Бульба

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Бульба
Бульба
Агульны выгляд расліны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Solanum tuberosum L., 1753

Сінонімы
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   505272
NCBI   4113
EOL   482935
GRIN   t:103137
IPNI   821337-1
TPL   tro-29600334

Бу́льба (Solanum tuberosum) — від шматгадовых клубняносных травяністых раслін з роду паслён (Solanum) сямейства паслёнавыя (Solanaceae). Клубні бульбы з'яўляюцца важным прадуктам харчавання, у адрозненне ад атрутных пладоў, якія змяшчаюць глікалкалоід саланін. Клубні бульбы маюць ўласцівасць зелянець пры захоўванні на святле, што з'яўляецца індыкатарам павышанага ўтрымання саланіна ў іх. Ужыванне ў ежу аднаго пазелянелага клубня разам з лупінай можа прывесці да сур'ёзнага атручвання. Іншым паказальнікам павышанага ўтрымання яду ў бульбе з'яўляецца гаркаваты смак.

Змест

Назва[правіць]

Сучасную навуковую назву бульбы ў 1596 годзе ўвёў Каспар Баўгін[3] у працы «Theatri botanici», пазней гэтай назвай скарыстаўся Ліней у сваёй працы «Species plantarum»[4] (1753).

У розны час іншымі аўтарамі публікаваліся іншыя навуковыя назвы, якія цяпер складаюць сінаніміку віду бульба[5].

Беларуская назва віду паходзіць ад агульнаўжывальнай назвы тапінамбура — «бульва», які быў шырока распаўсюджаны ў Рэчы Паспалітай з першай паловы XVIII стагоддзя і быў выцеснены ў канцы XVIII стагоддзя падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла ягоную назву (у літоўскай мове «бульба» — bùlvė).

Назвы на розных еўрапейскіх мовах[правіць]

Нямецкае слова «Kartoffel» паходзіць ад італьянскага «Tartufo» (труфель) праз знешнее падабенства[6], а ў аснову слова «труфель», відавочна, лёг лацінскі тэрмін «tuber», які азначае «пухліна» або «шматок», які стаў «tufer-» і парадзіў розныя еўрапейскія тэрміны: французскі «truffe», іспанскі «trufa», дацкі «Trøffel», нямецкі «Trüffel», шведскі «tryffel», нідэрландскі «Trüffel», польскі «trufel» і харвацкі «tartuf». У партугальскай мове словы «trufa» і «túbera» азначаюць у перекладзе «гарбы» і з'яўляюцца сінонімамі, апошні тэрмін бліжэйшы да лацінскага арыгіналу.

Батанічная і марфалагічная характарыстыка[правіць]

Бульба — (Solanum tuberosum, L.) — аднагадовая (у культуры) ці шматгадовая (у дзікім стане) травяністая расліна сямейства паслёнавыя[7], якая аб'ядноўвае да 150 дзікіх і культурных разнавіднасцей.

Разнавіднасці, якія належаць да роду бульба, утвараюць поліплоідны рад з асноўнай колькасцю храмасом — 2n-12, 2n-24, 3n-36, 4n-48 , 5n-60, 6n-72.

Усе сарты бульбы тэтраплоідныя (4n-48).

Каранёвая сістэма[правіць]

Solanum toberosum ex Strasburger 1900.png

Ніжняя частка расліны

Potato plant.jpg

Сажанец з адным сцяблом

Potato plants.jpg

Лісце бульбы

Каранёвая сістэма ў бульбы, якую вырошчваюць з насення, мае спачатку стрыжнёвую будову — у выглядзе зародкавага стрыжнёвага кораня з бакавымі карэньчыкамі.

Затым у аснове сцяблінкі, у яе вузлах, якія знаходзяцца ў грунце, фармуецца другасная каранёвая сістэма, якая разам з зародкавай утвараюць валасніковістыя карані. Пры вырошчванні бульбы з клубняў утвараецца толькі другасная махрыстая каранёвая сістэма.

Каля 70 % каранёў бульбы размяшчаецца на глыбіні да 30 см, а асобныя карані дасягаюць глыбіні 1,5 м.

З пазух зачаткавых лісцеў у падземнай частцы сцябла адрастаюць падземныя парасткі — сталоны, якія патаўшчаюцца на вяршынях, чым даюць пачатак новым клубням (відазмененым парасткам). На канцах сталонаў развіваюцца клубні, якія, па сутнасці, не што іншае, як вялікія пупышкі, уся маса якіх складаецца з танкасценных кантаваных клетак, напоўненых крухмалам, а вонкавая частка складаецца з тонкапластовай коркавай тканкі. Клубні спеюць у жніўні—верасні.

Сцябло[правіць]

Сцёблаў некалькі, яны травяністыя, прамастаячыя або ўзыходзячыя, вышынёй 30-150 см, у папярочным разрэзе рабрыстыя, 3-4-гранныя, радзей круглявыя, апушаныя. У некаторых сартоў уздоўж сцябловых рэбраў ёсць прамыя або хвалістыя, вузкія або шырокія крыльцы. У поздняспелых сартоў сцёблы разгаліноўваюцца ў асноўным у ніжняй частцы, хуткаспелых — у сярэдняй. Па афарбоўцы яны могуць быць зялёнымі, чырвона-фіялетавымі або чырвона-карычневымі. Прычым пігментацыя ў залежнасці ад сорту можа выяўляцца толькі ля асновы сцябла, уздоўж большай яго часткі або па ўсёй даўжыні. Часам назіраецца досыць інтэнсіўная пігментацыя, пры якой сцёблы становяцца амаль чорнымі.

Частка сцябла, пагружаная ў глебу, выпускае доўгія парасткі(руск.) бел. (даўжынёй 15-20, у некаторых сартоў 40-50 см).

З аднаго клубня вырастае ў сярэднім 4-8 сцеблаў, з якіх утвараецца куст. Па выгляду і будове кусты бываюць прамастаячыя ці раскідзістыя, мала-і многасцябловыя, з роўнымі або яруснымі сцёбламі.

Дасягае ў вышыню больш за 1 метр.

Лісце[правіць]

Potato bag cultivation.JPG

Лісце бульбы

Bouquet de fleurs de pommes de terre - 001.JPG

Кветкі бульбы

Potato fruits.jpg

Атрутныя плады (ягады) бульбы

Russet potato cultivar with sprouts.jpg

Плод бульбы з вочкамі

Potato EarlyRose sprouts.jpg

Насенне бульбы з парасткамі

У ліставых пазухах падземнай часткі сцёблаў утвараюцца бакавыя пабегі — сталоны і даўжынёй 5-20 см, часам да 35-40 см. Растуць яны ў глебе больш ці менш гарызантальна, утвараюць у вузлах карэньчыкі і могуць самастойна ўкараняцца. На канцах сталонаў з невялікіх спачатку патаўшчэнняў развіваюцца клубні.

Ліст бульбы цёмна-зялёны, перарывіста-непарнаперыстарассечаны, складаецца з канчатковай долі, некалькіх пар (3-7) бакавых долей, размешчаных адна супраць другой, і прамежкавых дзелек паміж імі. Няпарная доля называецца канчатковай, парныя долі маюць парадкавыя назвы — першая пара, другая пара і т. д. (лік вядзецца ад канчатковай долі). Долі і дзелькі сядзяць на стрыжаньках, прымацаваных да стрыжня (чаранка), ніжняя частка якога можа пераходзіць у хвосцік. Каля парных долей размяшчаюцца яшчэ больш дробныя дзелькі. Па форме яны круглявыя, авальныя, падоўжаныя, яйкападобныя, рамбічныя, востраканцовыя або авальна-востраканцовыя, апушаныя. Долі, часціцы і частачкі могуць быць сіметрычнымі (роўнавялікімі) і несіметрычнымі.

У некаторых сартоў верхняя пара долей і верхавая няцотная доля зрастаюцца асновамі, утвараючы трохлопасцевыя верхавіны. Завуць такую з'яву плюшчалістасцю(укр.) бел..

Па колькасці часціц у лісце адрозніваюць тры ступені яго рассечанасці: нязначная — лісцік мае толькі адну пару долей, а дзелькі адсутнічаюць; сярэднюю — у лістку маецца да дзвюх пар долей і адна-дзве пары дзелек; моцную — лісток з двума -трыма парамі долей і шматлікімі дзелькамі.

У залежнасці ад шчыльнасці размяшчэння долей лісці могуць быць густа-, сярэдня-і рэдкадолькавымі. У густадолькавых лісцікі долей размешчаны шчыльна, часта налягаюць сваімі паверхнямі адзін на аднаго, у сярэднедолькавых яны толькі дакранаюцца бакамі, у рэдкадольных паміж часціцамі ёсць прамежкі. З ніжняга боку долей прыкметная сетка жылак, якія бываюць пігментаванымі.

Лісце размешчана на сцеблах спіральна. Ля сваёй асновы маюць два серпападобныя або лістападобныя прылісткі.

Кветкі[правіць]

Diagramme floral Solanum tuberosum-tag.svg

Кветкі двухполыя, правільныя, у верхавінных шчытках; пяціраздзельныя[8]: чашачка складаецца з пяці востра зубчастых, узрослых у аснове чашалісцікаў, венчык — з пяці зрослых пялёсткаў. У кветцы размяшчаюцца 5 тычачак, пылавікі якіх на кароткіх ножках шчыльна складзеныя ў цыліндрычную або конусападобную калонку, і песцік з верхняй завяззю з лычыкам, які праймае цэнтральную ўнутраную частку калонкі і выдаецца над пылавікамі або роўны з імі, а часам ніжэйшы за іх.

Венчык зрослапялёсткавы, белы, сіні, сіне-фіялетавы, ружовы, чырвона-фіялетавы. Пылавікі аранжавыя, жоўтыя, жоўта-зялёныя. Калі ў кветках утвараюцца аранжавыя або жоўтыя пылавікі, пылок якіх здольны да нармальнага апладнення, то пры багатым красаванні на раслінах развіваецца шмат пладоў; у сартоў, якія маюць кветкі са стэрыльнымі жоўта-зялёнымі пылавікамі, плод не ўтвараецца.

Кветкі на раслінах сабраны ў суквецці-шчыткі, якіх на адным кветканосе бывае ад 2 да 4.

Цвіце ў чэрвені-жніўні.

Плод[правіць]

Плод — шматнасенная, жоўта- або цёмна-зялёная, круглявая або круглява-авальная, атрутная ягада дыяметрам 2 см.

Насенне дробнае, яйкападобнасплюснутае, бледна-жоўтае або крэмавае. Маса 1000 семачак — 0,5-0,6 г.

У зялёных вегетатыўных частках расліны змяшчаецца алкалоід саланін, які служыць для абароны расліны ад паражэння бактэрыямі і некаторымі відамі насякомых. У сувязі з гэтым пазелянелыя клубні бульбы не ядомыя.

Potato flowers.jpg
Aardappel blad Solanum tuberosum.jpg
Aardappel bessen Fresco.jpg
SolanumTuberosumYoungTuber.jpg
Злева направа: суквецце, ліст, плады, клубень

Клубні бульбы[правіць]

Фіялетавыя клубні бульбы

Марфалогія клубняў. Клубень — вегетатыўны орган, які ўтвараецца на канцы падземнага сцябла — сталона. Пра вегетатыўнае паходжанне клубня сведчыць наяўнасць на маладых клубнях недаразвітых лісточкаў ў выглядзе лускавінак. Пасля іх адмірання на паверхні клубня застаюцца дугападобныя рубцы — броўкі, у пазухах якіх размяшчаюцца 3 пупышкі. Броўкі разам з пупышкамі называюць вочкамі. Яны бываюць глыбокімі — пры заляганні пупышак ў паглыбленнях клубня, неглыбокімі — з размяшчэннем пупышак амаль на ўзроўні з паверхняй клубня і павярхоўнымі, калі пупышкі выступаюць над паверхняй клубня, утвараючы грудок.

Вочкі размяшчаюцца на клубнях спіральна. Колькасць іх на клубнях сярэдняга памеру — 6-12, на вялікіх — да 15-20. Менш вочак у ніжняй частцы клубня, больш за ўсё — у верхняй. Жыццяздольнасць пупышак ў вочку неаднолькавая, найбольш высокая — у сярэдняй пупышкі. Пры пасадцы клубняў або, калі іх прарошчваць перад пасадкай, прарастаюць не ўсе пупышкі, а толькі іх трэцяя-чацвёртая частка, у асноўным тыя, якія размяшчаюцца на верхавіне клубня.

Парасткі, якія ўтвараюцца з пупышак клубняў, у залежнасці ад колькасці святла пры прарастанні могуць мець колер ад белага з жоўтым, ці зялёным адценнем, да чырвона- , сіне- ці цёмнафіялетавага.

На паверхні клубня ёсць шмат невялікіх светлых адтулін, праз якія ажыццяўляюцца дыханне і транспірацыя вады.

Сваёю ніжняй часткаю, якая яшчэ называецца пупавінай, асновай, сталонным паглыбленнем, або западзінай, клубень злучаецца са сталонам; процілеглая ад яе — верхняя частка, або вярхушка клубня з верхняй пупышкаю.

Па форме клубні бываюць круглявымі, авальнымі або падоўжанымі. У круглявых клубняў ва ўсіх напрамках памеры амаль аднолькавыя, у авальных — адзін з кірункаў перавышае іншыя ў 1,5 раза, у падоўжаных — у 2 разы і больш. Ёсць гатункі з прамежкавай формай клубняў — яйкападобнай, плоскаавальнай, бочкападобнай і інш. Клубні пакрыты гладкай, лускуватою або сеткаватай лупінай. Афарбоўка мякаці клубняў розная — белая, жоўтая, светла-ружовая, часам чырвоная, сіняя. Паверхня клубняў мае таксама розную афарбоўку — белая, ружовая, чырвоная, сіне-фіялетавая і г. д.

Анатамічная будова клубня[правіць]

На падоўжаным разрэзе саспелага клубня пад мікраскопам выразна відаць наступныя элементы: скурк (у маладога клубня эпідэрміс), кару, камбій, судзінкавыя пучкі, сэрцавіну.

Лупіна — вонкавы ахоўны пласт клубня, складаецца з некалькіх радоў коркавых клетак другаснай покрыўнай тканкі — перыдэрмы. Пад лупінай знаходзіцца кара, якая складаецца з парэнхімных клетак, запоўненых крухмальнымі зёрнамі, і праводных элементаў лубу — рэшатападобных трубак флаэмы. Пад карою знаходзіцца пласт клетак камбію, з якога ў цэнтры клубня ўтвараюцца элементы ксілемы. Цэнтральная частка клубня запоўнена парэнхімнымі клеткамі сэрцавіны, якія разыходзіцца радыяльнымі прамянямі да вочак ў месцах іх размяшчэння.

У парэнхімных клетках клубняў утрымліваюцца крухмальныя зёрны. Найбольшая колькасць іх знаходзіцца ва ўнутраных клетках кары і знешніх — сэрцавіны, найменшая — у складзе вадзяністых клетак цэнтральнай сэрцавіны.

Біялагічныя асаблівасці[правіць]

Solanum tuberosum.png
Рысункі бульбы з кнігі Каспара Баўгіна «Theatri botanici»

Размнажаецца вегетатыўна — клубнямі або часткамі клубняў, якія высаджваюцца на глыбіню ад 5 да 10 см, а таксама насеннем (для атрымання новых гатункаў і часам у сучасных тэхналогіях). Мае надземнае травяністае сцябло і падземныя парасткі-сталоны, якія на канцах патаўшчаюцца і ўтвараюць клубні. Бульба даволі патрабавальная да клімату, аднак вялікая разнастайнасць сартоў дазваляе вырошчваць яе на розных тэрыторыях. Клубні бульбы пачынаюць прарастаць пры тэмпературы 8-10 °C. Бульба не вытрымлівае нізкай тэмпературы і пры мінус 1-2 °C гіне. Расліны лепш растуць пры тэмпературы 20 °C, а клубні — пры 15-18 °C. Калі гарачае надвор'е стаіць доўгі час (тэмпература большая за 30 °C), то клубні не завязваюцца. Ва ўмовах высокай тэмпературы якасць клубняў пагаршаецца, яны заўчасна старэюць, а пасля выпадзення дажджоў з іх вочак пачынаюць расці сталоны, на якiх утвараюцца новыя клубні. Таму для ўтварэння клубняў самай спрыяльнай з'яўляецца тэмпература глебы каля 20 °C, пры якой засваенне вугляроду адбываецца найбольш інтэнсіўна. Пасля фарміравання клубняў раслінам патрэбна тэмпература глебы каля 15-18 °C.

Прарастанне пупышак клубняў у глебе пачынаецца пры 5-8 °C (найлепшая тэмпература для прарастання бульбы каля 15-20 °C). Для фотасінтэзу, росту сцеблаў, лісця і красавання — 16-22 °C. Найбольш інтэнсіўна клубні ўтвараюцца пры начной тэмпературы паветра 10-13 °C. Высокая тэмпература (начная каля 20 °C і вышэй) выклікае цеплавы звод. З насенных клубняў развіваюцца расліны з рэзка паніжанай прадукцыйнасцю. Усходы і маладыя расліны пашкоджваюцца пры замаразках у −2 °C.

Бульба даволі патрабавальная да вільгаці. Аптымальны запас вільгаці ў глебе для яе 70-85 % найменшай вільгацяёмістасці. На працягу вегетацыйнага перыяду патрэба раслін ў вільгаці змяняецца. У першай фазе росту бульбы трэба значна менш вільгаці, чым у перыяд бутанізацыі, квіцення і клубнеўтварэння. Але празмернае колькасць ападкаў (вільгаці) менавіта ў перыяд клубнеўтварэння прыводзіць да разрастання клубняў і ўтварэння на іх нарастаў (дзетак), перш за ўсё на заўчасна дарослых клубнях. Транспірацыйны каэфіцыент(руск.) бел. бульбы ў значнай ступені залежыць ад метэаралагічных умоў і вагаецца ў межах 300—600 г вады на 1 г сухога рэчыва.

На фарміраванне надземнай часткі і клубняў расходуецца шмат пажыўных рэчываў, асабліва ў перыяды максімальнага прыросту вегетатыўнай масы і пачала клубнеўтварэння. Пры ўраджаі 200—250 ц з 1 га расліны здабываюць з глебы 100—175 кг азоту, 40-50 кг фосфару і 140—230 кг калію.

Лепшыя для бульбы глебычарназёмы, дзярнова-падзолістыя, шэрыя лясныя, асушаныя тарфянікі; па механічнаму складу — супяскі, лёгкія і сярэднія суглінкі.

Лічынкі каларадскага жука на бульбе

Па сваіх біялагічных асаблівасцях бульба патрабуе добрай аэрацыі глебы, бо каранёвая сістэма і сталоны паглынаюць шмат кіслароду з глебавага паветра. У вельмі вільготнай, шчыльнай глебе ўтрыманне кіслароду зніжаецца да 2 % і ніжэй, а ўтрыманне вуглекіслаты ўзрастае да такога ўзроўню, што клубні задыхаюцца і загніваюць. Ва ўшчыльненай глебе завязваюцца дробныя і дэфармаваныя клубні. Першай прыкметай недахопу паветра з'яўляецца з'яўленне на паверхні скуркі клубняў белых грудкоў. У такіх выпадках трэба прыняць меры для паляпшэння аэрацыі — правесці глыбокае рыхленне.

Бульба — культура «друзлых» глеб. Самыя лепшыя для яе лёгкія і супяшчаныя, суглінкавыя глебы, у якія лёгка пранікае вільгаць і паветра, і якія ўтрымліваюць дастатковую колькасць пажыўных рэчываў(укр.) бел.. Шчыльнасць грунтоў(укр.) бел. для добрага росту і развіцця раслін павінна быць у межах 1-1,2 г/см ³. На шчыльных, цяжкіх глебах з'яўленне ўсходаў затрымліваецца на 5-6 дзён, расліны адстаюць у росце, маюць меншую асіміляцыйную паверхню, зніжаецца ўраджайнасць, а клубні дэфармуюцца, каранёвая сістэма павярхоўная і дрэнна развіваецца. Бульба лепш расце на глебах са слабакіслай ці нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору (рН 5,2-7). Цяжкія карбанатныя глебы мала прыдатныя для бульбы.

Лепшымі ўгнаеннямі служаць калійныя солі, затым касцяная мука, вапна, гной. Лішак азотных угнаенняў у глебе непажаданы, бо гэта спрыяе разрастання бацвіння на шкоду ўтварэнню клубняў.

Сарты, раянаваныя ў Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская 3, Тэмп, Арбіта.

Самую значную шкоду бульбаводству наносіць каларадскі жук.

Разнавіднасці, падвіды і формы[правіць]

У прыродных умовах сустракаецца каля 10 разнавіднасцей віду бульба[9]:

Выкарыстанне[правіць]

Бульба — досыць высокакаларыйная ежа (100 грамаў прыгатаванай бульбы — каля 80 ккал). Утрымлівае ў сабе ваду (~80 %), вугляводы (19 %), нязначную колькасць бялку (1,7 %), мінімальную колькасць тлушчу, невялікую колькасць жалеза і вапны, а таксама вітаміны Bl E3 і C. Вядома больш як 170 дзікарослых і культурных відаў. З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў разнастайных страў, яна ідзе на корм жывёле.

Распаўсюджанне і гісторыя культуры[правіць]

Пачатак культывацыі[правіць]

Карта распаўсюджвання падвідаў Solanum tuberosum у Паўднёвай Амерыцы: S. t. andigena (залатым) і S. t. turberosum (карычневым).
Кераміка культуры Мачыка(руск.) бел. ўяўляе клубні бульбы. Музей Ларка(укр.) бел., Ліма, Перу

Радзіма бульбы — Паўднёвая Амерыка, дзе да гэтага часу можна сустрэць дзікарослую бульбу.

Увядзенне бульбы ў культуру (спачатку шляхам выкарыстання дзікіх зараснікаў) пачалося прыкладна 14 тыс. гадоў назад [10] індзейцамі Паўднёвай Амерыкі — ацтэкі і інкі, а таксама паўночнаамерыканскія плямёны іракезаў. Яны не толькі ўжывалі бульбу ў ежу, але і пакланяліся ёй, лічачы адушаўлёнай істотай.

Першыя апісанні[правіць]

Першыя спарадычныя згадкі пра бульбу (yoma на мове чыбча-муіскаў) сустракаюцца ў іспанскіх дакументах, якія апісваюць заваяванне Новага Каралеўства Гранада (тэрыторыі Калумбіі і Венесуэлы): у Гансала Хіменес дэ Кесада (1539, яны адрэдагаваны ананімным аўтарам у 15481549 гадах; 1550), Хуана дэ Кастэльянаса (1540), Паскуаля дэ Андагоя(руск.) бел. (1540) у Фернандэса дэ Аўеда(руск.) бел. (1545). Хімэнэс дэ Кесада ў сваім дакладзе «Кароткі пераказ заваявання Новага Каралеўства Гранада», кажучы пра жыхароў заваяванай ім тэрыторыі, паведаміў пра найбольш важныя расліны, якія выкарыстоўваюцца імі ў ежу:

Ежай гэтых людзей гэтых людзей служыць тое ж, што і ў іншых частках Індый, таму што іх галоўным харчаваннем з'яўляецца маіс [maíz] і юка [yuca]. Акрамя гэтага ў іх ёсць 2 ці 3 разнавіднасці раслін, з якіх яны здабываюць вялікую карысць для свайго харчавання, якімі ёсць адны, падобныя на труфелі, званыя іонас [ionas][11], іншыя — падобныя на рэпу, званыя кубіас [cubias], якія яны кідаюць у сваю ежу, ім яны служаць важным прадуктам.

У рукапісе ананімнага Слоўніка і граматыкі мовы чыбча (каля пач. XVII стагоддзя)[12] прыводзяцца розныя віды бульбы:

  • «Труфель жывёл. — Niomy»;
  • «Труфель, корань. — Iomza [ці] iemuy»;
  • «Жоўты труфель. — Tybaiomy»;
  • «Шырокі труфель. — Gazaiomy»;
  • «Доўгі труфель. — Quyiomy»;

Канкістадор Паскуаль дэ Андагоя ў 1540 паказваў у сваім «Паведамленні аб дзеяннях Педрарыяса Давілы ў правінцыях Цьера-Фірме або Залатая Кастылія», што «гэтая даліна і мясцовасць Папаян вельмі прыгожая і ўрадлівая. Правізіяй [тут] з'яўляецца маіс і нейкія карані, званыя папас, падобныя на каштаны, і іншыя карані, падобныя на рэпу, не лічачы шматлікай садавіны»[13].

Першая частка кнігі «Хроніка Перу(руск.) бел.», 1553 год.

Дзякуючы гісторыку і канкістадору Педра Сьеса дэ Леону ў Еўропе падрабязна даведаліся пра такую ​​культуру, як бульба, з яго твора «Хроніка Перу», апублікаванага ў 1553 годзе ў горадзе Севілья, дзе ён таксама паведамляе, што сустракаў бульбу ў Кіта (Эквадор), Папаян і Паста (Калумбія). Ён жа, абапіраючыся як на ўласныя назіранні, так і на звесткі канкістадораў-папярэднікаў, сабраныя дзякуючы сваёй пасадзе ў апараце віцэ-караля Педра дэ ла Гаска, даў яго першае апісанне, правільны спосаб падрыхтоўкі і захоўвання:

«З мясцовых прадуктаў, за выключэннем маісу, ёсць яшчэ два, якія лічацца ў індзейцаў асноўнымі харчовымі прадуктамі. Адзін яны называюць Папас [клубні бульбы], накшталт труфеляў, пасля варэння робяцца такімі ж мяккімі ўнутры, як і вараныя каштаны, у яго няма ні шкарлупіны, ні костачкі, толькі тое, што ёсць і ў труфеляў, таму што ён утвараецца пад зямлёй, як і яны. Вырабляе гэты плод трава, якраз [на выгляд], як [наш] палявы мак»[14], «…і яго яны сушаць на сонцы, і захоўваюць ад адной уборкі ўраджаю да другой. Пасля высушвання яны называюць гэтую бульбу „chuño[15] і яна вельмі імі цэніцца і шмат каштуе, таму што ў іх няма арашальных каналаў, як у многіх іншых месцах гэтага каралеўства, для палівання сваіх палёў, ім нават не хапае прыроднай вады для пасеваў, яны адчуваюць патрэбу і нястачы, калі ў іх няма гэтай высушанай бульбы.»[16]

Распаўсюджанне ў Заходняй Еўропе[правіць]

Першымі паспыталі бульбу іспанскія маракі, а потым бульба трапіла ў Італію, дзе перуанскі «папу» назвалі «тартуфолі»; пасля яна з'явілася і ў іншых краінах[17]. У (Іспаніі) бульба ўпершыню была завезена, мабыць, тым жа Сьеса дэ Леонам у 1551 годзе, пры яго вяртанни з Перу.

У далейшым культура распаўсюдзілася ў Італіі, Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых еўрапейскіх краінах. Спачатку бульба была прынята ў Еўропе за дэкаратыўную расліну.

Лічылася, што яна не з'яўляецца здаровай для хрысціян. Гэта не спрыяла масаваму вырошчванню бульбы. У гэты перыяд бульба таксама пачала выкарыстоўвацца ў медыцыне. Нарэшце, дзякуючы недахопу прадуктаў у часы войнаў, бульбу сталі шырэй выкарыстоўваць нямецкія сяляне, і яна распаўсюдзілася далей па ўсёй Еўропе.

Едакі бульбы, 1885. Вінцэнт ван Гог

У Францыі яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя своеасабліва выкарыстоўвалі бульбу: кветкамі бульбы ўпрыгожвалі валасы, рабілі з іх букеты. На бульбяныя кветкі ўсталявалася такая мода, што прыйшлося рабіць штучныя, бо жывых стала не хапаць[17]. У Германіі садзілі бульбу на клумбах перад палацамі[17].

Аграномам, які выявіў, што бульба валодае высокімі смакавымі і пажыўнымі якасцямі, а зусім не атрутная, як лічылася раней, з'яўляецца аптэкар Антуан Агюст Парманцье. Толькі на пачатку XIX стагодзя дзякуючы яго гарачай прапагандзе ў Францыі сталі вырошчаваць бульбу для ўжывання ў ежу[17].. А. Парманцье паставілі помнік на плошчы ў горадзе Мандзідзье[17].

Помнік А. Парманцье ў г. Мандзідзье(руск.) бел.


" Сярод незлічонага мноства раслін, якія пакрываюць паверхню сушы і водную паверхню зямнога шара, няма, магчыма, ні адной, якая з большым правам заслугоўвала б увагі добрых грамадзян, чым бульба.
"

Неўраджай бульбы, справакаваны уплывам патагеннага мікраарганізма Phytophthora infestans, які выклікае фітафтароз, стаў адной з прычын масавага голаду(руск.) бел., які паразіў Ірландыю у сярэдзіне XIX стагоддзя.

Распаўсюджанне ва Усходняй Еўропе[правіць]

Рэч Паспалітая[правіць]

У Рэчы Паспалітай стала вядомая ў XVII ст. Лічыцца, што ўпершыню бульбу ў краіну завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай (12 верасня 1683 года).

Першапачаткова бульбу выкарыстоўвалі як лекавую і дэкаратыўную расліну, у якасці ядомай палявой культуры пачала масава спажывацца па ўсёй Еўропе з 2-ой паловы XVIII ст.

У якасці экзатычнай стравы бульба стала вядомая на магнацкім стале ў Рэчы Паспалітай напрыканцы XVII ст. У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім, слынным «Compendium ferculorum albo zebranie potraw» («Усё пра стравы, альбо збор страў»), згадваецца першая бульбяная прысмака для эліты краіны. Пад назваю «tertofelle» хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і пакроеную на скрылікі смажылі. Кніга пабачыла свет у 1682 годзе і на працягу XVIII ст. неаднаразова перавыдавалася.

Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панавання караля польскага і вялікага князя літоўскага, Аўгуста III (17361763), на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны ў 2-ой трэці XVIII ст. Але ў гэты час яна вырошчвалася толькі ў каралеўскіх эканоміях, нямецкімі каланістамі. Найбольш значным бульбаводчым цэнтрам напрыканцы 1780-х гадоў стала тэрыторыя Полацкага намесніцтва. У 1788 годзе тут у «пасеве» бульба займала ўсяго 7 чвэрцяў, а ў «ураджаі» — 21 чвэрць, але праз два гады ў «пасеве» было 4617 чвэрцяў, а ў «ураджаі» — 18759 чвэрцяў. На Суражчыне ў гэты час вырошчвалі бульбу не толькі на агародах, але і на панскіх палетках.

Першапачаткова беларускае сялянства ставілася надзвычай недаверліва да гэтай агрыкультурнай навацыі, здзяйсняла акты сабатажу, адмаўляючыся яе садзіць.

Расійская імперыя[правіць]

Манахі, якія садзяць бульбу, 1910 г.

З'яўленне ў Расіі бульбы Вольнае эканамічнае таварыства звязвала з іменем Пятра I, які ў канцы XVII стагоддзя даслаў у сталіцу мяшок клубняў з Галандыі нібыта для рассылання па губерням для вырошчвання. Але бульба не атрымала распаўсюджвання ў Расіі ў часы Пятра I. Шырокае распаўсюджванне пачалося з указам Сената ў 1765, у перыяд праўлення Кацярыны II, і завоз з-за мяжы партыі насеннай бульбы, разасланага па краіне. Спачатку насельніцтва не прыняло новую культуру (з-за мноства атручванняў ад ужывання пладоў). «Гістарычная даведка аб увядзенні ў Расіі культуры бульбы» кажа: «іншаземнае новаўвядзенне было прынята ў нас асобнымі людзьмі, пераважна іншаземцамі і некаторымі прадстаўнікамі вышэйшых саслоўяў … Яшчэ ў валадаранне імператрыцы Ганны Іванаўны за сталом прынца Бірона(руск.) бел. бульба ўжо з'яўлялася як смачная, але зусім не рэдкая страва». Сяляне называлі бульбу «чортавым яблыкам» і лічылі вялікім грахом ўжыванне яго ў ежу. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя па Расіі пракацілася хваля «бульбяных бунтаў».

Асабліва хутка сталі павялічвацца плошчы пад бульбу ў 18401842 гадах . 24 лютага 1841 года выйшла распараджэнне расійскага ўрада «Аб мерах да распаўсюджвання гадоўлі бульбы». Накладам у 30 000 асобнікаў па ўсёй Расіі разаслалі бясплатныя навучанні па правільнай пасадцы і вырошчванню бульбы. Штогод ўсю інфармацыю аб вырошчванні бульбы губернатары адсылалі ў Пецярбург. Да канца XIX стагоддзя ў Расіі ёю было занята больш за 1,5 млн га.

XIX ст. стала часам шырокага распаўсюджання новай агрыкультуры на беларускіх палетках. Калі ў Гродзенскай губерні ў 1822 годзе было сабрана 7,1 тысяча чвэрцяў бульбы, то ў 1827 годзе ўжо ў 100 раз болей. У справаздачах Мінскай ды Віцебскай губерняў за 1828 год адзначалася, што бульба з'яўляецца «пособием к продовольствию…родится в изобилии… с успехом повсеместно здесь разводится». У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 год адзначалася: «картофель занимает первое место в числе возделываемых …овощей, способствует продовольствию народа, прокормлению скота и удобрению полей». У гэты ж час стравы з бульбы становяцца надзвычай важным складнікам харчавання беларускага народу. Іменна ў гэты час бульба становіцца пануючай палявой культурай, «другім хлебам», хаця не будзе перабольшваннем сказаць, што для бяднейшых сялян яна была ўвогуле ці не адзіным і першым хлебам. Услухаемся ў радкі аднаго з сучаснікаў: «…горох, часть ячменя, овес крестьяне сбывают, а картофелем питаются почти круглый год».

Potatoes.jpg

Поспехі бульбаводства, «бульбяны бум», далі свае станоўчыя вынікі ў галіне селекцыі. Ужо ў 1860-х гадах узнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. У жніўні 1853 года ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце была адкрыта выстаўка, на якой экспанавалася 28 гатункаў бульбы з батанічнага саду інстытута, а таксама прадукты з бульбы ў выглядзе мукі і крупкі. У 1868 годзе «Земледельческая газета» пісала пра тое, што ў Горацкім павеце меліся гатункі «на кои почти не имеют влияния неблагоприятствующие обстоятельства, вредящие всем прочим. Так, например, в нашем уезде, в с. Слижах, у одного хозяина картофель ежегодно дает более десяти зерен и величиной превосходит гусиные яйца … Обилием крахмала и вкусом слижевский картофель превосходит все возможные сорта». Вельмі высокімі якасцямі валодала мсціслаўская ды быхаўская бульба. Вядомы знаўца гэтае справы, А. Палтарацкі пісаў : «Мне прыходзілася бачыць розныя гатункі бульбы, але нідзе не бачыў я такой буйнай і сапкай, як у Мсціслаўскім павецеБыхаўская бульба таксама добрая».

Паводле дадзеных, змешчаных у «Живописной России» (1882 год) на тэрыторыі Беларускай вобласці (пад гэтым тэрмінам у выданні разумеліся Мінская, Магілёўская, Віцебская і этнаграфічна беларускія часткі Смаленскай губерняў) збіралася да 5 мільёнаў чвэрцяў бульбы. На той жа тэрыторыі ў 1905 годзе пасяўная плошча пад бульбу займала 202.580 дзесяцін ворнай зямлі (5,8 працэнтаў усёй пасяўной плошчы).

У 1890-я гады на тэрыторыі Беларусі ўжо вылучаліся 4 зоны бульбаводства. Да першай адносіўся Рэчыцкі павет. Тут пад бульбу былі заняты 18,1 % пасяўных плошчаў. Да другой зоны належалі тэрыторыі Барысаўскага, Гомельскага, Рагачоўскага, Чэрыкаўскага паветаў (12,1 — 15 % плошчаў). Да трэцяй зоны адносіліся Мінскі, Бабруйскі, Клімавіцкі, Чавускі, Быхаўскі, Магілёўскі, Аршанскі, Сенненскі паветы (9,1 — 12 % плошчаў), а да чацвёртай зоны адносілася тэрыторыя Горацкага павету ды ўсёй Віцебскай губерні (6,1 — 9 % плошчаў). На пачатку XX стагоддзя беларускае бульбаводства было найлепшым і адным з наймацнейшых у Расійскай імперыі. На 1913 год прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасці — пасяўная плошча склала 583,3 тыс. га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 мільёны тон, ці 12,6 % валавога збору ў Расіі.

Паводле назіранняў Часлава Пяткевіча ва Усходнебеларускім Палессі ў другой палове XIX ст. бульбу садзілі «пад саху, у кожную баразну або чэраз баразну ў другой палавіне красавіка (калі зямля пацяплее, бо ў халоднай папухне, пакуль узыдзе). За сахой ідзе жанчына з каробкай напоўненай клубнямі і кідае іх у баразну на адлегласці 30 см адзін ад аднаго па адным ці больш у залежнасці ад велічыні; напаступны заход сахі гэту баразну закрывае. У кожную баразну кідаюць тады, калі садзяць невялікую колькасць і на лепшай глебе (пагной), а праз баразну садзяць тады, калі займаюць большую плошчу на няўгноенай ніве (простаполле)». Палешукі бульбу садзілі і на агародах, з дапамогай лапаты «дзвюма асобамі: першы ўбівае ў зямлю лапату амаль па дрэўца і выкідвае зямлю на паверхню, другі бярэ з каробкі клубні і кідае ў тую ямку па адным ці па некалькі ў залежнасці ад іх велічыні. Зямлёй, выкапанай з наступнай ямкі, прыкрываецца папярэдняя, у якую ўжо ўкінулі бульбу, і г.д.».

Такім чынам, поўная і незваротная «беларусізацыя» бульбы адбылася ў XIX ст. У сярэдзіне таго ж стагоддзя без бульбы немагчыма было ўжо ўявіць жыццё беларускага паспалітага люду. Бульба ўваходзіць у фальклор, пра яе складаюць песні, танчаць пад іх. Адна з папулярнейшых беларускіх полек увогуле можа лічыцца за своеасаблівы бульбяны гімн:

Гарні, гарні бульбу з печы
У торбачку — ды на плечы
Бульбу пякуць, бульбу вараць
Бульбу ядуць, бульбу хваляць
З бульбы мука, з бульбы каша
Прападзі ты, доля наша
Адзін лапаць, другі бот,
А я шляхціц, далібог!

У Расіі і Беларусі ў XIXXX стагоддзях бульба лічылася «другім хлебам», гэта значыць адным з асноўных прадуктаў харчавання.

Сёння бульба ў Беларусі лічыцца нацыянальнай культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс. га (1993).

Хімічны склад[правіць]

Незвычайная форма клубню бульбы

Клубні бульбы — гэта сапраўдная кладоўка вітамінаў і мікраэлементаў. У бульбе знойдзены рэтынол, рыбафлавін, тыямін, пірыдаксін, аскарбінавую кіслату, эргакальцыферол, біяфлаваноіды, нікацінавую кіслату[18]. З мікраэлементаў выяўлена медзь, кобальт, нікель, ёд, марганец[18].

Клубні бульбы ўтрымліваюць каля 25 %[7] сухога рэчыва, асноўнымі складнікамі якой з'яўляюцца крухмал — 80-85 %[7][19] (у залежнасці ад месца вырошчвання і сорту; па іншых дадзеных 15-25 %[20]), каля 2 — бялка (1,5-2,1 %[20]; да 3 %[7]), 0,3 % — тлушчу (0,3-0,6 %[20]).

Бялок бульбы (туберын; до 2 %)[21] найбольш паўнавартасны з усіх раслінных. Ён багаты амінакіслотамі і адносіцца да паўнавартасных. Бялок бульбы змяшчае 14 з 20 незаменных амінакіслот, а каэфіцыент яго пажыўнай каштоўнасці ў параўнанні з бялком курынага мяса, які лічыцца паўнавартасным для харчавання чалавека, складае 0,85[7].

Клубні бульбы багатыя вітамінамі. У іх ёсць аскарбінавая кіслата (10-54 мг%), амаль увесь комплекс вітамінаў (тыямін, рыбафлавін, пірыдаксін, фалійная і нікацінавая кіслоты), караціноіды, такаферол і, нікацінамід, біятын і супрацьязвенны фактар ​​- вітамін U[7]. Асабліва багатымі вітамінам C з'яўляецца свежасабраныя клубні, пасля двухмесячнага захоўвання колькасць вітаміна C памяншаецца амаль удвая[22].

Каля 1 % сухога рэчыва прыпадае на долю мінеральных рэчываў[7]. З мінеральных рэчываў бульба багатая на калій (568 мг на 100 г сырой масы) і фосфар (50 мг). У ёй утрымліваюцца солі кальцыю (12-15 мг%), магнію, жалеза (1 мг%) серы, марганца, ёду, нікелю, кобальту, медзі і інш[7].

Акрамя таго, у клубнях бульбы знойдзены стэрыны (сцігмастэрын, кампестэрын, сітастэрын), ліпіды і арганічныя кіслоты (кававая, хларагенавая, цытрынавая, шчаўевая, яблычная).

Уся надземная частка расліны і скурка клубняў ўтрымліваюць глюкаалкалоіды, галоўнымі з якіх з'яўляюцца саланін і чаканін[7].

У клубнях (мякаці) змяшчаецца ад 3 да 7[20]-10[23]мг % саланіну, таму іх не выкарыстоўваюць у сыром выглядзе — гэта можа выклікаць атручванне. На сонцы ўтрыманне саланіна можа дасягнуць да 20-40 мг% і клубні набываюць горкі прысмак. Пры ўтрыманні саланіна вышэй за 20 мг%, а таксама выкарыстанні пазелянелых клубняў без чысткі — у ежу ўжываць нельга[20]. У лупінах ўтрыманне саланіну складае 30-60 мг%, у праростках бульбы змяшчаецца 400—800 мг% саланіну[23]. У вялікай колькасці саланін зніжае актыўнасць ферменту халінестэразы, важнага для нервовай сістэмы[21]. Прыкмета гэтага — галаўны боль, млоснасць, а таксама запавольванне рэакцый на знешнія раздражняльнікі[21].

Выкарыстанне[правіць]

Баварскі бульбяны кнёдль ў час прыгатавання

Бульба - каштоўны прадукт харчавання. Бульба культывуюць як на палях, так і на прысядзібных участках. Бульба адыгрывае важную ролю ў харчаванні многіх народаў свету. 2008 год ААН абвясціла Міжнародным годам бульбы. На думку экспертаў, гэтая высокаўраджайныя культура — «прадукт харчавання будучыні».

Бульба валодае ўнікальным наборам арганічных і неарганічных злучэнняў жыццёва важных для чалавечага арганізма. Нездарма пасля ўкаранення бульбы ў Еўропе практычна спыніліся эпідэміі цынгі. Гэта тлумачыцца тым, што ужываючы ў ежу стравы з бульбы, еўрапейцы ўзбагацілі свой арганізм вітамінам C, дэфіцыт якога служыць галоўнай прычынай ўзнікнення гэтага захворвання.

У нармальным сутачным рацыёне чалавека ў залежнасці ад заняткаў і выдаткаў энергіі каларыйнасць ежы павінна складаць каля 3000 ккал (12.552 кДж). Для атрымання 100 ккал (418,4 кДж) арганізм павінен атрымаць з ежай 107—120 г бульбы або 300 г морквы, 500 г капусты, 650 г таматаў , 1000 г агуркоў. Адзін кілаграм бульбы можа даць 940 ккал (3933 кДж). Спажыванне 300 г бульбы забяспечвае атрыманне арганізмам больш за 10 % энергіі, амаль поўную норму вітаміна C, каля 50 % калія, 10 % фосфару, 15 % жалеза, 3 % кальцыя.

Бульба з'яўляецца асноўнай крыніцай калія. Аднак, каб захаваць каштоўныя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ёй, трэба навучыцца правільна яе гатаваць. Варыць бульбу рэкамендуецца ў невялікай колькасці вады: пры варэнні ў яе пераходзіць вялікая частка вітамінаў. Таксама перад прыгатаваннем не варта трымаць бульбу ў вадзе на працягу доўгага часу. Пасля доўгага захоўвання на святле клубні зелянеюць і становяцца таксічнымі, непрыдатнымі да ўжывання.

Свежы сок клубняў і бульбяны крухмал ўжываюць у якасці ахінальнага і процізапаленчага сродку пры страўнікава-кішэчных захворваннях: язве страўніка і дванаццаціперснай кішкі, а таксама гастрыце з павышанай кіслотнасцю страўнікавага соку. Пры пякотцы карысна з'есці дробна нарэзаную сырую бульбіну.

Атрыманы з бульбы крухмал з'яўляецца асновай для вырабу прысыпак, а таксама выкарыстоўваецца ў якасці напаўняльніка для парашкоў і таблетак.

У народнай медыцыне нацёртая на тарцы свежая бульба выкарыстоўваецца пры экземе і іншых паражэннях скуры. Гарачыя вараныя расцёртыя клубні бульбы ўжываюць пры захворваннях верхніх дыхальных шляхоў і лёгкіх. У гэтым выпадку хуткі станоўчы вынік дае ўдыханне пару ад гарачай, толькі што зваранай бульбы.

Бульба шырока выкарыстоўваецца ў хатняй касметыцы. З яе робяць пажыўныя маскі для скуры твару і рук.

Індустрыя[правіць]

Бульбяная ніва Форт Фэйрфілд, штат Мэн, ЗША
Вытворчасць бульбы па краінах свету. Звесткі 2005 года

Вырошчванне бульбы як сельскагаспадарчай культуры распаўсюджана ў многіх краінах. Акрамя непасрэднага ўжывання клубняў бульбы ў ежу, з яе таксама атрымліваюць крухмал, вырабляюць чыпсы і т. п. прадукты.

Вытворчасць бульбы[правіць]

У 2005 у лідэрах па вытворчасці бульбы быў Кітай, на 2-м месцы з прыкметным адставаннем — Расія і Індыя. А па вытворчасці на душу насельніцтва — Беларусь.

Вытворчасць бульбы (FAOSTAT), тон, 2004—2005 гады
Даныя FAOSTAT (ФАА) на 14 лістапада 2006 года

Кітай 70 036 279,00 21 % 73 036 500,00 23 %
Расія 35 914 240,00 11 % 37 461 488,00 12 %
Індыя 25 000 000,00 8 % 25 000 000,00 8 %
Украіна 20 754 800,00 6 % 19 462 000,00 6 %
ЗША 20 685 670,00 6 % 19 151 080,00 6 %
Германія 13 044 000,00 4 % 11 624 000,00 4 %
Польшча 13 998 654,00 4 % 11 009 392,00 3 %
Беларусь 9 902 100,00 3 % 8 185 000,00 3 %
Нідэрланды 7 487 700,00 2 % 6 835 985,00 2 %
Францыя 7 255 378,00 2 % 6 680 817,00 2 %
Вялікабрытанія 6 316 000,00 2 % 5 815 000,00 2 %
Бангладэш 3 907 000,00 1 % 4 855 000,00 2 %
Канада 5 170 790,00 2 % 4 850 000,00 2 %
Іран 4 180 000,00 1 % 4 200 000,00 1 %
Турцыя 4 800 000,00 1 % 4 170 000,00 1 %
Румынія 4 230 210,00 1 % 3 985 000,00 1 %
Перу 2 996 090,00 1 % 3 284 223,00 1 %
Бразілія 2 931 180,00 1 % 2 950 990,00 1 %
Японія 2 842 000,00 1 % 2 708 000,00 1 %
Бельгія 3 229 622,00 1 % 2 653 949,00 1 %
Астатнія краіны 65 752 492,00 20 % 65 297 137,00 20 %
Усяго 330 434 205,00 100 % 323 215 561,00 100 %
Вытворчасць бульбы па гадам[24] тыс. тон.
Краіна 1985 1995 2005
Кітай 26 793 45 984 73 777
Расія 39 909 36 400
Індыя 12 571 17 401 25 000
Украіна 14 729 19 300
ЗША 18 443 20 122 19 111
Германія 21 054 10 888 11 158
Польшча 36 546 24 891 11 009
Беларусь 9 504 8 600
Нідэрланды 7 150 7 340 6 836
Францыя 7 787 5 839 6 347

Згодна са статыстыкай ФАА, у 2004 г.[25]
з кораняплодаў вырашчана больш за ўсё (у мільёнах тон):

Бульба 328
   
Маніок 203
   
Батат 127
   
Ямс 40
   
Таро 11
   
Іншае 7
   

Ураджайнасць бульбы[правіць]

Ураджай бульбы ў вёсцы Бутакова, Омская вобласць

Ураджайнасць бульбы залежыць ад масы чыннікаў: ад кліматычных і пагодных умоў, ад якасці глебы наогул і ад якасці апрацоўкі яе перад пасадкай бульбы, ад абранага сорту бульбы, ад здароўя клубняў да пасадкі і падчас прарастання, ад правільна і своечасова праведзенай прафілактыкі разнастайных «бульбяных» захворванняў, ад своечасова унесеных у глебу угнаенняў і яшчэ ад мноства фактараў.

У цяперашні час пры вырошчванні бульбы шчыльнасць пасадкі складае прыкладна 55 тыс. раслін на гектар. Маса таварнага клубня 50-150 г.

Ва ўмераных шыротах і ў субтропіках бульба спее за 4 месяцы і дае ад 250—350 ц/га. Пры правільнай падборцы сартоў у сярэдняй паласе можна атрымаць два ураджаі ў год. У тропіках ён можа паспець за 3 месяцы і даць 150—250 ц/га. Максімальная ўраджайнасць сучасных сартоў бульбы складае 400—800 ц/га. Ураджайнасць залежыць ад двух асноўных фактараў. Першы гэта выкарыстанне якаснага насеннага матэрыялу. Такім з'яўляюцца насенныя клубні, выгадаваныя ў спецыялізаваных насенняводчых гаспадарках або навуковых установах, і пры гэтым не ніжэй чым другой-трэцяй рэпрадукцыі. Другім фактарам з'яўляецца правільны догляд за клубнямі і раслінамі да і пасля высадкі.

Сарты[правіць]

Існуе вялікая колькасць сартоў бульбы — больш за 50 тысяч. Яны адрозніваюцца па тэрмінах паспявання, ураджайнасці, ўстойлівасці да хвароб. У Расійскі Дзяржаўны рэестр селекцыйных дасягненняў, дапушчаных да выкарыстання ў 2009 г., ўключана больш за 260 гатункаў бульбы.

У залежнасці ад выкарыстання адрозніваюць чатыры асноўныя групы гатункаў: сталовыя, тэхнічныя, кармавыя і ўніверсальныя.

Самыя распаўсюджаныя ў культуры сталовыя гатункі маюць далікатную мякаць, не цямнеюць, ўтрымліваюць 12-16 % крухмалу, багатыя вітамінам c. Іх клубні па большай частцы круглявыя або авальныя, з павярхоўным размяшчэннем вочак.

Клубні тэхнічных гатункаў характарызуюцца высокім утрыманнем крухмалу — звыш 18 %.

У кармавой бульбе, у параўнанні з іншымі групамі, больш высокае ўтрыманне бялкоў (да 2-3 %) і сухіх рэчываў.

Універсальныя сарты па ўтрыманню крухмалу і бялкоў і смакавых якасцях клубняў займаюць прамежкавае месца паміж сталовымі і тэхнічнымі гатункамі.

Класіфікацыя гатункаў бульбы ідзе наступным чынам

  • Звышраннія (34 — 36 дзён)
  • Раннія (40 — 50 дзён)
  • Сярэдняраннія (50 — 65 дзён)
  • Сярэдняспелыя (65 — 80 дзён)
  • Сярэдняпознія (80 — 100дней)

Пры гэтым поўны тэрмін паспявання 15—20 дзён. Ураджайнасць дасягае максімуму ў канцы вегетацыі, але і пры мінімальным тэрміне вырошчвання бульба прыносіць у сярэднім каля паловы максімальнага ўраджаю. Таму бульба прыдатная для вырошчвання нават на далёкай поўначы, дзе вегетацыйны перыяд складае менш за 60 дзён у год.

Шкоднікі і захворванні[правіць]

  • Каларадскі жук — насякомае сямейства жукоў-лістаедаў. Жукі і лічынкі каларадскага жука сілкуюцца лісцем паслёнавых культур: бульбы, тамата, баклажана, радзей — тытуню, што робіць іх небяспечнымі шкоднікамі сельскай гаспадаркі.
  • Жукі-шчалкуны — насякомыя атрада цвердакрылых уяўляюць небяспеку для пасадак бульбы перш за ўсё сваімі лічынкамі, званымі драцянікамі. Драцянікі пашкоджваюць клубні і сцеблы угрызаючыся ў іх, утвараючы пашкоджанні ў выглядзе дзюр і хадоў. Расліны, пашкоджаныя драцянікамі, адстаюць у росце і даюць меншы ўраджай, таварная каштоўнасць пашкоджанай бульбы падае. У хады, праведзеныя драцянікам, укараняюцца грыбкі і бактэрыі, выклікаючы гнілату, што пагаршае захаванасць ўраджаю падчас захоўвання.
Клубень бульбы, заражаны фітафторай
  • Фітафтароззахворванне раслін. Фітафтароз асабліва моцна паражае расліны сямейства паслёнавых. У Расіі штогадовыя страты ад гэтага захворвання ў сярэднім складаюць каля 4 млн т. У гады эпіфітоцій прадуктыўнасць адчувальных да хваробы сартоў без прымянення спецыяльных ахоўных сродкаў можа зніжацца ў 1,5-2 разы, а страты ўраджаю дасягаць 50 — 60 %.

Зноскі

  1. Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Двухдольныя».
  3. Todo sobre la patata.. www.historiacocina.com (2005-05-04). — История картофеля в датах. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 12 лістапада 2009.
  4. Carl von Linné Species plantarum, 1753 Vol.1 p.185
  5. Гл. картку раздзел «Сінонімы».
    Спасылка GRIN у картцы раслін.
  6. Simpson J, Weiner E.(eds) (1989) Oxford English Dictionary, 2nd edition, Clarendon Press, ISBN 0-19-861186-2
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 7,4 7,5 7,6 7,7 7,8 Лікарські рослини: Енциклопедичний довідник/ Відп. ред. А. М. Гродзінський.—К.: Видавництво «Українська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, Український виробничо-комерційний центр «Олімп», 1992.—544с. ISBN 5-88500-055-7
  8. Барабанов Е.И. Ботаника: учебник для студ.высш.учеб.заведений — М: Издательский центр «Академия», 2006. — С. 331. — 448 с. — ISBN 5-7695-2656-4.
  9. Гл. спасылку TPL у картцы расліны"
  10. ВСЭ (гл. раздзел Спасылкі)
  11. Больш дакладная назва на мове чыбча — «ёма» ці «ёмуй»
  12. González de Pérez, María Stella. Diccionario y gramática chibcha. Imprenta patriótica del Instituto Caro y Cuervo. Bogotá. 1987, p. 331
  13. Pascual de Andagoya. Narrative of the proceedings of Pedrarias Dávila in the provinces of Tierra Firme or Catilla del Oro: and of the discovery of the South Sea and the coasts of Peru and Nicaragua. — London: Hakluyt Society, 1865. — p. 58.
  14. Сьеса де Леон, Педро. Хроника Перу. Часть Первая. Глава XL. — Киев, 2008 (пер. А. Скромницкий)
  15. У слоўніку Дыега Гансалеса Ольгіна(руск.) бел. (1608): Chhuñu. Бульба ляжалая/сушаная, [і] замарожаная на сонцы [гэта значыць у сонечнае надвор'е].
  16. Сьеса де Леон, Педро. Хроника Перу. Часть Первая. Глава XCIX. — Киев, 2008 (пер. А. Скромницкий)
  17. 17,0 17,1 17,2 17,3 17,4 Верзилин Николай Михайлович(укр.) бел. По следам Робинзона. Сады и парки мира. — Л.: Детская литература., 1964. — 576с.
  18. 18,0 18,1 Товстуха Є. С. Фітотерапія.  — К.: Здоров'я, 1990 —304 с., іл., 6,55 арк. іл. Тир. 75 000 прим. ISBN 5-311-00418-5
  19. Artikel Starch und Starch, Composition. In: Hans Zoebelein (Hrsg.): Dictionary of Renewable Ressources. 2. Auflage, Wiley-VCH, Weinheim und New York 1996; Seiten 265—266, 267. ISBN 3-527-30114-3.
  20. 20,0 20,1 20,2 20,3 20,4 Советы по ведению приусадебного хозяйства / Ф. Я. Попович, Б. К. Гапоненко, Н. М. Коваль и др.; Под ред. Ф. Я. Поповича.  — Киев : Урожай, 1985.  — с.664, ил.
  21. 21,0 21,1 21,2 Циганенко В. О., Солових З. Х. Страви із фруктів та овочів. — К.: Техніка, 1990. — 224 с. ISBN 5-335-00561-0
  22. Кравець В. С. // Страви з картоплі. — К.: Час, 1991. 304 с., ISBN 5-88520-069-6 (сторінки: 5-6)
  23. 23,0 23,1 Практикум з годівлі сільськогосподарських тварин / І. І. Ібатуллін, Ю. О. Панасенко, В. К. Кононенко та ін. — К.; Вища освіта, 2003—432с.
  24. http://faostat.fao.org/faostat/servlet/XteServlet3?Areas=%3E862&Items=116&Elements=51&Years=2005&Years=1995&Years=1985&Format=Table&Xaxis=Years&Yaxis=Countries&Aggregate=&Calculate=&Domain=SUA&ItemTypes=Production.Crops.Primary&language=EN (FAOSTAT)
  25. http://faostat.fao.org/faostat/servlet/XteServlet3?Areas=862&Items=%3E1720&Elements=51&Years=2004&Format=Table&Xaxis=Years&Yaxis=Countries&Aggregate=&Calculate=&Domain=SUA&ItemTypes=Production.Crops.Primary&language=EN1 (FAOSTAT)

Літаратура[правіць]

Спасылкі[правіць]