В’еты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з В'еты)
В'еты
(người Việt)
Агульная колькасць 80069 тыс. чал. (2013 г.)
Рэгіёны пражывання  В’етнам — 76605 тыс.

 Камбоджа — 78 тыс.
 Тайланд — 124 тыс.
 Тайвань — 119 тыс.
 Малайзія — 95 тыс.
 ЗША — 1639 тыс.
 Францыя — 661 тыс.
 Канада — 180 тыс.
 Аўстралія — 231 тыс.
 Беларусь — 588

Мова в'етнамская
Рэлігія будызм, хрысціянства, каадай, хоахаа, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы мыонгі, тхо, тыыт

В’еты (в’етн.: người Việt, сустракаецца таксама người Kinh) — народ, найбуйнейшая этнічная група В’етнама. Жывуць таксама ў іншых краінах свету. Найбольшая в’ецкая абшчына па-за межамі В’етнама знаходзіцца ў ЗША. Агульная колькасць — 80069 тыс. чал. (2013 г.)[1].

В’етамі таксама называюць усе старажытныя в’ецкія народы, якія ў мінулым насялялі тэрыторыю сучаснага паўднёвага Кітая і паўночнага В’етнама.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Продкі в’етаў першапачаткова фарміраваліся на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Кітая на поўдзень ад ракі Янцзы. В’еты насялялі гэтыя землі да канца 1 тысячагоддзя да н. э. На тэрыторыі правінцыі Чжэцзян існавала в’ецкая дзяржава Юэ. Паводле кітайскага гісторыка Сыма Цяня, яна была заснована нашчадкамі легендарнага Юя. Барацьба з паўночнымі в’етамі баць-в’ет і іх заваяванне адлюстравана ў шматлікіх кітайскіх крыніцах.

Сучасныя в’еты з’яўляюцца нашчадкамі паўднёвых в’етаў лак-в’ет, якія пачалі прасоўвацца на поўнач В’етнама ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. Тут яны асімілявалі сваіх папярэднікаў, цемнаскурых аўстралоідаў, што з’явіліся ў В’етнаме яшчэ ў эпоху неаліту, і аўстранезійцаў. Самі в’еты апавядаюць легенду, паводле якой яны паходзяць ад мужчыны-цмока (сімвал ракі Хонгха) і жанчыны-птушкі (сімвал гор). Генетычныя даследаванні[2] паказалі, што в’еты блізкія па паходжанню да тайскіх народаў, а таксама кітайцаў, якія жывуць на самым поўдні Кітая і ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Само слова в’ет паходзіць ад в’етнамскага прачытання кітайскага іерогліфа 越 (yuè, літаральна «чалавек, што крочыць з сякерай»), які вядомы з сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э.[3]

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Заняткі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам в’етаў здаўна была сельская гаспадарка, прычым галоўнай сельскагаспадарчай културай з’яўляўся рыс. У В’етнаме распаўсюджаны самыя розныя сарты і спосабы вырошчвання гэтай расліны. Апрацоўкай зямлі і ірыгацыяй звычайна займаюцца мужчыны, севам і барацьбой з пустазеллем — жанчыны. Збор ураджаю пачынаецца, калі палеткі яшчэ затопленыя. Спачатку зразаюць верхавіны з каласамі. Затым ваду спускаюць і прыбіраюць салому. Сабраны рыс перамолваюць у крупы. Для гэтага выкарыстаюць цяжкі драўляны брус на жалезнай загваздцы, з дапамогай якога на збожжа абвальваюць мяла.

Кукурузу і клубневыя культуры саджаюць уздоўж рэк з разлікам атрымаць ураджай, калі запасы рысу скончацца. На поўначы В’етнама шырока распаўсюджаны бабовыя. Акрамя таго, важнае месца ў гаспадарчым жыцці займаюць тэхнічныя культуры, самыя розныя віды садавіны і гародніны.

Развіццё жывёлагадоўлі часткова абмежавана наяўнасцю кармавой базы. Кароў і асабліва буйвалаў выкарыстоўваюць пераважна як цяглавых жывёл[4]. На падворках трымаюць свіней і хатнюю птушку, у тым ліку курэй, качак, галубоў і інш. На затопленых палетках і каналах разводзяць рыбу. Рыбалоўства адыгрывае важную ролю ўздоўж рэк і ля марскога ўзбярэжжа. У мінулым жыхары лясістай мясцовасці займаліся паляваннем.

Рамёствы з даўніх часоў звязаны з сельскай гаспадаркай — вытворчасць керамікі, паперы, апрацоўка металаў, драўніны, бамбуку, ткацтва і г. д. У В’етнаме існуюць цэлыя вёскі, што спецыялізуюцца на пэўным рамястве. Ужо ў XVII ст. з’явіліся дзяржаўныя мануфактуры. У канцы XIX ст. французскія прадпрымальнікі заснавалі буйную прамысловасць. У наш час прамысловая вытворчасць пераважае, аднак рамесныя майстэрні ўсё яшчэ адыгрываюць значную ролю.

Паселішчы[правіць | правіць зыходнік]

Дынь

Найбольш распаўсюджаны тып сельскага паселішча — вёска. Вёскі в’етаў даволі кампактныя, хаця і шматлюдныя. Яны звычайна месцяцца ўздоўж рэк і дарог, каля схілаў лясістых пагоркаў. Вёскі падзяляюцца на кварталы. Жыллёвыя пабудовы імкнуцца ўзводзіць адна каля іншай, з разлікам пакінуць досыць прасторы для вядзення гаспадаркі. Сядзібы часцяком адзелены зараснікамі калючых хмызнякоў і бамбуку, што ў мінулым спрыяла абароне. У цэнтры паселішча ладзіцца вялікая абшчынная пабудова дынь, дзе збіраюцца старэйшыны, праводзяцца рэлігійныя рытуалы шанавання продкаў, навучаецца моладзь і г. д. У некаторых вёсках захаваліся ўваходныя брамы. Калісьці яны мелі не столькі абарончыя, колькі рытуальныя і адміністрацыйныя мэты.

Сядзібы маюць форму чатырохкутніка, адзін з бакоў якога адкрыты. Насупраць уваходу месцяць жытло, а па баках ад яго — гаспадарчыя пабудовы. Невялікі двор таксама выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб. Каля сядзібы знаходзяцца сад і агарод.

Канструкцыя сельскіх будынкаў пераважна слупавая. Пры іх пабудове ўздоўж перыметра будучага жылля ў зямлю ўкопваюць драўляныя апоры. Іх абносяць бамбукавымі рашоткамі, паміж якімі прастору напаўняюць сумессю гліны з саломай. Пасля высыхання сцен бамбукавыя рашоткі здымаюць і тынкуюць сцены дадатковым пластом гліны. Дах ладзяць з бамбукавага каркасу, які насцілаюць цыноўкамі, а зверху крыюць чарапіцай, рысавай саломай, пальмавым галлём або бляхай. Падлога з насыпанай і ўтрамбаванай зямлі заўсёды крыху вышэй за ўзровень цэнтральнай пляцоўкі.

Большасць сельскіх будынкаў маюць адзін уваход і адно акенца. У мінулым у халодную пару яго заклейвалі насычанай алеем паперай. У нашы дні распаўсюджана шкло. Жыллё можа падзяляцца на дзве часткі, адна з якіх перадаецца ў карыстанне жанчынам. Насупраць уваходу месцяць алтар для шанавання продкаў сям’і. Кухню будуюць асобна ад жытла, часцяком сумяшчаюць з хлявом.

Гарады на поўначы В’етнама пачалі будаваць каля 2 тысяч гадоў таму. Яны пераважна выконвалі абарончыя функцыі. У Ханоі, Хюэ і востраве Кат-Ба захаваліся некаторыя старажытныя абарончыя пабудовы. У некаторых гарадах існавалі буйныя рэзідэнцыі дзяржаўных кіраўнікоў і вяльмож. Практыка іх планавання і будаўніцтва была запазычана з Кітая. Але паступова склаўся ўласна в’етнамскі стыль размяшчэння палацаў, паркаў і садоў, прыдатны для мясцовых умоў. Каля рэзідэнцый і крэпасцяў сяліліся гандляры, рамеснікі і сем’і тых, хто абслугоўваў палацы. Толькі ў XVIIXVIII стст. сталі ўзнікаць в’ецкія гарады на поўдні В’етнама, хаця дагэтуль там існавалі буйныя гарадскія паселішчы чамаў і кхмераў. У каланіяльную пару гараджане-французы звычайна адасабляліся ад в’етнамцаў, таму ўзводзілі часткі горада з тыповай еўрапейскай каланіяльнай забудовай. У другой палове XX ст. в’етнамскія гарады набылі тыповы сучасны выгляд, хаця на поўначы В’етнама захавалася мясцовая асаблівасць — рабочыя кварталы. Іх будавалі пераважна на ўскраінах у першыя дзесяцігоддзі сацыялістычных змен. Рабочыя кварталы складаліся са шматпавярховых будынкаў, знутры якіх ладзіліся памяшканні інтэрнатнага тыпу.

Вопратка[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная паўсядзённая вопратка вельмі простая, шыецца з баваўнянай тканіны цёмных тонаў. У мінулым шоўкавую вопратку мелі толькі манархі, вяльможы і вучоныя.

Жаночае адзенне складаецца з распахнутай курткі, шырокіх штаноў, ліфу-камізэлькі, які завязваецца на спіне, і хусткі. Падчас спякоты і дажджоў карыстаюцца канічнымі капелюшамі. Для іх вытворчасці выкарыстоўваюць бамбукавы каркас, які абцягваецца пальмавым лісцем або саломай. Капялюш падвязваюць пад падбародкам тасьмой. Дарослыя жанчыны маюць косы, заплеценыя вакол тканага шнура. Звычайна іх укладваюць вакол галовы справа налева. У мінулым былі распаўсюджаны драўляныя сандалі, якія мацаваліся з дапамогай шнуроў, прапушчаных вакол вялікага і другога пальца нагі. У нашы дні аддаюць перавагу гумавым сандалям. Сярод гараджанак да нашых дзён распаўсюджаны розныя спосабы адбельвання скуры. Для абароны ад сонца носяць парасон.

Мужчынская традыцыйная вопратка таксама складаецца з шырокіх штаноў і курткі.

Кулінарыя[правіць | правіць зыходнік]

В’еты звычайна ядуць два разы на дзень — апоўдні і ўвечар. Аснову традыцыйнага харчавання складае рыс. Звычайны вараны рыс ядуць з гарнірам з гародніны, мяса або рыбы. Да яго падаюць падлівы. Асабліва папулярна рыбная падліва з вострым смакам і вельмі спецыфічным пахам. У яе мачаюць гарнір. Вельмі папулярны рысавы пірог бань чунг і рысавая лапша фо.

Супы даволі распаўсюджаны, хаця іх гатуюць далёка не кожны дзень. На паўднёвым захадзе В’етнама распаўсюджаны суп лаў мам з марынаванай рыбы, лапшы і мяса. У дэльце Меконга таксама ядуць так званыя кіслыя супы. Мяса і марскія далікатэсы пераважна падаюць печанымі або варанымі. Рыбу пякуць і марынуюць. Свініну гатуюць крыху салодкай. Смажанае свіное сала запраўляюць падлівай і гароднінай, падаюць у бананавым лісці або, у нашы дні, знутры хлебных лустаў. Шырока ўжываюць ялавічыну, мяса сабак і птушак. Сырое мяса рэжуць тонкімі лустамі, прыпраўляюць кіслымі падлівамі. Садавіна з’яўляецца асновай для салодкіх і кіслых падліў, некаторых гарніраў і напояў, але найчасцей яе ядуць у сырым выглядзе.

В’еты амаль не ўжываюць у ежу малочныя прадукты. Затое далікатэсамі лічацца шаўкавічныя вусені, жабы, яшчаркі, смажаныя казуркі, дзякуючы ўплыву кітайскай і кхмерскай кулінарыі — змеі. Вараныя перапёлчыныя і курыныя яйкі найчасцей сустракаюцца як самастойная ежа хуткага прыгатавання. Смажанымі яйкамі запраўляюць рыс. Любімая страва — яйкі гусакоў і качак з ужо сфарміраванымі знутры зародкамі птушанят. Іх вараць і падаюць з духмянай травой і перцам.

Самы распаўсюджаны напой — гарачы зялёны чай. Таксама сустракаюцца напоі з сокаў садавіны, цукровага трыснягу, салодкія крупяныя супы. Кава была распаўсюджана ў В’етнаме толькі ў XIX ст. Звычайна яе п’юць з малаком, падсалоджаную. У рэстаранах над шклянымі кубкамі кавы ставяць металічны фільтр для працэджвання. Алкагольныя напоі ўжываюць з глыбокай старажытнасці, у тым ліку ў рытуальных мэтах. Шырока распаўсюджана гарэлка з рысу або клубневых культур. Для надання лячэбных уласцівасцяў у яе могуць апускаць кавалкі цела змяі. Пад уздзеяннем еўрапейскай культуры в’еты спажываюць піва, салодкае фруктовае і вінаграднае віно, ром і інш.

Сацыяльны лад[правіць | правіць зыходнік]

Асновай традыцыйнага грамадства з’яўлялася нуклеарная сям'я ня, якая звычайна вяла сваю гаспадарку. Шлюбы экзагамныя. Раней было забаронена стварэнне сям’і з прадстаўніком такога ж прозвішча. У наш час такія шлюбы магчымыя, але сустракаюцца рэдка. Афіцыйныя жаніхі павінны былі аказваць дапамогу сям’і нявесты, працаваць у ёй. Багатыя мужчыны практыкавалі палігамію. Шлюб з другой або трэцяй жонкай быў магчымы толькі з дазволу першай. Муж быў павінен раіцца з жонкамі перад тым, як прадпрымаць якія-небудзь важныя дзеянні.

Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі. Старэйшы сын мог разлічваць на большую частку бацькоўскай маёмасці. Дочкі атрымоўвалі пасаг у выглядзе вопраткі, упрыгожванняў, грошай. Акрамя ня, існавалі буйныя аб’яднанні сем’яў хо, якія складаліся са сваякоў па мужчынскай лініі. У аснове гэтых аб’яднанняў палягалі рытуалы ў гонар духаў адзіных продкаў. Старэйшы мужчына лічыўся кіраўніком хо.

Усяго в’еты маюць каля 400 прозвішчаў, якія перадаюцца па бацькоўскай лініі і лічацца нязменнымі. Затое асабістыя імёны могуць мяняцца на працягу жыцця пасля хвароб, значных дасягненняў і зменаў у жыцці. Паміж прозвішчам і асабістым імем ставіцца полавы паказальнік (ван для мужчын, тхі для жанчын) або родавы паказальнік.

1 студзеня 1959 г. у Дэмакратычнай Рэспубліцы В’етнам быў уведзены закон аб сям’і і шлюбе. Ён прызнаў роўнасць палоў і прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, забараняў палігамію, даваў маладым маці права на двухмесячны адпачынак.

Да сярэдзіны XX ст. у В’етнаме існавала сельская суседская абшчына са тхон, якой кіравалі рады з дарослых свабодных мужчын. Кожная абшчына мела спіс чальцоў, што маглі разлічваць на правы размеркавання зямлі і кіраўніцтва. Прышлыя сяляне ў гэты спіс не ўваходзілі, былі вымушаны працаваць арандатарамі і наёмнымі рабочымі, ахоўваць вёску. Удзел у абшчыннай радзе яны не бралі. Са тхон былі фактычна знішчаны на поўначы В’етнама падчас сацыялістычных змен, а на поўдні ў выніку стварэння буйных стратэгічных паселішчаў і аграгарадкоў.

Феадальнае в’етнамскае грамадства мела жорсткую іерархію, падзялялася на пласты набліжаных да імператара чыноўнікаў куан, вучоных ван, сялян нонг і гандляроў тхыонг. Рамеснікі, якія не займаліся сельскай гаспадаркай і гандлем, а таксама акторы, лекары, грузчыкі, носчыкі і інш. стаялі на самай нізкай ступені іерархіі і лічыліся пагарджанымі. На вяршыні сацыяльнай піраміды стаялі спадчынныя князі і імператары. Гэтая сістэма пачала хутка рушыцца пад уздзеяннем французскіх каланіяльных законаў. Яны абмежавалі правы куан, затое пашырылі магчымасці для раней непаўнавартых тхыонг. З’явіліся прафесійныя рабочыя і інтэлігенцыя. Новыя сацыяльныя пласты, з аднаго боку, не прызнаваліся традыцыйным грамадствам і былі вымушаны пераймаць многія рысы еўрапейскай культуры. Аднак і з пункту гледжання французскай каланіяльнай адміністрацыі яны стаялі ніжэй за французаў. Усё гэта прывяло да папулярызацыі сярод в’ецкіх інтэлектуалаў ідэй нацыяналізму і сацыялізму, выклікала сацыяльную мадэрнізацыю.

Традыцыйныя святы[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш папулярныя святы:

  • Новы год у канцы зімы. Суправаджаецца шматлікімі рытуаламі ў гонар духа дому і святочнымі працэсіямі.
  • Свята духа зямлі ў другі дзень другога месяца па месячным календары.
  • Свята цмока, які лічыцца ўладаром вады, у пяты дзень пятага месяца па месячным календары.
  • Свята дзяцей у пятнаццаты дзень восьмага месяца па месячным календары. Дамы ўпрыгожваюць каляровымі ліхтарамі, праводзяць працэсіі.

У наш час таксама папулярны рэгіянальныя, афіцыйныя і прафесійныя святы. У святочныя дні праводзяцца конкурсы для моладзі, спартыўныя мерапрыемствы, агульныя застоллі.

Мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Тэатральныя акторы, 1874 г.

Фальклор в’етаў даволі разнастайны, прадстаўлены шматлікімі казкамі, міфамі, легендамі, гістарычнымі казаннямі пра барацьбу в’етаў за незалежнасць, прымаўкамі, песнямі і г. д. З фальклорам цесна звязана в’етнамская літаратура. Захаваліся літаратурныя зборы X — XIV ст., напісаныя рыфмаванай прозай фу. Вядома паэзія ананімных аўтараў, а таксама Нгуен Чая, Нгуен Бінь Кхіема, Дуан Тхі Д’ем, Нгуен Зу, Нгуен Конг Чы, якія працавалі ў XV — пачатку XIX стст. Часцяком яны запазычвалі стылістыку паэзіі суседняга Кітая, але карысталіся мясцовымі матывамі.

Тэатр у В’етнаме мае доўгую гісторыю. Вядомы народны тэатр хат-тэа, які арганізоўваўся ў вёсках самімі сялянамі. Звычайна ён меў даволі просты рэпертуар, кароткія пастаноўкі па матывах рэлігійных і гістарычных паданняў. Акторы ігралі на невялікім пляцы каля абшчыннага дома або храма. Гледачы сядзелі на цыноўках. Акторы і гледачы абменьваліся дыялогамі. У XII ст. узнік арыгінальны лялечны тэатр на вадзе. У XIII ст. з’явіліся прафесійныя тэатры, якія ставілі музычныя і танцавальныя спектаклі. У пачатку XX ст. пад уздзеяннем еўрапейскага мастацтва сфарміраваўся сучасны тэатр кай-лыонг. У 1959 г. у Ханоі была знята першая ўласна в’етнамская кінастужка.

На развіццё музычнага мастацтва моцны ўплыў мелі кантакты в’етаў з суседзямі-кітайцамі. З Кітая былі запазычаны многія музычныя інструменты, тэорыя складання музычных твораў, музычныя жанры. Лічыцца, што знакамітае в’етнамскае мастацтва рытмічнай ігры на барабанах паходзіць з паўднёвай дзяржавы Чампа. Аднак існавалі і ўласна в’етнамскія традыцыі ігры на лютнях, трашчотках, духавых інструментах. Паступова вылучыліся асобныя жанры: прыдворная музыка, рэлігійная музыка, святочная музыка (выконвалася невялікімі групамі музыкантаў для арыстакратычных слухачоў), тэатральная музыка, народная музыка. Апошняя была прадстаўлена лементамі, калыханкамі, лірычнымі кампазіцыямі, прафесійнай музыкай і спевамі.

В’ецкія танцы таксама мелі прафесійную і аматарскую накіраванасць. Прафесійнае танцавальнае мастацтва развівалася ў рэчышчы традыцый, перанятых у Кітаі. Народныя танцы імітавалі працэс сельскагаспадарчай працы.

Традыцыйнае выяўленчае мастацтва прадстаўлена малюнкамі на тканінах, разьбярствам, ліццём, скульптурай, каліграфіяй і г. д.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова в’етаў мае шэсць тонаў і вялікую колькасць галосных гукаў. З’яўляецца афіцыйнай мовай В’етнама. Першы вядомы пісьмовы помнік створаны ў 1010 г. Першапачаткова в’еты карысталіся іерагліфічнай пісьмовасцю чу-ном, якую запазычылі з Кітая. У XVII ст. французскія езуіты распрацавалі в’етнамскі алфавіт куок-нгы на аснове лацінкі, які шырока ўжываецца ў наш час.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Для в’етаў характэрны рэлігійны сінкрэтызм. Са старажытных часоў захавалася старажытная аўтэнтычная рэлігія тхо-маў. Яе асновай з’яўляецца культ продкаў, які адыгрывае значную ролю і ў нашы дні, калі большасць в’етаў афіцыйна прызнае сябе атэістамі[5]. У мінулым таксама шанавалі духаў дому, зямлі, вады, лесу. Лічылася, што хваробы і нягоды прыносяць злыя духі ма-доі.

Большасць вернікаў спавядае будызм, які прыйшоў у В’етнам з Паўднёвай Азіі на мяжы нашай эры, але ў далейшым развіваўся пад уплывам суседняга Кітая. Сярод будыстаў-в’етаў пераважае вучэнне махаяна. У феадальны перыяд будысцкая абшчына в’етаў запазычыла многія рысы кітайскіх рэлігійных вераванняў, у прыватнасці, канфуцыянства і даасізму.

Хрысціянства прыйшло ў В’етнам разам з еўрапейскімі місіянерамі ў XVIXVII стст. Асаблівую ролю ў распаўсюджванні каталіцызму адыгралі езуіты. Кіраўнік езуіцкай місіі, француз Александр дэ Род, склаў в’етнамскі алфавіт куок-нгы на аснове лацінкі і ў 16501651 гг. надрукаваў на ім катэхізіс і слоўнік в’етнамскай мовы. В’етнамскія ўлады імкнуліся абмежаваць уплыў еўрапейцаў, а таму ў сярэдзіне XVII ст. хрысціянства апынулася пад забаронай. Толькі ў 17981853 гг. было закатавана за іх веру 64 хрысціяніна. Усе яны, а таксама закатаваныя за веру ў 18591861 гг., былі прызнаны Каталіцкай царквой мучанікамі[6]. Каталіцызм пачаў шырока распаўсюджвацца падчас французскай каланіяльнай акупацыі і ў наш час з’яўляецца другой па папулярнасці рэлігіяй у В’етнаме. У XX ст. дзякуючы амерыканскім місіянерам пачаў распаўсюджвацца пратэстантызм.

У XX ст. пад уплывам хрысціянства на поўдні В’етнама ўзніклі буйныя сінкрэтычныя секты каадай і хоахаа.

В’еты на Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 2009 г. у Рэспубліцы Беларусь жыло 588 чал., якія вызнавалі сваю тоеснасць як в’етнамцы[7]. З іх 526 чал. назвалі сваёй роднай мовай в’етнамскую, 3 — беларускую.

Знакамітыя в’еты[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]