Будынак гарадскога тэатра (Магілёў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Будынак гарадскога тэатра
53°53′50″ пн. ш. 30°19′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Адрас Магілёў, вул. Першамайская, д. 7
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль і цагляны стыль[d]
Архітэктар Пётр Георгіевіч Камбураў
Будаўніцтва 18861888 гады
Асноўныя даты
1992-2001 — рэканструкцыя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000585шыфр 513Г000585
Стан выкарыстоўваецца па прызначэнні
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак гарадскога тэатра ў Магілёве, змешчаны па вуліцы Першамайскай, 7 — помнік дойлідства псеўдарускага стылю, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дарэвалюцыйнае фота будынка

Тэатр узведзены ў 1886—88 гг. у цэнтры горада паводле праекта епархіяльнага архітэктара П. Камбурава і губернскага інжынера У. С. Мільяноўскага[1].

У 1992—2001 гадах будынак знаходзіўся на рэканструкцыі. Спектаклі праходзілі ў будынку былога Дома палітасветы, не прыстасаванага для работы прафесійнага тэатра.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Задні фасад
План будынка

Будынак мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтральнае месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала (на 500 месцаў) з закругленай задняй сцяной. На галоўным фасадзе выступаюць два вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе двухбаковая крывалінейная ў плане лесвіца[2]. Вакол глядзельнай залы згрупаваныя вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У архітэктурным рашэнні фасадаў спалучаецца адкрытая чырвоная муроўка з белымі атынкаванымі дэталямі псеўдарускага стылю[2] (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў і нішаў разнастайных форм), гэта аздоба дробная і вельмі шчыльна пакрывае плоскасці сцен[2]. Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве[3].

Мемарыяльная дошка[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльная дошка Міхаілу Іванавічу Калініну, ўстаноўленая ў 1975 г. Уяўляе сабой дошку з белага мармуру памерам 100X60 см. У гады Грамадзянскай вайны ў 1918—20 гг. па ініцыятыве У. І. Леніна былі арганізаваны агітацыйныя цягнікі, якія вялі палітычную работу, мабілізоўвалі працоўных на абарону сацыялістычнай Айчыны. Агітноезд «Кастрычніцкая рэвалюцыя» па чале са старшынёй УЦВК М. I. Калініным 14 чэрвеня 1919 г. прыбыў у Магілёў. На Тэатральнай плошчы адбыўся мнагалюдны мітынг працоўных горада, на якім выступіў М. I. Калінін. Яго прамова адыграла вялікую ролю ў арганізацыі сіл працоўных горада на адпор інтэрвентам і ўнутранай контррэвалюцыі.

Зноскі

  1. Чарняўская Т.I. - Архiтэктура Магiлёва, 1973. стар. 51
  2. а б в Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 337. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  3. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]