Бортніцтва
Бортніцтва, старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол-баровак — у штучных дуплах — борцях. Развілося з дзікага пчалярства, калі чалавек выпадкова (збіральніцтва), а пазней свядома (паляванне за мёдам) знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэваў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд.
Як самастойны від ляснога промыслу бортніцтва прайшло 3 этапы развіцця:
- ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах
- свядомае ўтрыманне заселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах
- развядзенне і ўтрыманне рою ў адмыслова зробленых борцях
Паступова бортніцтва замяняецца калодачным, а пасля вынаходніцтва Пятром Пракаповічам у 1814 годзе рамавага вулля — рамавым пчалярствам. Па пераемнасці калоднае пчалярства ўспрыняло ранейшую назву і працяглы час называлася бортніцтвам. Абумоўлена гэта было тым, што выраб калодаў, спосаб догляду пчол, бортны інструмент і тэрміналогія засталіся ранейшымі. Розніца складаецца толькі ў адным: борць выдзёўбвалі ў жывым дрэве, калоду-борць — у спілаваным. Бортніцтва выпрацавала спецыфічныя прылады і прыстасаванні, якія без істотных змен, пад рознымі назвамі альбо ў іх варыянтах вядомы на ўсёй тэрыторыі краіны. Бортная тэрміналогія ў беларусаў, палякаў і ўкраінцаў не мае істотных адрозненняў. Гэта сведчыць пра тое, што бортніцтва ўзнікла ў перыяд агульнаславянскага моўнага адзінства.
[правіць] Гл. таксама