Бостанскае чаяпіцце

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гравюра Купера (1789) «Бостанскае чаяпіцце».

Бостанскае чаяпіцце (англ.: Boston Tea Party) — напад змагароў за незалежнасць паўночнаамерыканскіх калоній Вялікабрытаніі на чале з С. Адамсам на 3 караблі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі ў порце Бостана, які адбыўся 16 снежня 1773 г. Першапачаткова гэта падзея мела назву "акцыя супраць чаю" ці "знішчэнне чаю"[1]. У выніку нападу была знішчана буйная партыя чаю, прывезенага на продаж у Амерыку. Распаўсюджана думка, што Бостанскае чаяпіцце было выклікана выключна высокімі падаткамі на карысць брытанскай кароны[2], але на сітуацыя была больш складанай.

Напружанасць адносін калоній і метраполіі напярэдадні «чаяпіцця»[правіць | правіць зыходнік]

Пасля перамогі ў Сямігадовай вайне (Франка-індзейскай) (1757—1763) з Францыяй Вялікабрытанія далучыла да сваіх каланіяльных уладанняў Канаду, дзе ў прыватнасці у правінцыі Квебек, пражывала шмат французскіх эмігрантаў. Дзеля наладжвання адносін з новымі падданымі і індзейскімі плямёнамі, супраць якіх таксама ваявалі англійскія войскі падчас гэтай вайны, брытанскі ўрад забараніў пашырэнне тэрыторый сваім англамоўным паўночнаамерыканскім калоніям пашыраць сваю тэрыторыю на захад. Таксама дзеля паляпшэння стану эканомікі Брытаніі, аслабленай вайной, былі ўведзены пэўныя эканамічныя абмежаванні і новыя падаткі ў англійскіх калоніях Новага Свету[3]. Усё гэта, а таксама той факт, што калоніі не ўдзельнічалі ў выбарах у брытанскі парламент, спарадзіла напружанасць адносін паміж гэтымі калоніямі і метраполіяй. Нярэдка англійскім таварам аб'яўляўся байкот.

Пасля некаторых уступак парламента Вялікабрытаніі заставаліся нявырашанымі яшчэ пэўныя праблемы. Адна з іх — кантрабанда чаю ў калоніі. Паколькі чай у тыя часы быў даступны ў асноўным матэрыяльна забяспечаным амерыканцам, большасць насельніцтва калоній праблема кошту чаю не закранала ўвогуле. Але акрамя падаткаў існавала і праблема эмбарга на англійскі чай, якое самакіраванне калоній увяло і якое фактычна не дзейнічала. Таму нелегальны ўвоз чаю ў калоніі быў прыбытковым бізнесам. Каб пакласці канец нелегальнаму гандлю, урад Брытаніі даў Ост-Індскай кампаніі манапольнае права беспасрэднага гандлю чаем у калоніях Паўночнай Амерыкі[4]. Зразумела, цэны на чай упалі, і кантрабанда стала немагчымай. Сітуацыяй вырашылі скарыстацца змагары за незалежнасць калоній, якія лічылі, што імпарт таннага англійскага чаю ў калоніі можа прывесці да прымірэння паміж каланістамі і ўрадам метраполіі і ізаляцыі прыхільнікаў незалежнасці ад усяго грамадства.

«Чаяпіцце» і яго наступствы[правіць | правіць зыходнік]

16 снежня 1773 года на 3 караблі Брытанскай Ост-Індскай кампаніі ў порце Бостана ўзышлі некалькі дзесяткаў чалавек, некаторыя былі пераапрануты ў індзейцаў[5]. На чале групы быў адзін з лідэраў змагароў за незалежнасць паўночнаамерыканскага кантынента Самюэль Адамс. Яны выкінулі ў мора некалькі соцень вялікіх скрыняў з чаем. Ніхто не быў забіты падчас гэтай падзеі, пазней атрымаўшай назву «Бостанскае чаяпіцце», але кампанія панесла значныя фінансавыя страты, і афіцыйна заявіла парламенту Вялікабрытаніі, што калі такія напады будуць ажыццяўляцца далей, увесь свет будзе ведаць, што брытанскі ўрад не кантралюе сітуацыю ў калоніях. Урад метраполіі загадаў кіраўніцтву калоніі Масачусетс пакараць злачынцаў і выплаціць Ост-Індскай кампаніі кампенсацыю за знішчаны тавар, а брытанскі флот заблакіраваў порт Бостана. Таксама былі выдадзены некалькі абмежавальных заканадаўчых актаў, якія, сярод іншага, забаранялі публічныя сходы, абмяжоўвалі мясцовае самакіраванне і дазвалялі прымусовае кватараванне брытанскіх войскаў у прыватных дамах амерыканцаў[6]. Нечакана для ўрада Брытанскай імперыі, Масачусетс не застаўся ў ізаляцыі, бо астатнія 12 англамоўных паўночнаамерыканскіх калоніі падтрымалі бостанцаў і пратэставалі супраць блакады горада і іншых рэпрэсіўных актаў.

У выніку напружанасць паміж калоніямі і метраполіяй, якая паміж 1770 і 1773 гг. пачала сціхаць, узмацнілася да такой ступені, што многія лаяльныя да брытанскай кароны каланісты пачалі аб'ядноўвацца вакол змагароў за незалежнасць калоній. Многія іншыя змагары за незалежнасць асудзілі знішчэнне маёмасці Кампаніі[7]. Праз некалькі гадоў гэта напружанасць прывяла да сутыкненняў паміж войскамі караля і апалчэнцамі з ліку каланістаў, якія перараслі ў 1-ю вайну за незалежнасць (1775—1783) вядомую яшчэ як «Амерыканская рэвалюцыя» (англ. the American Revolution) і ўзнікнення новай краіны свету — Злучаных штатаў Амерыкі

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Рэй Рафаэл. Выкрыццё міфаў пра Бостанскае чаяпіцце (пер. з англ)
  2. Напрыклад электронны тлумачальны слоўнік англійскай мовы WordWeb. Offline dictionary трактуе гэтую падзею як пратэст бостанцаў супраць высокіх падаткаў на чай
  3. An Outline on American History. Published by US Information Agency, pp. 60-66
  4. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.67
  5. Дзве грамадзянскія вайны амерыканцаў Андрэй Берастоўскі // ARCHE
  6. An Outline on American History. Published by US Information Agency, p.68
  7. Рэй Рафаэл. Выкрыццё міфаў пра Бостанскае чаяпіцце (пер. з англ)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]