Бібліятэка Храптовічаў
Бібліятэка Храптовічаў — бібліятэка шляхетнага роду Храптовічаў, існавала з другой паловы 18 ст. да пачатку 20 ст. ў маёнтку Шчорсы. Заснавана І. Л. Храптовічам, які набываў кнігі ў час падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі, Польшчы.
Калекцыя еўрапейскіх выданняў 16-17 ст. набыта з бібліятэкі рымскага кардынала І. Імперыяле. Пасля 1768 набыты кнігазор заснавальніка Варшаўскай публічнай бібліятэкі біскупа Ю. Залускага. Папоўнілася за кошт збораў з закрытых у 18-19 ст. кляштараў. Пасля смерці І. Л. Храптовіча бібліятэка перайшла да яго сына Адама, які працягваў папаўняць бібліятэку старадрукамі і новымі выданнямі. Затым кнігазбор належыў яго племенніку Міхаілу, рускаму дыпламату ў Неапалі, Бруселі, Лондане. Ад яго бібліятэка перайшла да сына яго сястры М. А. Храптовіча-Буцянёва, які разам са сваім братам, уладальнікам Шчорсаў К. А. Храптовічам-Буцянёвым, упарадкаваў бібліятэку, а гісторык С. Л. Пташыцкі склаў і выдаў каталог. Налічвала больш за 10 тысяч экзэмпляраў, у тым ліку творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класічнай літаратуры, працы па гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы, рукапісы.
У 1913 перададзен на часовае валоданне Кіеўскаму ўніверсітэту з умовай, што з адкрыццём універсітэта на радзіме, бібліятэка будзе вернута. У снежні 1924 Народны камісарыят асветы БССР звярнуўся да Народнага камісарыята асветы УССР з просьбай вярнуць Бібліятэку Храптовічаў на Беларусь. Прэзідыум Наркамасветы згадзіўся з просьбай, але па невядомых прычынах гэта не было зроблена. У 1926 рэзалюцыю аб вяртанні бібліятэкі на Беларусь прыняў Першы з'езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі. Асноўная частка бібліятэкі зберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы акадэміі навук Украіны ў Кіеве. У 1985 бібліятэка заінвентарызавана, улічана 2005 экзэмпляраў кніг.
У бібліятэцы працавалі даследчыкі І. Лялевель, Ф. Малеўскі, Я. Снядэцкі і А. Снядэцкі, У. Сыракомля, Ю. Ярашэвіч, яе наведваў А. Міцкевіч. Працаваў бібліятэкарам Я. Чачот.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
