Бялыніцкі абраз Божай Маці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бялыніцкі абраз Божай Маці
выява
Бялыніцкі абраз Маці Божай у Снове, XVII ст.
Іконаграфічны тып: Адзігітрыя
Месца знаходжання: Бялынічы
Дата святкавання 12 (25) красавіка

Бялыніцкі абраз Божай Маці - Каралевы Беларусі — абраз Багародзіцы, шануецца каталіцкім, праваслаўным і ўніяцкім насельніцтвам усходняй Беларусі як цудатворны.

Версіі аб паходжанні абраза[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць два розныя паданні — праваслаўнае і каталіцкае, якія апавядаюць пра гісторыю абраза. Праваслаўнае паданне мае дзве версіі. Адна з версій кажа, што пасля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз візантыйскага пісання, сышлі, ратуючыся, у лесе. Свой доўгі шлях яны завяршылі на ўзвышшы ля ракі Друць — правам прытоку Дняпра, дзе і заснавалі царкву св. Іллі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае ззянне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад ззяння белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазней абраз быў выкрадзены манахамі-кармелітамі.

Па іншай версіі ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармеліцкі манастыр. Бялыніцкі касцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэна кармелітаў абутых быў заснаваны Львом Сапегам — вялікім канцлерам літоўскім ў 1622 г. лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 г. над войскамі маскоўскага цара.

Абедзве версіі каталіцкага падання гавораць, што абраз з'явіўся ў кармеліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной версіі ікона была намалявана анёлам на аконнай аканіцы. Па іншай — абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас спеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэння спеваў. Жывапісцам быў анёл.

Большасць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634—1635 гг. невядомым мастаком.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бялыніцкі абраз з фондаў Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленікава. XVIII стагоддзе, палатно, алей, дрэва, разьба, пазалота

У час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай кармеліты ў 1655 г. перавезлі абраз ва ўмацаванае мястэчка — Ляхавічы, якое доўгі час потым знаходзілася ў аблозе войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Аблога Ляхавіч была знятая пасля перамогі польска-літоўскіх войскаў пад Палонкай 2 ліпеня 1660. Вызваленне Ляхавіч было прыпісана камандзірам крэпасці Мікалаем Юдзіцкім цудоўнай сіле Бялыніцкай іконы Божай Маці, перад якой быў выкананы падзячны гімн «Te Deum» («Цябе, Бога хвалім»).

Маці Божая Бялыніцкая. Каменная статуя-анёл, інагураваная з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (6 верасня 2020)

Камісіі Віленскага біскупа у 1755 г. было прад'яўлена 9 сведчанняў цудаў Бялыніцкай іконы: 1) напісанне яе анёлам; 2) аблога Ляхавіцкі крэпасці; 3-9) сведчанні вылячэнняў ў 1671, 1706, 1720, 1737, 1722 гг.

Абраз знаходзіўся ў Ляхавічах да 1760. У 1760 г. абраз урачыста перанеслі ў Бялынічы ў ізноў пабудаваны касцёл. Яшчэ падчас знаходжання цудатворнага абразу ў Ляхавічах біскуп Віленскі Міхаіл Зяньковіч атрымаў у 1754 дазвол і булы Папы рымскага Бенедыкта XIV на каранацыю абраза. Залатыя кароны з гербамі Сапегаў і Агінскіх былі выраблены на сродкі гэтых магнацкіх родаў.

Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасня 1761 г. Для правядзення свята перад домам Агінскіх пабудавалі альтанку з трыўмфальнымі варотамі, куды быў змешчаны абраз. Каранацыю па даручэнні біскупа Зяньковіча здзейсніў біскуп смаленскі Ежы Мікалай Гільзен. Пропаведзь здзейсніў вядомы дамініканскі прапаведнік — Ваўжынец Аўлачымскі.

Пасля ўскладання карон ікона была перанесена ў храм. Свята працягвалася цэлы тыдзень. У ім прымалі ўдзел жыхары Шклова, Мсціслава, Оршы, Віцебска.

Каранацыя пашырыла славу цудатворнай Бялыніцкай іконы Дзевы Марыі. У манастыр у святы Ушэсця Гасподняга, Сашэсця Святога Духа, Шкаплернай Божай Маці, св. Іллі і Раства Багародзіцы ішлі шматлікія групы паломнікаў з Галоўчына, Кудзіна, Царкавішча, Эсьмон, Цяцерына, Бялевіч, Княжыч.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1773 г.) Бялынічы ўвайшлі ў Расійскую імперыю. Паўстанне 1831 г. паслужыла падставай да закрыцця ў 1832 г. толькі ў Магілёўскай губерні 23 каталіцкіх манастыроў, у тым ліку і ў Бялынічах. Касцёл быў перададзены дысацэзіяльнаму духавенству.

У 1861 годзе ў выданне «Pieśni nabožnyja» («Песні набожныя») былі ўключаны такія радкі[1]:

Ty Białynicka Najczystsza Dziewa,
Świataja Maci sirockaho rodu,
Litwy i Rusi možna Karalewa,
Uprasi Syna, kab dau nam Swabodu.

Пасля паўстання 1863—1864 гг. многія пакінутыя дзеючымі касцёлы былі зачынены і перададзены праваслаўнай царкве.

У 1876 г. адбылася перадача Бялыніцкага касцёла з цудатворнай іконай Рускай Праваслаўнай царкве. Лічаць, што апошні парафіяльны святар ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал і пакінуў у касцёле копію. Арыгінал жа, — піша ксёндз Тадэвуш Крагель (Беласток), — па здагадцы некаторых знаходзіцца ў Волі-Гутоўскай.

У 1924 г. бальшавікі закрылі царкву. Абраз быў перададзены ў абласны музей Магілёва, дзе захоўваўся разам з Крыжам Ефрасінні Полацкай. Сляды святынь губляюцца у 1941 г. пад час эвакуацыі каштоўнасцей.

Глыбокая пашана беларусаў да цудатворнага Бялыніцкага абраза знайшла адлюстраванне ў створаных шматлікіх жывапісных копіях, эстампах, якія беражліва захоўваюцца ў хрысціянскіх храмах. Перад абразом Найсвяцейшай Багародзіцы моляцца аб вылячэнні ад хвароб, аб суцяшэнні ў скрусе.

Свята абраза — 12 красавіка.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў гонар абраза Божай Маці «Бялыніцкі»

Зноскі

  1. «Pieśni nabožnyja», 1861.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]