Будынак дваранскага сходу (Слуцк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Будынак дваранскага сходу
53°01′27,26″ пн. ш. 27°32′46,91″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Слуцк
Архітэктурны стыль класіцызм
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000539шыфр 612Г000539
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Будынак дваранскага сходу — будынак у горадзе Слуцку Мінскай вобласці, размешчаны па адрасе вул. Леніна, 171[1]. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. У будынку знаходзіцца Слуцкі краязнаўчы музей.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будынак быў пабудаваны ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў (імаверна, у 1789[2] ці 1798 годзе[3] ў стылі класіцызму і меў прызначэнне панскай сядзібы[2]. Да пачатку XX стагоддзя будынак выкарыстоўваўся ў якасці дому дваранскага сходу, а потым стаў гарадскім клубам. У часы паміж Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі бальшавікі Слуцка ладзілі ў ім мітынгі і празвалі будынак «камуністычным клубам імя Крэйнеса» ў гонар І. Крэйнеса, аднаго з членаў Слуцкай арганізацыі бальшавікоў[4].

Ад 1952 года будынак клуба перададзены ў валоданне Слуцкага краязначага музея, дзе музей працуе па сённяшні дзень[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уваход

Аднапавярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак на высокім цокалі, накрыты вальмавым дахам[6]. Архітэктура экстэр’ера лаканічная, дэкаратыўная распрацоўка стрыманая[7].

Архітэктурна-пластычным акцэнтам будынка з’яўляецца 4-калонны порцік, якім вылучаецца галоўны ўваход[6]. Папарна ўстаноўленыя калоны падтрымліваюць драўляны трохвугольны франтон і антаблемент. Галоўны фасад у бакавых частках раскрапаваны руставанымі лапаткамі; вялікія прамавугольныя вокны ў простых ліштвах. Пад домам знаходзяцца скляпеністыя падвалы[6].

Планіроўка будынка зменена, прыстасавана пад музейную экспазіцыю[6].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

У паэме «Файнбергада», напісанай мясцовым паэтам Р. Скуратам у 1910 годзе, распавядаецца пра слуцкае «вышэйшае грамадства», якое бавіць час у будынку дваранскага сходу[8]. Сярод іх Файнберг Савеліч (па яго прозвішчы названа паэма) — уладальнік аднаго з гарадскіх паравых млыноў, Крупскі — памешчык, дзед Надзеі Канстанцінаўны Крупскай, Бярозка — бацька рускага пісьменніка Георгія Бярозкі  (руск.) (аўтара шырока вядомага ў свой час рамана «Ночь полководца»), у савецкія часы першы дырэктар 1-й школы, Мігдал — слуцкі «габсэк», ліхвяр (мясцовыя памешчыкі вырашылі ў 1910 г. яго забіць, але ён выехаў са Слуцка ў Карэлічы). Дарэчы, герой паэмы «Файнбергада» Бейнус Мігдал — бацька Аркадзя Мігдала — фізіка-тэарэтыка, акадэміка АН СССР.

Паэма была надрукавана ў грамадскім штотыднёвіку Случчыны «Айсберг» (№ 3, 6 чэрвеня 1991 г.), а першапачаткова яна была апублікавана ў газеце «Шлях Ільіча» (26 сакавіка 1988 г.) з прадмовай публікатара Р. Родчанкі.

Зноскі

  1. У Зборы помнікаў памылкова называецца Ленінскай
  2. а б Слуцкие пояса(недаступная спасылка) (руск.)
  3. Ігар Ціткоўскі Дом, які пабудаваў B.S // ARCHE Пачатак.(недаступная спасылка)
  4. Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. — С. 143. — 158 с.
  5. Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. — С. 124. — 158 с.
  6. а б в г «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік». Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993 год. 620 стар. ISBN 5-85700-078-5.
  7. «Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусі. Мінская вобласць. Кніга 2». Мінск, выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1987 год.
  8. Ціткоўскі І. Слуцкая "Файнбергада" і яе героі // Полымя. — 2009. — № 10.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]