Бітва пад Оршай, 1514

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Бітва пад Оршай
Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім (руска—літоўская вайна) 1512—1522 г.
Battle of Orsha (1514-09-08).jpg
Бітва пад Оршай (карціна, 16 ст.)
Дата 8 верасня 1514
Месца Орша (ВКЛ)
Вынік Перамога літоўскіх войск
Бакі
ВКЛ Маскоўская дзяржава
Камандуючыя
Канстанцін Астрожскі Іван Чаляднін
Міхаіл Булгакаў-Голіца
Сілы бакоў
30.000 - 35.000 члавек 40.000 - 45.000 чалавек
Страты
1.000 - 2.000 забітых 30.000 забітых

Бітва пад Оршай (8 верасня 1514) — бітва ў час маскоўска-літоўскай вайны (15121522) паміж войскамі ВКЛ (кам. Канстанцін Астрожскі; 30 тыс. ч. і артылерыя; бач сілы бакоў) і Вялікага княства Маскоўскага (кам. Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца; 80 тыс. ч. і артылерыя; бач сілы бакоў) на полі на беразе Дняпра, у 5 км ад Оршы.

Бітва скончылася перамогай войска ВКЛ (бач страты бакоў), на пэўны час перавяла ход вайны ў спакайнейшае, зацяжное рэчышча, аднак, сілай іншых акалічнасцяў, не мела трывалых ваенных наступстваў.

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Магчыма бітва была самай значнай перамогай войска ВКЛ над расійскім[1], таксама яна атрымала шырокі розгалас у тагачаснай Еўропе, знайшла трывалы адбітак у беларускай культуры (напр., «Пахвала князю Астрожскаму» у Валынскім летапісе, народная песня «У нядзельку, параненька» і інш.).

Перамога пад Оршай займала прыкметнае, а часам і галоўнае месца ў ваеннай гістарыяграфіі, якая стваралася беларускай дыяспарай часоў 1920-х—1930-х і палітычнай эміграцыяй часоў 1940-х гадоў. У час перабудовы частка беларускага грамадства пачала святкаваць 8 верасня як «Дзень беларускай вайсковай славы».

Сілы бакоў[правіць | правіць зыходнік]

ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

Войска ВКЛ, якое падпарадкоўвалася вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Казіміравічу, складалася з прадстаўнікоў абедзвюх дзяржаў. Падчас кампаніі 1514 года ў агульным складзе войска былі, паводле звестак хронік і летапісаў, 16 тыс. коннікаў[2], 3 тыс. польскіх коннікаў, 3 тыс. наёмнай польскай пяхоты і каля 2,5 тыс. конных дабраахвотнікаў з Малой і Вялікай Польшчы.

Непасрэдна ў паходзе да Оршы і ў бітве пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага ўдзельнічалі каля 30 тыс. ч. з неакрэсленай колькасцю гармат.[3][4] Лёгкую конніцу ўзначальваў Юры Мікалаевіч Радзівіл[5], польскіх наймітаў — Януш Свярчоўскі[6], надворнае каралеўскае войска і атрады паноў — Войцех Сампаліньскі.

Масква[правіць | правіць зыходнік]

Агульная колькасць маскоўскага коннага войска пад камандаваннем ваяводы баярына Івана Андрэевіча Чалядніна складала 80 тыс. ч. Баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, фармальна падпарадкаваны яму, самастойна камандаваў сваімі палкамі. Войска цалкам складалася з конніцы феадальнага апалчэння.[4] Мелася артылерыя нявызначанага складу і колькасці, але без цяжкіх гармат[7].

Перад бітвай[правіць | правіць зыходнік]

Маскоўскія военачальнікі ведалі пра набліжэнне войска Астрожскага і першымі днямі верасня адвялі войска на левы бераг Дняпра і занялі добрае для бітвы месца паміж Оршай і Дуброўнай на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на Дняпры каля в. Рукліна. Такім чынам, для рухаў свайго непрыяцеля маскоўскія ваяводы пакідалі прастору ў лукавіне Дняпра каля Оршы, і спадзяваліся ў вальнай бітве разбіць лічэбна слабейшае войска ВКЛ і скончыць вайну.

Войска ВКЛ падышло да Дняпра 7 верасня каля Оршы, і Астрожскі, не зважаючы на сілы бакоў, таксама пастанавіў даць вальную бітву. Каб не перапраўляцца пад абстрэлам, Астрожскі правёў дэманстрацыйны манеўр з пераправай уброд на вачах маскоўскага войска некалькіх тысяч конніцы. Тым часам, асноўная частка войска ўвечары была перасунутая віцебскай дарогай на поўнач, а ўночы на 8 верасня ўпотай пераправілася на левы бераг двума пантоннымі мастамі і бродам аршанскай крэпасці. Пасля гэтага войска сканцэнтравалася каля в. Пашына.

Чаляднін даведаўся пра пераправу са спазненнем, і не згадзіўся з прапановай сваіх ваяводаў атакаваць ужо перапраўленую частку войска ВКЛ. Лічыцца, што Чаляднін спадзяваўся на вялікую колькасную перавагу і жадаў бітвы адразу з усім войскам Астрожскага.

Бітва[правіць | правіць зыходнік]

Войска Маскоўскай дзяржавы было пастаўлена ў тры лініі. Наперадзе стаў полк перадавой стражы, у цэнтры — вялікі полк (на фронце шырынёй 5 км), на правым флангу — полк правай рукі, на левым, каля в. Рукліна — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком стаяў полк тылавой стражы (рэзерв). Баявыя парадкі маскоўскага войска былі расцягнутымі, у спадзяванні на ахоп і акружэнне больш малалікага войска ВКЛ.

Камандаванне фармальна належала да Івана Чалядніна, але насамрэч кожны з ваяводаў камандаваў сваім палком самастойна, і адзінага кіраўніцтва не было.

Войска ВКЛ заняло пазіцыі абапал яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы праз Дняпро. Наперадзе стаялі два конныя гуфцы (палкі), ВКЛ і польскі, пад камандамі Астрожскага і Сампаліньскага. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і пішчалямі. У другой лініі стаялі два конныя палкі, ВКЛ і польскі, пад камандамі Радзівіла і Свярчоўскага. На правым і левым крылах другой лініі стаялі па тры дапаможныя палкі лёгкай конніцы. На працягу правага крыла другой лініі, пад пакровам лесу, патаемна размясцілі ўсе гарматы і частку пяхоты з агнястрэльнай зброяй.

Непасрэдна бітва адбывалася на прасторы даўжынёй 3 км уздоўж Дняпра, за 200—400 м ад берага ў першай фазе і за 3,5 км у другой фазе бітвы. У глыбіню поле бою ў кожнай з фазаў займала каля 3 км.

Першая фаза[правіць | правіць зыходнік]

Найперш, баявы парадак маскоўскага войска ў цэнтры трохі прасунуўся наперад, а крылы адыйшлі далей ад асноўнай масы войска, дзеля лягчэйшага ахопу баявога парадку войска ВКЛ. Пасля «гарцаў» Астрожскі загадаў конным палкам павольна рухацца наперад. Гэты рух маскоўскія ваяводы палічылі за сігнал да атакі і ў сваю чаргу перайшлі ў агульны наступ. Маскоўскі полк правай рукі князя Голіцы ўдарыў на левае крыло войска ВКЛ. Полк левай рукі наступаў на правае крыло войска ВКЛ, але без вялікага імпэту, што дазволіла Астрожскаму вызваліць там частку сіл. Іншыя палкі былі пасланыя ў абход.

Войска ВКЛ на сваім левым крыле адбіла атаку і перайшло ў контратаку, атрымаўшы падмацаванне. Полк цяжкіх латнікаў Сампаліньскага прайшоў перад фронтам і ўдарыў на маскоўскі полк правай рукі з флангу.

Аднак, полк князя Голіцы атрымаў падмацаванні, аднавіў баявы парадак і маскоўскія сілы пачалі другую атаку. Войска ВКЛ стрымала яе, а потым падвяло маскоўскія сілы пад агонь сваёй пяхоты. Шэрагі маскоўскага палка змяшаліся, і тады пад камандай Астрожскага контратакаваў галоўны полк войска ВКЛ. Да гэтага моманту бітвы адносіцца і прамова Астрожскага да войска, сказаная па-старабеларуску[8]. Нарэшце, конніца Голіцы была разбітая і стала ўцякаць, а кавалерыя ВКЛ уварвалася ў другую маскоўскую лінію.

Нерастлумачаным застаецца тое, чаму Чаляднін не дапамог палку Голіцы сваімі асноўнымі сіламі. Храністы, летапісцы і гісторыкі тлумачаць гэта спаборніцтвам паміж галоўнымі ваяводамі і іх імкненнем атрымаць перамогу самастойна.

Другая фаза[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што ўвесь гэты час Чаляднін чакаў, што ўсе сілы ВКЛ, у тым ліку і з левага крыла, пасля разбіцця палка правай рукі, звяжуцца боем з яго палком левай рукі, а тады свежымі сіламі можна будзе іх разграміць.

Нарэшце настаў такі момант, што конніца Астрожскага спыніла атакі, пачала адступаць, а потым і кінулася ўцякаць. Чаляднін кінуў у пераследаванне ўсе свае сілы. Але выявілася, што ўцёкі конніцы ВКЛ былі загадзя ўмоўленай хітрасцю, якая вывела пагоню маскоўскага войска на стралкова-артылерыйскую засаду. Шматразовыя залпы гармат і пішчаляў прычынілі маскоўскаму войску вялікія страты ў людзях і конях, пачалася паніка, і рэшткі левага крыла маскоўскага войска, следам за правым, кінуліся наўцёкі. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх воінаў затрымацца, але яго не слухалі.

Пасля гэтага пачалося зацятае пераследаванне і жорсткае вынішчэнне ўцекачоў, якое цягнулася да заходу сонца, а часам і назаўтра. За некаторымі з уцекачоў гналіся на 8 літоўскіх міль (каля 60 км). Адныя ўцякалі ў лясы, другія — у балоты. Легендарнай стала рака Крапіўна наводдаль поля бітвы, вада ў якой стала крывавай, а сама рака з-за вялікай колькасці трупаў «запаволіла свой бег».

Страты бакоў[правіць | правіць зыходнік]

Страты войска ВКЛ падаюцца заходнімі гісторыкамі як «невялікія» — 4 вялікія паны, каля 500 рыцараў (або 400 рыцараў і простых салдат[9]), невядомая колькасць простых салдат[10].

Вядома, што ў палон трапілі каля 5 тыс. маскоўскага войска, галоўныя ваяводы Чаляднін і Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў, 37 меншых военачальнікаў. Быў узяты вялікі абоз, усе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Колькасць забітых на полі і пры ўцёках падаецца як 30 тыс.[11] або 40 тыс.[12].

Цікавае[правіць | правіць зыходнік]

8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Мінску беларусы-афіцэры прынялі ваенную прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазняк і Анатоль Грыцкевіч.

Творы мастацкай літаратуры, прысвечаныя Аршанскай бітве[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Напрыклад, пд. меркавання М. М. Карамзіна.
  2. Відаць, феадальнага апалчэння ВКЛ.
  3. Пд. звестак М. Д. Любаўскага са спасылкамі на архіўныя дакументы, у іх ліку было не больш за 4 тыс. польскай пяхоты і конніцы, значную частку якіх пакінулі ў Берасці. Яшчэ 4 тыс. войска пакінулі ў Барысаве.
  4. 4,0 4,1 З гэтымі лічбамі згаджаюцца М. Стрыйкоўскі, А. Гваньіні, рускія летапісы, С. М. Салаўёў, вайсковыя гісторыкі 20 ст.
  5. Падчашы літоўскі і ваявода гарадзенскі.
  6. Кашталян бецкі.
  7. Пд. сведчання М. М. Карамзіна.
  8. Пд. звестак М.Стрыйкоўскага.
  9. Бельскі.
  10. Стрыйкоўскі.
  11. Карамзін, Салаўёў.
  12. Стрыйкоўскі, Бельскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]