Будзівід

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Будзівід
вялікі князь літоўскі
1290 — 1295
Папярэднік: Будзікід
Пераемнік: Віцень
 
Смерць: 1295({{padleft:1295|4|0}})
Дзеці: Віцень і, магчыма, Гедымін

Будзівід (рус.: Боудивидъ, лац.: Pucuwerus; ? — да 1295) — вялікі князь літоўскі (1291—1295).

Звестак пра паходжанне Будзівіда няма, большасцю даследчыкаў, разам з Будзікідам ён лічыцца сынам вял. кн. Трайдзеня. Выснова робіцца зыходзячы з таго, што Трайдзень меў дзяцей[1] і валодаў пры канцы жыцця вялікімі сіламі, таму напэўна забяспечыў ім атрыманне сваёй спадчыны. Трайдзень не загінуў у выніку змовы, як паведамляюць пазнейшыя крыніцы[2], а памёр натуральнай смерцю[3] і крыніцы не паведамляюць пра ўнутраныя канфлікты ў ВКЛ пасля яе. Крыніцы звалі Трайдзеня «каралём Літвы» — адзінаўладцам ВКЛ, а ўжо ў 1286 у іх згадваецца іншы «кароль Літвы». Зяць Трайдзеня — Баляслаў Плоцкі, які падтрымліваў з ім цесныя сувязі захоўваў іх з ВКЛ і пасля яго смерці, нават назваў Трайдзеням свайго сына, народжанага ў 1284-1286 г. Таму паведамленне пазнейшых крыніц аб тым, што пасля смерці Трайдзеня ў ВКЛ запанавала новая дынастыя, цяжка лічыць верагоднымі. Больш праўдападобна, што ўладу атрымалі яго нашчадкі, відаць, сыны, адным з якіх быў Будзівід.

Першы раз упамінаецца ў красавіку-маі 1289 г., калі разам са старэйшым братам Будзікідам перадаў горад Ваўкавыск уладзіміра-валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, каб захаваць з ім мір.

«Тогда же Литовьскии кнѧзь Боуд̑и̑кидъ и братъ его . Боудивидъ . даша кнѧзю Мьстиславоу . городъ свои . Волъковъıескь абы с ними . миръ держалъ .»[4]

Верагодна, што ён жа (Гл. падр. Праблемы ідэнтыфікацыі) згадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 г. як «Pucuwerus rex Lethowie», калі паслаў войска на чале са сваім сынам Віценям супраць палякаў у Куяўскую зямлю. Гэты «Pucuwerus rex Lethowie» памёр да 1295 года, бо ў гэты час вялікім князем («rex Lethowie») ужо завецца Віцень.

Праблемы ідэнтыфікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Ю. Пузына атаясамлівае вышэйзгаданага Pucuwerus rex Lethowie з адным з князёў, згаданых у Іпацьеўскім летапісе пад 1289 г. — Будзівідам.[5]

З-за графічных асаблівасцяў шрыфту друкаванага выдання 17 ст. хронікі Дусбурга магчымыя яшчэ некалькі чытанняў імя князя — Putuwerus і Lutuwerus. Lutuwerus не згадваецца больш у ніякіх верагодных крыніцах, толькі Тэадор Нарбут узгадвае яго пад імем Lutawor у кантэксце фантастычных звестак, і спасылаецца на Раўданскі рукапіс і нейкія паданні[6], а відаць, што свае ж фальсіфікаты. Відавочна, на падставе гэтых звестак Адам Міцкевіч у творы «Гражына» адным з герояў выводзіць князя Літавора, у якога блізкім баярынам быццам быў нібыта продак аўтара Рымвід (Гл. таксама Адам Міцкевіч).

Самы ранні варыянт імя, з тых што дайшлі да нас — Pucuwerus, варыянты Putuwerus і Lutuwerus з'явіліся толькі ў друку 17 ст. Гэтыя, апошнія варыянты, узяліся выдаўцамі ад чытання таго ж арыгіналу, што быў і крыніцай чытання Pucuwerus, але да нас не дайшоў. Нейкі спіс з гэтага арыгіналу трымаў у руках М. Стрыйкоўскі і прачытаў там Utinuerus. З гэтага даследчыкі робяць выснову, што ўжо да сяр. 16 ст. арыгінал блага чытаўся, а ў 17 ст., калі з'явіліся Putuwerus і Lutuwerus, мусіць чытаўся яшчэ горш.

У сувязі з гэтым, варта адзначыць, што ў гатычным напісанні літары P, L і B вельмі падобныя і невялікае пашкоджанне можа ўнесці блытаніну, а пашкоджанне першай літары і тэксту наогул напэўна было, так перапісчык крыніцы Стрыйкоўскага яе (першай літары імя) наогул не бачыў. Таксама, даследчыкамі адзначана, што перапісчыкі Дусбурга часта пісалі c замест t арыгінала. Такім чынам, верагодна, адно з прачытанняў выдаўцоў 17 ст. — Putuwerus, ці не самае блізкае да праўды. Да гэтага ж, як заўважае Э. Гудавічуса, у гатычным напісанні r і t адрозніваюцца толькі вышынёй аднаго элементу, т.б. ведаючы благую захаванасць тэксту, можна ўзнавіць напісанне ў арыгінале і як Putuwetus. Таксама вядома, што немцы часта і звычайна чаргавалі як b/p, так і d/t, напрыклад Gyntsche Pudewiten son насамрэч сын вядомага айрагольскага Бутвіда. У любым выпадку, Putuwetus або Buduwedus, пагатоў у гістарычным кантэксце, добра атаясняецца з вядомым тым часам Будзівідам, асабліва зважаючы на тое, што і імя яго брата Будзікіда ў немцамі перадаецца як Butegeyde.

Зноскі

  1. Вядомая яго дачка Гаўдэмунда-Сафія, таму верагодна былі і сыны.
  2. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. М., 1975. С.136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»
  3. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 869.
  4. ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. СПб., 1908. стлб. 933.
  5. Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina//Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. s.1-43;
  6. Narbutt T. Dzieje starożytne narodu Litewskiego. t.4. s.310-313;

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Puzyna J. Kim był i jak sie naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina//Ateneum Wileńskie. t.10. 1935. S. 1-43.
  • Гудавичюс Э. По поводу так называемой «диархии» в Великом княжестве Литовском // Feodalisms Baltijas regiona, Riga, 1985, С. 35-44.
  • Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. М. Ладомир. 1997.
  • Насевіч В. Путувер // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. — Мінск, 2001. С. 8.