дробныя падпадзяленні, на чале якіх стаяць асобы, прызначаныя тумендарам.

Сем'і вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Шлюбы складаюцца са згоды старэйшых чальцоў роду. Выбар нявесты па-за межамі белуджскага грамадства звычайна не вітаецца. Выключэнне складаюць толькі некалькі груп брагуяў, з якімі белуджы маюць даўнія зносіны. Распаўсюджаны шлюбы са стрыечнымі сваячніцамі па лініі маці. Палігінія абмежавана шарыятам. Становішча жанчыны ў сям'і заўсёды ніжэйшае, чым у мужчыны. Спадчына перадаецца ад бацькі да сыноў. У паўседзённым жыцці белуджы прытрымліваюцца кодэкса паводзінаў Балуч-Маяр (літаральна "белуджскі шлях"). Ён абавязвае гасціннасці, адстойванню гонару, арганізацыі супольнай помсты за ганьбу, аказанне дапамогі слабейшым.

Фальклор белуджаў знакаміты вялікай колькасцю паданняў аб паходжанні плямёнаў, барацьбу з ворагамі, іншыя гістарычныя падзеі. Высока шануецца талент паэтаў. Белуджская паэзія ўзнікла ў XVI ст. Многія паэтычныя творы ў мінулым мелі рысы нацыянальнага эпасу. Папулярныя формы баўлення часу — конныя спаборніцтвы, стральба з луку, гульня ў шашкі. Найбольш маляўнічае святаІд аль-Фітр. Яно арганізуецца ў канцы рамадана і суправаджаецца ахвярапрынашэннямі і мужчынскімі ваеннымі танцамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабан, лютня, флейта.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Белуджская мова адносіцца да паўночна-заходняй групы іранскіх моў індаеўрапейскай моўнай сям'і, блізкая да моў курдаў і талышоў. Сучасная пісьмовасць на аснове алфавіта урду. Літаратурная мова развіваецца з XVI ст.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Абсалютная большасць вернікаў спавядае іслам суніцкага накірунку. Толькі сярод некаторых чальцоў племені домбкі ёсць прыхільнікі шыіцкай секты зікр.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons