Буры вугаль
БУРЫ ВУГАЛЬ, гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю.
Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі.
Да бурага вуглю адносяць вуглі з вышэйшай цеплынёй гарэння рабочай масы бязпопельнага вугля меней 23,88 МДж (5700 ккал/кг).
Для бурага вугалю характэрна высокая гіграскапічнасць і кіслотнасць, мае 64-78% вугляроду, 5-6% вадароду, 15-30% кіслароду, 40-65% лятучых рэчываў. Шчыльнасць 1200-1500 кг/м³.
Буры вугаль выкарыстоўваецца як энергетычнае і бытавое паліва, сыравіна для хімічнай прамысловасці і вырабу вадкага паліва.
Як энаргітычнае паліва буры вугаль мэтазгодна выкарыстоўваць каля месц здабычы, бо ён мае малую цеплыню згарання і транспартаваць яго на вялікія адлегласці не выгадна.
Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Галоўныя басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі.
Здабыча бурага вуглю ў млн тон:
| 1970 | 1980 | 1990 | 2000 | 2001 | ||
|---|---|---|---|---|---|---|
| 1. | Германія | 369,300 | 388,000 | 356,500 | 167,700 | 175,400 |
| 2. | Расія | 127,000 | 141,000 | 137,300 | 86,400 | 83,200 |
| 3. | ЗША | 5,400 | 42,300 | 82,600 | 83,500 | 80,500 |
| 4. | Аўстралія | 24,200 | 32,900 | 46,000 | 65,000 | 67,800 |
| 5. | Грэцыя | 8,100 | 23,200 | 51,700 | 63,300 | 67,000 |
| 6. | Польшча | 32,800 | 36,900 | 67,600 | 61,300 | 59,500 |
| 7. | Турцыя | 4,400 | 15,000 | 43,800 | 63,000 | 57,200 |
| 8. | Чэхія | 67,000 | 87,000 | 71,000 | 50,100 | 50,700 |
| 9. | Кітай | 13,000 | 22,000 | 38,000 | 40,000 | 47,000 |
| 10. | Югаславія | 26,000 | 43,000 | 60,000 | 35,500 | 35,500 |
| 11. | Румынія | 14,100 | 27,100 | 33,500 | 17,900 | 29,800 |
| 12. | Паўночная Карэя | 5,700 | 10,000 | 10,000 | 26,000 | 26,500 |
| ... | Агулам | 804,000 | 1.028,000 | 1.214,000 | 877,400 | 894,800 |
На Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне, у асноўным на тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Вядомы Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы. Агульныя геалагічныя запасы - больш за 1 млрд. т, разведаныя - больш за 150 млн. т. Якасць іх невысокая, распрацоўка пакуль не вядзецца, але гаспадарчае выкарыстанне магчымае нават у блізкай перспектыве.
Гл. таксама: Вугаль
