Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч
| Браніслаў Тарашкевіч | |
| беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец | |
| Дата нараджэння: | 20 студзеня 1892 |
|---|---|
| Месца нараджэння: | Мацюлішкі (Віленскі павет), Літва |
| Дата смерці: | 29 лістапада 1938 (46 гадоў) |
| Месца смерці: | Растрэльны палігон «Камунарка», Маскоўская вобласць |
| Род дзейнасці: | Палітык, мовазнаўца |
| Жонка: | Вера Снітка, Ніна Палянская |
| Дзеці: | Радаслаў Тарашкевіч |
Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч (20 студзеня 1892 — 29 лістапада 1938;) Псеўданімы: Адам Навука, «Тарас на Парнасе», Я. Тарас, Тарас Язычнік, Тарас Навіна — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнавец, пісьменнік-перакладчык. Кандыдат філалогіі (1916). Акадэмік АН Беларусі (1928).
Змест |
Біяграфія [правіць]
Дзяцінства, Віленская гімназія [правіць]
Нарадзіўся ў засценку Мацюлішкі, 30 км на ўсход ад Вільні, (цяпер Літва) у сям'і каталіцкага селяніна-сярэдняка. З сямі годоў Браніслаў дапамагае бацьку з гаспадаркай, працуе пастухом. У народнай вучэльні Браніслаў паказвае выдатныя рэзультаты. Вестка пра гэта дайшла да маладой памешчыцы Гелены Стамброўскай. У 1906 годзе яна забрала Браніслава да сябе, апекавала яго і дапамагла паступіць у трэці клас 2-й Віленскай гімназіі.
У асяроддзі гімназістаў карыстаўся павагай, выдзяляўся начытанасцю, добразычлівасцю, яго любілі. У 16-гадовым узросце Браніслаў пачынае зарабляць на ўласнае ўтрыманне рэпетытарствам. У гімназіі паказвае сябе добрым вучнем, мае сярэдні бал 4,3[1], у праграму ўваходзіла навучанне па 4 сучасных мовах (руская, польская , французская, нямецкая) і двум класічным (грэцкая, лацінская).
У гімназіі Тарашкевіч трапляе ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх згуртаваннем была патрыятычна-незалежніцкая арганізацыя з клерыкальным адценнем Вызваленне (польск.: Wyzwalenie). Дзейнічала яна пад лозунгам: «Навука, Цнота, Айчына», мела на мэце працяг традыцый філаматаў і філарэтаў. Да гэтай арганізацыі належалі самыя перадавыя вучні гімназіі, але з рознымі жыццёвымі крэда, з рознымі але талерантнымі поглядамі на нацыянальнае пытанне. Тарашкевіч трапляе ў левае адгалінаванне гуртка, там цікавяцца палітычнай філасофіяй і эканомікай.
У гэты ж самы час Тарашкевіч канчаткова самвызначаецца як беларус, прыпыняе хадзіць у касцёл, становіцца атэістам. Пад час навучання ў Вільні знаёміцца з беларускай інтэлігенцыяй, наведвае выдавецтва Нашай Нівы, органа БСГ.
Пецярбургскі перыяд [правіць]
У жніўні 1911 года Браніслаў Тарашкевіч апынуўся ў сталіцы Расіі і быў без перашкодаў быў прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта. Тут на працягу чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам славутых мовазнаўцаў: Яна Бадуэна дэ Куртэнэ, Яфіма Карскага. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў.
У Пецярбургу ініцыюе стварэнне навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Піша статут да яго. Пазней становіцца старастам гуртка[2].
Варта зазначыць што ў Пецярбургу Тарашкевіч даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам, які ў той час пашыраў сваю адукацыю. Купала хоць і быў старэйшы на 10 год, вельмі цаніў Тарашкевіча. Вось такі ліст атрымоўвай пазней Тарашкевіч ад Янкі Купалы:
«Дзядзька Тарас, што чуваць у Вас з беларускай граматыкай? Ці зрабілі што-небудзь у гэтым напрамку? Калі маеце ўжо яе накід, то будзьце ласкавы прыслаць яго нам, калі не — то ўпэўніце ў сваёй добрай волі і спрыце ды зрабіце гэта як найхутчэй. Просіць аб гэтым Вас п. Іваноўскі, старшыня Беларускага Выдавецкага Таварыства ў Вільні. Граматыку Вашу хоча Таварыства выдаць і пусціць у свет у „назіданіе“ маладому беларускаму пакаленню. Дык варушыцеся, дзядзька, і ў шапку не спіце. Чакаем хутка ад вас адказу. Шчыра вам адданы.»[3]
У Пецярбургу Тарашкевіч трапляе ў розныя колы нацыянальных рухаў, прыхільна ставіцца да польскага нацыянальнага руху. Працуючы хатнім настаўніка Тарашкевіч пазнаёміўся з сям'ёй Зябіцкіх. Вось што піша Юзаф Зябіцкі ў сваім дзённіку:
«Гэты сын селяніна з-пад Вільні садзейнічае далейшаму ўмацаванню польскасці ў нашым доме… Неўзабаве пачаў дастаўляць жонцы польскую літаратуру, падабраную так, каб даць ёй магчымасць пазнаць жыццё і імкненні польскага народа, у духу якога павінна выхоўваць сыноў.»
У 1916 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта і быў пакінуты там пры кафедры рускай мовы і літаратуры. Працаваў і як прыват-дацэнт старажытнагрэчаскай і лацінскай моў.
Вяртанне ў Беларусь. Пачатак палітычнай дзейнасці. [правіць]
У 1917 г. — становіцца актыўным удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Знаходзіцца ў Мінску пад час абвяшчэння БНР. У аўтабіяграфіі пазней піша, што ніколі не ўваходзіў ва ўрад, але і чужым у гэтых колах не быў. Палітычную пазіцыю Тарашкевіча на той час можна акрэсліць, як хістанне паміж прызнаннем рэвалюцыі, лаяльным супрацоўніцтвам з бальшавікамі і платформай беларускіх незалежнікаў. З некаторых крыніц вынікае, што ён уваходзіў у склад «Вярхоўнай рады» беларускага эміграцыйнага ўраду, а з іншых крыніц — што быў актыўным дзеячам у Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 года, выконваў функцыю загадчыка аддзела культуры і асветы. У 1919 г. — выкладчык беларускай і старажытнагрэчаскай моў у Мінскім педагагічным інстытуце. З наступам бальшавікоў на Мінск, з'язджае ў Вільню.
Палітычная дзейнасць у Польшчы [правіць]
У 1920 г. — загадчык беларускага сектару дэпартамента асветы т.зв. Сярэдняй Літвы. Непрацяглы перыяд уваходзіць у віленскую масонскую ложу «Праўда».
З 1921 г. — дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. З 1921 па У 1922 г. быў абраны паслом у польскі сойм, у 1922—1924 гадах з'яўляўся старшынёю Беларускага пасольскага клуба. У першы перыяд сваёй парламенцкай працы трымаўся ў цэлым паланафільскай арыентацыі, хоць востра крытыкаваў з соймавай трыбуны нацыянальную і сацыяльную палітыку польскіх урадаў. Спрабаваў знайсці аб'ядноўваючы вектар для польска-беларускіх народаў.
«…Добра разумеем, што польскія войскі прыбылі на нашую бацькаўшчыну з мэтай ператварэння земляў былога Вялікага княства Літоўскага ў крэпасць для абароны Рэчы Паспалітай Польскай… З гэтага вынікае, што… інтарэсы Польшчы з'яўляюцца і нашымі інтарэсамі. Таму гэтая супольнасць інтарэсаў дае нам магчымасць будучую работу па адбудове незалежнай Беларусі весці на грунце згод з польскім народам. Узаемаразуменне на аснове прызнання польскім народам незалежнасці і цэласнасці Беларусі, звязанай з Рэччу Паспалітай сумеснай абаронай свайго незалежнага існавання, лічым за пажаданае і карыснае для абодвух народаў. Польская акупацыя пакінула пасля сябе справядлівы горыч і расчараванне ў шчырасці палітыкі Польшчы, якая аднеслася да Беларусі толькі як да сваіх крэсаў усходніх. Аднак свядомая беларуская народная думка не перастала шукаць падтрымкі Польшчы, верачы, што прынцыпы сапраўднай дэмакратыі павінны ўрэшце перамагчы».[4]
У 1923 г. Беларускім пасольскім клубам, а менавіта, Тарашкевічам распрацоўваецца праект аўтаноміі Беларусі. Юрыдычны бок кансультуе і ўхваляе вядомы адвакат Тадэвуш Урублеўскі. Але праект так і не быў заслуханы ў сейме.[5] У лютым 1924 г. разам з Радаславам Астроўскім і Аляксандрам Уласавым узяў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе і заменены на Васіля Рагулю. Паступова мяняе свае погляды і на магчымасць дэмакратычных змен у Польшчы. У прамове ў сейме 25 сакавіка 1925 года Тарашкевіч гаварыў:
«Абвінавачваеце нас у камунізме, у распальванні дыверсійнага руху, бандыцкага, як вы кажыце, а па сутнасці руху паўстанцкага, абвінавачвайце нас у тым, што не хочам быць лаяльнымі ў адносінах да польскай дзяржавы, але прыгадайце, што прыйшлі мы ў гэты сойм менавіта дзеля таго, каб знайсці тут прававую аснову; былі мы, праўда, на кароткі час, наіўнымі, мы паддаліся канстытуцыйным ілюзіям, мы спадзяваліся, што законы і канстытуцыя надзейна гарантуюць палітычныя і нацыянальныя правы. Мы прыйшлі ў гэты сойм, каб змагацца за аўтаномію. Мы выбралі прэзідэнта, мы галасавалі за ўрад Сікорскага, каб падкрэсліць сваю лаяльнасць. А што сталася? За тое, што мы набраліся смеласці выбраць прэзідэнта, вы яго забілі».[6]
Пасля гэтага зблізіўся з левым крылом БПК. 24 чэрвеня 1925 года разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Паўлам Валошыным і Пятром Мятлой выйшаў са складу БПК і заснаваў пасольскі клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады. З Сымонам Рак-Міхайлоўскім таксама супрацоўнічаў у рэдкалегіі газеты Беларуская доля. Стаў старшынёй клубу, а пасля і створанай на яго аснове масавай палітычнай партыі. Шчыльна зблізіўся з лідарамі КПЗБ і ў студзені 1926 году быў прыняты ў партыю. Патаемна ўдзельнічаў у III канферэнцыі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (студзень 1926 года). У студзені 1927 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, а ў маі 1928 г. засуджаны на 12 год зняволення. Пад час турэмнага тэрміну на Лукішках у 1929 годзе Тарашкевіч чытае «Капітал» Маркса, «Развіццё капіталізму ў Расіі» Леніна, «Фінансавы капітал» Гільфрэндынга. У 1929 тэрмін зняволення быў зменшаны да 8 гадоў, а ў маі 1930 года Тарашкевіч быў датэрмінова выпушчаны з астрога. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парламент, узначальваў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганне». Жыў у Гданьску. У лютым 1931 г. арыштаваны польскімі ўладамі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Гданьска ў Берлін. У лістападзе 1932 г. засуджаны на 8 год катаржнай турмы.
Абмен у СССР [правіць]
З верасня 1933 г. у выніку абмену палітзняволенымі жыў у СССР. Працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква).
6 мая 1937 г. арыштаваны. 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сцвярджае афіцыйная версія, ён быў расстраляны. Даследчык Леанід Маракоў выказвае меркаванне, што Браніслаў Тарашкевіч загінуў падчас катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў.[7] Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 26 студзеня 1957 года.
Сям'я [правіць]
У 1923 г. годзе ажаніўся на Веры Снітка, праваслаўнай беларусцы з Радашковічаў.[8]
У 1925 г. Браніслаў Тарашкевіч стаў бацькам. Сына назвалі Радаслаў Тарашкевіч. У сям'і яго называлі Славікам. На жаль, сына чакаў лёс не менш сумны за бацькаў, ён загінуў у баях за родныя мясціны ў 1944 г., быў партызанам.
У 1933 г. назаўсёды развітваецца з першай сям'ёй з-за палітычнага абмену ў СССР, жонка і сын маюць права паехаць за бацькам і маюць намер гэта зрабіць, але па невядомых прычынах застаюцца ў Польшчы.[9]
У 1934 г. у Маскве бярэцца шлюбам з другой жонкай, выпускніцай вышэйшых літаратурных курсаў, Нінай Палянскай. У далейшым Ніна Палянская старанна змагалася за рэабілітацыю мужа.
Навуковая і літаратурная дзейнасць [правіць]
У 1913 годзе пачынае працаваць над граматамі ХІІ ст. па загаду Шахматава едзе ў Рыжскі архіў старажытных грамат. Працуе над гістарычнай граматыкай беларускай мовы.
Дакладна не вызначана навуковая ступень Б.Тарашкевіча. Не знойдзены дакументы атрымання ім звання прафесара, але маюцца ускосныя сведчанні таму.[10]
Выступаў у беларускім друку з 1914 года. У 1918 годзе, працуючы загадчыкам культурна-асветнага аддзелу Белнацкаму, падрыхтаваў і выдаў у Вільні першую «Беларускую граматыку для школ». У ёй аўтар абагульніў і замацаваў пісьмовыя традыцыі, што складаліся ў той час у выданні мастацкай, навукова-папулярнай і публіцыстычнай літаратуры, у пісьмовым друку; улічыў здабыткі тагачаснай лінгвістычнай навукі (даследаванні Аляксея Шахматава, Яўхіма Карскага) і досвед папярэднікаў. Граматыка пасля вытрымала 6 перавыданняў. Граматыка доўгі час з'яўлялася галоўным падручнікам па беларускай мове, асабліва ў часы беларусізацыі 1920-ых гг.
Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча.
Творы [правіць]
- Заходняя Беларусь — плацдарм імперыялістычнай інтэрвэнцыі. — Мінск: Беларуская акадэмія навук, Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, 1931. 20 с.
- Сцежкай двурушніцтва і здрады // Супроць контррэволюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. — Мн.:Белдзяржвыдавецтва, 1931.
- Как живут крестьяне за границей. Москва-Ленинград, 1935.
- Дифференциация крестьянства в Польше во время кризиса // Польская деревня во время кризиса. Москва, 1935.
- Выбранае: крытыка, публіцыстыка, пераклады / Укладанне, уступ, каментарыі А. Ліса. Мінск: Мастацкая літаратура, 1991. 319 с.
Ушанаванне памяці [правіць]
Імем Браніслава Тарашкевіча названы вуліцы ў горадзе Маладзечна і ў гарадскім пасёлку Радашковічы. У 1969 годзе імя Тарашкевіча стаў насіць ліцэй з беларускай мовай навучання ў польскім горадзе Бельск-Падляскі. У 2003 годзе імем Тарашкевіча названая вуліца ў жылым раёне Сцяпянка горада Мінска.
Зноскі
- ↑ Дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва РБ, Фонд 3, Вопіс 1, справа 225, старонка 3 // Сведчанне аб паспяховасці 1910/1911 год.
- ↑ Справаздача пра дзейнасць гуртка з 1912 °C. 92-115// Бібліятэка літоўскай акадэміі навук у Вільні.
- ↑ В. Рагойша Народныя песняры Мн. 1972. — C. 254.
- ↑ B. Taraszkewicz, Białoruskie postułaty polityczne, «Przymierze», 1920. — C. 6.
- ↑ Рагуля В. // Успаміны; Нью Ёрк, 1957 °C. 41.
- ↑ Sprawozdania stenograficzne, okres I, posiedzenie 129; 13.06.1924
- ↑ http://news.tut.by/culture/261187.html
- ↑ Пецюкевіч М. // Успаміны; Бергман. А // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. С. 56.
- ↑ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы. — Мн. 1992. — С. 93.
- ↑ Бергман А. // Слова аб Браніславе Тарашкевічы, Мн. 1992. С. 25.
Літаратура [правіць]
- Клейн Б. Старонкі палымянага жыцця // Полымя. 1963. № 10. С. 141—153.
- Ліс А. С. Браніслаў Тарашкевіч. Мінск: Навука і тэхніка, 1966. 167 с.
- Марціновіч А. Быў. Ёсць. Будзе (100 гадоў з дня нараджэння Браніслава Тарашкевіча) // Літаратура і мастацтва. 1992. 7 лютага. № 6. С. 12.
- Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча. Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. 192 с.
- Валахановіч А. І., Міхнюк У. М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мінск: БелНДІДАС,1999. 197 с.
- Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч: трагічны пошук свабоды // Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск, 2001. С. 47 — 53.
- Семашкевіч Р. М. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе. — Мн, 1971.