Брацкія вайсковыя могілкі (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брацкія вайсковыя могілкі?
53°55′24″ пн. ш. 27°32′57″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Краіна
ГорадМінск
Гісторыя
Першая згадка1914
АрхітэктарМікалай Міхайлавіч Дзятко[d]
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Брацкія могілкі воінаў — мемарыяльны комплекс у Мінску паміж вуліцай Чарвякова, Старавіленскім трактам і зав. Азёрным. Некропаль з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Брацкія вайсковыя могілкі воінаў Першай сусветнай вайны былі заснаваны ў Мінску 29 лістапада 1914 года[2] на Пярэспе, паміж Старавіленскім і Далгінаўскім трактам на ўчастку зямлі, выкупленым у Кафедральнага сабора[3]. Ініцыятарам стварэння могілак быў кіраўнік Аляксандраўскага камітэта аб параненых генерал-лейтэнанта П. А. Смародскага. У 1915 годзе там была збудавана невялікая драўляная капліца[2], якая была спраектавана знакамітым Бенуа па замове імператрыцы Аляксандры Фёдараўны[3].

Могілкі падзяляліся на 12 участкаў. Усяго на іх пахавана каля 5 тысяч чалавек. У наш час у Расійскім Дзяржаўным Ваенна-гістарычным архіве захоўваюцца спісы толькі 2180 вайсковых чыноў, пахаваных на могілках, з іх пайменна вядома 1955. Асноўныя пахаванні ў гэтых спісах датаваны пачаткам 1915 – сярэдзінай 1916 гг[2].

За савецкім часам спачатку была зруйнавана капліца, а у канцы 1940-х знесены і самі могілкі. На іх месцы размясціўся т.з. калгасны Старажоўскі рынак, дзе прадавалі жывёл і птушак. Рынак праіснаваў да першай паловы 1990-х. Пасля скасавання рынку тэрыторыя могільніка атрымала статус аб'екта гісторыка-культурнай спадчыны[4]. У 2000-х гадах тэрыторыя могілак пачала добраўпарадкоўвацца[2].

Падчас стварэння мемарыяла была ўзведзена невялікая капліца ў класічным стылі з купалам і крыжам у духу архітэктуры Санкт-Пецярбурга (арх. М. Дзятко). Капліца адкрыта з трох бакоў, але каб пазбегнуць вандалізму доступ у яе абмежаваны каванымі рашоткамі[3]. Унутры мазаікі «Маці Божая «Знаменне», «Этымасія з Серафімамі, якія маюць быць», «Архангел Міхаіл», «Спас Нерукачынны» на ўбрусе», «Архангел Гаўрыіл» і ў купале — арнаментальная кампазіцыя. Інтэр'ер аздоблены мастакамі-манументалістамі С. Бышнёвым, Ф. Драгунам, А. Сушай, В. Чайкай[4]. Знадворку на порціках размяшчаюцца бронзавыя барэльефы святых войнаў Аляксандра Неўскага, Дзмітрыя Данскога, Іаана-война, а таксама арханёла Міхаіла. Вакол капліцы на гранітных пастаментах захаваны імёны загінулых і пахаваных тут ваяроў, звесткі пра якія атрымалася знайсці ў архівах[3].

Пахаванні[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным чынам на Брацкіх могілках у Мінску пахаваны пехацінцы – салдаты пяхотных, грэнадзёрскіх і стралковых палкоў Рускай Імператарскай арміі, адносна мала прадстаўнікоў іншых вайсковых спецыяльнасцяў – артылерыстаў, кавалерыстаў, сапёраў, сустракаюцца таксама пахаванні казакоў, пагранічнікаў, матацыклетчыкаў, лётчыкаў, паветраплавальнікаў, шафёраў, сувязістаў. Для пахавання афіцэраў і ваенных чыноўнікаў Рускай Імператарскай арміі прызначаўся 1-й участак могілак. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, могілкі не былі выключна праваслаўнымі. Два ўчасткі – 4-ы і 8-ы – прызначаліся для пахавання войнаў-хрысціян іншых канфесій. На 8-м участку пахаваны 107 вядомых пайменна ніжніх чыноў рымска-каталіцкага веравызнання, на 4-м – 44 ніжніх чыноў евангелічна-лютэранскага веравызнання. Пахаваны на могілках і невядомыя салдаты[2].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]