Брагуі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Брагуі
(براہوی)
Brahui Intellectuals and linguists Meeting.jpg
Агульная колькасць 2456000 (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Пакістан, Бангладэш, Іран, Афганістан, Туркменістан
Мова брагуі
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы тамілы, тэлугу, гонды

Брагуі (саманазва براہوی) — народ, які насяляе поўнач Індастана і частку Цэнтральнай Азіі. Агульная колькасць - 2456000 чал., у тым ліку 2153000 чал. у Пакістане, 280000 чал. у Афганістане, 21000 у Іране, 1900 у Туркменістане, 400 чал. у Бангладэш (2011 г.)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Брагуі размаўляюць на дравідыйскай мове, што значна адрознівае іх ад суседзяў - індаарыяў. Існуюць 2 асноўныя версіі іх паходжання. Першая абапіраецца на гіпотэзу аб першасным фарміраванні дравідыйскіх народаў на поўначы Індастана і адносіць брагуі да аўтахтоннага насельніцтва даліны ракі Інд, якое захавалася з часоў Індскай цывілізацыі.

Другая версія сцвярджае, што брагуі з'явіліся значна пазней (у 1 або нават у 2 тысячагоддзях н. э. з поўдня Індыі. На карысць гэтай версіі кажа адсутнасць ранніх запазычанасцяў у мове брагуі з іранскіх моў.

Да XVII ст. на сучасным сумежжы Пакістана і Афганістана склалася канфедэрацыя плямёнаў брагуі, прадстаўнікі якой здолелі адсунуць ад улады мясцовую індуісцкую дынастыю. Росквіт дзяржавы брагуі прыпаў на XVIII ст., калі ёю кіраваў Назір-хан.

Да пачатку XIX ст. былі фармальна падначалены брытанцамі. Пры гэтым частка брагуі перакачавала ў Іран і Афганістан. У XX ст. у выніку расколу былой брытанскай калоніі на Індыю і Пакістан, мусульмане-брагуі былі вымушаны пакінуць тэрыторыю Індыі, прычым частка апынулася ва Ўсходнім Пакістане, які пазней набыў незалежнасць і ператварыўся ў дзяржаву Бангладэш.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйным заняткам брагуі здаўна была адгонная жывёлагадоўля. Узімку яны праводзілі час разам са статкамі на раўнінах, а ў цёплыя сезоны - у гарах. Аднак з распаўсюджваннем таварнай гаспадаркі многія сем'і пераходзілі да аселага ладу жыцця, займаліся паліўным земляробствам, вырошчвалі пшаніцу і проса.

Сем'і патрылакальныя пашыраныя, складаюцца з некалькіх нуклеарных сем'яў братоў, на чале якіх стаіць іх бацька або старэйшы брат. Практыкуецца палігамія. Найлепшым лічыцца шлюб з стрыечнай сястрой па бацькоўскай лініі. Распаўсюджаны шлюбы з прадстаўнікамі суседніх народаў.

Нараджэнне сына вітаецца стрэламі ў паветра, святкуецца абрадавым забойствам авечак і застоллем. Існуюць звычаі абразання хлопчыкаў і першага галення валасоў (звычайна ва ўзросце 2 гадоў). Першыя менструальныя цыклы ў дзяўчынак суправаджаюцца звычаям патройных скокаў праз камні, што згодна павер'ю зберагае іх ад доўгіх крывацёкаў[2].

Брагуі аб'яднаны ў плямёны, якімі кіруюць старэйшыны. Так, у Пакістане налічваецца 29 племянных аб'яднанняў, але толькі 8 лічацца першаснымі[3]. Акрамя таго існуюць пастухоўскія аб'яднанні халк, калі некалькі сем'яў аб'ядноўваюць свае статкі разам пад апекай некалькіх прафесійных пастухоў. Такім чынам дарослыя сыны маюць магчымасць заставацца ў сем'ях і дапамагаць на палетках.

Паўседзённая культура і вусная народная творчасць зведалі моцны ўплыў іслама і ўплыў суседніх народаў. Распаўсюджаны гераічныя эпічныя паданні. Традыцыйныя віды спорту - конныя спаборніцтвы і стральба з луку.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова брагуі належыць да дравідыйскай сям'і моў, падзяляецца на шэраг дыялектаў. Пісьмовасць на аснове іранскага алфавіту і лацінкі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Вернікі спавядаюць іслам суніцкага накірунку.

Зноскі