Бярэзінская водная сістэма

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Сергучоўскі канал

Бярэзінская водная сістэма — штучны водны шлях, які злучаў р. Бярэзіну (басейн Дняпра) з р. Улай (басейн Заходняй Дзвіны. Даўжыня 162,1 км. Мелася 14 шлюзаў і паўшлюзаў, 4 бейшлоты. Эксплуатавалася пераважна ў 19 ст.

Пабудаваная ў 1797—1805 г. (І. К. Герард, Ф. І. Герард, М. І. Фрэйганг, Я. Э. дэ Вітэ і Ф. П. Дэвалан). Рэканструявалася ў 1810—1812, 1823—1836, 1870—1880-х г. Сістэма прызначалася для вывазу сельгаспрадукцыі, сыравіны і леса з Магілёўскай і Мінскай губерняў да Рыжскага порту. Першыя праекты злучэння Дняпра з Заходняй Дзвіной былі распрацаваныя ў 1701 г., ідэя Бярэзінскага канала належыць шляхціцу Чацкаму (1794).

Бярэзінская водная сістэма ішла з р. Бярэзіны ад мястэчка Броды па Сергучоўскаму каналу (3 шлюзы; 8,7 км), р. Сергуч, азёрам Манец і Плаўна (злучаныя каналам даўжынёй 4 км), Бярэзінскаму каналу (4 шлюзы; 7,6 км), воз. Бярэшча, р. Бярэшча, Верабскаму каналу (2 шлюзы; 2,6 км), р. Эса, 1-му Лепельскаму каналу (2 шлюзы; 8 км), Лепельскаму возеру, 2-му Лепельскаму каналу (1 шлюз; 0,2 км), р. Ула, Чашніцкаму каналу (2 шлюзы; 1,2 км), ізноў па рацэ Ула ў раку Заходняя Дзвіна.

Да 1817 і з 1880-х па сістэме здзяйснялася суднаходства (у канцы 19 ст. штогод па сістэме перавозілася да 40—50 млн пудоў груза). Канкурэнцыя чыгунак прывяла да заняпаду сістэмы ў пачатку 20 ст. Тым не менш, яшчэ да 1941 па частцы сістэмы сплаўлялі лес, але падчас 2-й сусветнай вайны шлюзы былі падарваныя і каналы канчаткова прыйшлі ў заняпад. Цяпер частка каналаў выкарыстоўваецца турыстамі — энтузіястамі падарожжаў па водных шляхах.

Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах