Бітва пад Рацлавіцамі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва пад Рацлавіцамі, карціна Яна Матэйкі
Бітва пад Рацлавіцамі

Бітва пад Рацлаві́цамі, Рацлаві́цкая бітва — бітва каля в. Рацлавіцы пад Кракавам у час польскага паўстання (1794), што адбылася 4 красавіка 1794 года між польскімі паўстанскімі сіламі (Т. Касцюшка; 4,4 тыс.ч.[1] (лічачы разам 2,4 тыс. рэг. пяхоты і кавалерыі і 2 тыс. узбр. сялян-касінераў), 12 (або 11[1]) гармат) і рускай ваеннай калонай (ген. Тормасаў; 3[2] (або 5[1]) тыс. ч., 12[2] (або 30[1]) гармат). У бітве перамагло польскае войска.

Ваеннае значэнне бітвы было невялікім, бо неабходная для польскага войска дарога з Кракава на Варшаву так і не адкрылася. Але маральна-палітычнае значэнне перамогі для баявога духа паўстання было неацэнным, бітва стала ў гэтым сэнсе пераломным і вызначальным момантам першай стадыі паўстання. Высокую баявую вартасць і вырашальную ролю ў бітве з’явілі тады яшчэ невядомыя атрады сялян-касінераў.

Перад бітвай[правіць | правіць зыходнік]

Сама бітва была ў пэўным сэнсе выпадковай і непажаданай для польскага боку. 1-я Велькапольская кав. брыгада (кам. Мадаліньскі), чый выхад на Кракаў з базы пад Астраленкай фактычна паскорыў абвяшчэнне самога паўстання, прыцягнула за сабою да Кракава некалькі калон рускіх войскаў. Тымчасам галоўнакам. Касцюшка сабраў польскія рэг. часткі з-пад Кракава (у т.л. брыгаду Мадаліньскага), дадаючы да іх атрады мабілізаваных падкракаўскіх сялян, і выйшаў з гэтым войскам з ваколіцы Кракава, спрабуючы адкрыць дарогу на Варшаву.

Каля в. Рацлавіцы адна з рускіх калон пад кам. ген. Тормасава загарадзіла шлях польскаму войску, і, ведаючы пра блізкасць яшчэ адной рас. калоны (ген. Дзянісава), якая дала б лічэбную перавагу рус. войскам, Касцюшка быў вымушаны прыняць бітву[3].

Бітва[правіць | правіць зыходнік]

Бітва пачалася безвыніковым змаганнем рэг. войскаў абодвух бакоў. Далей Тормасаў аслабіў свой цэнтр, дзе стаяла і яго артылерыя, спрабуючы арганізаваць ахоп левага польскага флангу. Гэта выкарыстаў Касцюшка, які, карыстаючыся мясцовасцю (яр, які вёў да рас. пазіцыі), употаў падвёў атрад з 320 касінераў да рус. батарэі і асабіста павёў атрад у атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны поспех, коштам 13 забітых касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. Адным з вядомых герояў гэтай атакі быў сялянін Войцех Бартас[4]. Пазней яшчэ адна атака касінераў зламала супраціўленне рус. войскаў на левым крыле, і вымусіла рус. войскі да агульнага адступлення. Калона ген. Дзянісава паспела з’явіцца толькі на паратунак разбітым сілам ген. Тормасава.

Зноскі

  1. а б в г Паводле кнігі Wojsko Polskie Kościuszki, выдання 1894, якая цытуецца ў польскай вікіпедыі з папярэджаннем аб магчымай недакладнасці.
  2. а б Паводле БелЭн.
  3. У гэты час атрады сялян-касінераў былі сілай невядомай баявой вартасці.
  4. Першы дабег да гармат і загасіў шапкаю запал, за што атрымаў пасля бітвы дваранства і прозвішча Войцех (Барташ) Главацкі, і чын падхарунжага ў палку Кракаўскіх Грэнадзёраў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]