Мастацкі музей імя Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі ў горадзе Бялынічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Бялынічы

Мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Бялынічы
Заснаваны 5 лістапада 1969
Адкрыты 29 мая 1970
Падпарадкаванасць Філіял УК "Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава" (з 01.01.2021)
Месцазнаходжанне
Памеры фонду 1055 адзінак
Выставачная плошча 455,11 м²
Адрас 213051, Рэспубліка Беларусь, Магілёўская вобл., г. Бялынічы, вул. Савецкая, 13а
Адкрыты Штодзённа з 10:00 да 18:00, без абеду (каса працуе да 17:30)
biruli.maslenikov.museum.by

Мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах, раней Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі — музей у Бялынічах Магілёўскай вобласці, размешчаны па адрасе вуліца Савецкая, 13а. Перад будынкам музея ўстаноўлены помнік Вітольду Бялыніцкаму-Бірулі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны 5 лістапада 1969 года ў Бялынічах загадам Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры. Дапамогу ў арганізацыі музея аказалі дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алена Аладава і другая жонка мастака Алена Аляксееўна Бялыніцкая-Біруля. Адкрыты для наведвальнікаў 29 мая 1970 года. Аснову музея склалі матэрыялы пра жыццё і творчасці народнага мастака Беларусі і Расіі, правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Працяглы час музеем кіравалі Г. Н. Драздзецкая, П. П. Жыгуноў, Н. С. Снапкова, Н. І. Палоннік.

Спачатку музей знаходзіўся ў будынку былога райвыканкама, у 1997 годзе пад музей рэканструяваны будынак кінатэатра «Зорка». 26.02.1997 годзе адбылося адкрыццё музея ў рэканструяваным будынку і ўрачыстае святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння В. Бялыніцкага-Бірулі. У 2007 годзе музею нададзены статус юрыдычнай асобы з афіцыйнай назвай «Установа культуры „Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі“». З 1 студзеня 2021 г. — філіял УК «Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава».

Будынак былога кінатэатра «Зорка», ў якім музей размяшчаўся ў 1997—2019 гг.

Да Дня беларускага пісьменства ў 2020 годзе стары будынак музея знесены, на яго месцы па праекце інстытута «Магілёўграмадзянпраект» узведзены новы. Плошча музея павялічылася амаль удвая і складае каля 800 м²[1].

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны фонд у 2008 годзе налічваў 582 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 136 адзінак. Плошча 4 экспазіцыйных залаў 270 м², выставачнага — 70 м².

На 1 жніўня 2022 года на захоўванні ў фондах музея было 1055 прадметаў (872 адзінкі захоўвання з ліку асноўнага фонду і 183 адзінкі з фонду навукова-дапаможных матэрыялаў). Пасля ўзвядзення новага будынка, агульная плошча музея складае 827,48 м². Непасрэдна экспазіцыйна-выставачная плошча — 455,11 м². Для захоўвання фондаў адведзена — 97,05 м².

У 1997—2019 гадах у экспазіцыі музея склаўся шэраг тэматычных раздзелаў. Асноўны раздзел меў назву: «Краявіды народнага мастака БССР і РСФСР В. Бялыніцкага-Бірулі», у ім былі прадстаўлены творы мастака, напісаныя ў 1920-1940-я гады: «Восень», «Лёд прайшоў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі» і іншыя. Таксама экспанаваўся партрэт В. К. Бялыніцкага-Бірулі, напісаны ў 1939 годзе яго сябрам — народным мастаком СССР І. Э. Грабаром і змешчаны скульптурны партрэт мастака, зроблены З. Азгурам. У гэтым раздзеле экспазіцыі таксама былі выстаўлены некаторыя рэчы: пэндзлі і палітра, якімі карыстаўся жывапісец; сігнальны экзэмпляр паштовага канверта, які выпусціла Міністэрства сувязі СССР у 1972 годзе з нагоды 100-гадовага юбілею Бялыніцкага-Бірулі; паштовая марка з рэпрадукцыяй пейзажа мастака «Ранняя вясна» (1912); 2 лісты Бялыніцкага-Бірулі, адрасаваныя яго сябру — работніку Гарусаўскага дзіцячага дома М. І. Талкачову. Значнае месца ў музейнай экспазіцыі займаў раздзел прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне дзе выстаўляліся творы жывапісу і скульптуры, якія выяўлялі подзвіг народа. Трывалы час існавалі экспазіцыі ўдзельнікаў міжнароднага пленэру «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» і адной з яскравых удзельніц пленэраў — мясцовай мастачкі Ларысы Журавовіч. Сярод твораў іншых удзельнікаў штогадовага мерапрыемства, якія працяглы час выстаўляліся ў музеі можна адзначыць карціны Дз. Алейніка «Раніца на Дняпры» (1996); А. Бархаткова «На рацэ Друць» (1996); І. Сцяпанава «Удомля. Дача В. К. Бялыніцкага-Бірулі» (2003).

Рэгулярна ў музеі выстаўляўся беларускі жывапіс XX стагоддзя. Экспанаваліся творы В. Цвіркі «Льнаводка», У. Лагуна «Завочніца», В. Шыбнёва «Збажына паспела», А. Бархаткова «Калгасны статак», У. Сеўрука «Рыбная лоўля» і інш. Таксама рэгулярна выстаўляліся творы беларускай скульптуры XX стагоддзя, сярод якіх былі працы А. Заспіцкага «Паэтэса Цётка», С. Селіханава «Вызваленне», «Партрэт Селіванава», «Бюст Варапаевай», Л. Палійчука «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», І. Міско «Партрэт хлопчыка», В. Папова «Юнацтва», «Партрэт Еўкайла» і інш.

З 2020 года сталая экспазіцыя музея размешчаная ў новым будынку ўключае наступныя раздзелы: «Галерэя карцін В. К. Бялыніцкага-Бірулі»; «Гісторыка-культурная спадчына краю»; «Духоўнасць». Асобна выдзелена зала ў якой ствараюцца часовыя экспазіцыі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Памяць: Бялын. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / [Рэд. кал.: А. В. Агееў і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Выш. шк., 2000. — 509 с. іл. — ISBN 985-06-0517-0.