Бланманжэ
Бланманжэ́, бламанжэ[1] (фр.: blanc – белы і manger – есці) — разнавіднасць несадавінных непразрыстых жэле, якія гатуюцца з выкарыстаннем малака, яйкаў, маннай крупы або мукі, часам на жэлаціне ці агары, з даданнем цукару, розных за́тавак і араматызатараў.
Бланманжэ, у адрозненне ад яркіх садавінных жэле, маюць найчасцей белы, крэмавы або бэжавы колер, які ім дае малако, вяршкі або даданыя парашкі кавы, какавы, шакалада. Паколькі ў склад бланманжэ уваходзяць інгрэдыенты, якія змяшчаюць клейкія рэчывы - казеін малака, клейстэр крупы або мукі, то жэлацін ці агар, калі і дадаюць, то ў нязначных колькасцях. Таму бланманжэ значна далікатнейшае па кансістэнцыі за звычайныя жэле. Бланманжэ належаць да сытных салодкіх страў, іх падаюць пры наяўнасці лёгкага, не асабліва сытнага, напр., рыбнага і агародніннага, абеду, каб кампенсаваць агульную каларыйнасць.
Нягледзячы на прастату гатавання, бланманжэ патрабуюць вялікай дбайнасці ў вытрымліванні прапорцый інгрэдыентаў і пільнага назірання працэсу варэння, бо іх смак і кансістэнцыю вельмі лёгка сапсаваць пераварваннем. Гэтая патрабавальнасць бланманжэ прывяла да таго, што гэтая недарагая і смачная страва практычна знікла з сучаснага ўжытку і вядомая толькі з мастацкай літаратуры XIX ст. бланманжэ замянілі не такія смачныя і далікатныя малочныя або кававыя жэле з вялікім даданнем жэлаціну, якія моцна адрозніваюцца ад бланманжэ смакам і кансістэнцыяй.
[правіць] Рэцэпт сапраўдных бланманжэ паводле В. Пахлёбкіна
- 1,5 л малака (або 1 л малака і 0,5 л вяршкоў),
- 1 шклянка тоўчаных арэхаў (міндаль, фундук, валоскія),
- 50-75 г рысавай мукі,
- цукар, мушкат, цэдра цытрыны - да смаку.
Муку развесці ў 0,5 л халоднага малака, астатняе малако і вяршкі закіпяціць, усыпаць арэхі і ўліваць паступова малако з рысавай мукой, бесперапынна памешваючы. Дадаць цукар, затаўкі і варыць да загусцення.
Зноскі
- ↑ Часта сустраканая, але памылковая назва.
- Похлёбкин В. Кулинарный словарь. — М.: Центрполиграф, 2006. –503 с. ISBN 2-7004-6097-9, ISBN 5-227-00460-9