Вавілонская вежа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Вавілонская вежа (іўр.: מיגְדָּל בָּבֶל Мігда́ль Ба вель) — легендарная вежа, якой прысвечана біблейскае паданне, выкладзенае ў 11 главе кнігі Быццё (Быц.11:1-11:9). Паводле гэтага падання, да Сусветнага патопу чалавецтва было прадстаўлена адным народам, які размаўляў на адной мове. З усходу людзі прыйшлі на зямлю Сенаар (у ніжнім цячэнні Тыгра і Еўфрата), дзе вырашылі пабудаваць горад названы Вавілонам і вежу вышынёй да нябёсаў, каб «зрабіць сабе імя». Будаўніцтва вежы было спынена Богам, які стварыў новыя мовы для розных людзей, з-за чаго яны перасталі разумець адзін аднаго, не маглі працягваць будаўніцтва горада і вежы і рассеяліся па ўсёй зямлі. Такім чынам, гісторыя пра Вавілонскую вежу тлумачыць з'яўленне розных моў пасля Сусветнага патопу.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя зікурата Этэменанкі

Шэраг вучоных-біблеістаў прасочвае сувязь легенды пра Вавілонскую вежу з будаўніцтвам у Двурэччы высокіх веж-храмаў, якія зваліся зікуратамі. Вяршыні вежаў служылі для адпраўлення рэлігійных абрадаў і астранамічных назіранняў.

Самы высокі зікурат (вышынёй 91 м, адна прамавугольная ступень і сем спіральных — усяго 8) знаходзіўся менавіта ў Вавілоне. Ён зваўся Этэменанкі, што азначае «дом, дзе сыходзяцца нябёсы з зямлёю». Невядома, калі менавіта было распачата будаўніцтва гэтай вежы, але яна ўжо існавала падчас кіравання Хамурапі (1792—1750 да н.э.). Асірыйскі цар Сінахерыб у 689 г. да н.э. разбурыў Вавілон, гэты ж лёс чакаў і Этэменанкі. Зікурат быў адноўлены Навухаданасорам II[1]. Яўрэі, якія былі гвалтоўна пераселены Навухаданасорам у Вавілон пасля знішчэння Іўдзейскага царства, пазнаёміліся з культурай і рэлігіяй Двурэчча і, несумнеўна, ведалі пра існаванне зікуратаў.

Сама ж вежа руйнавалася і рэканструявалася некалькі разоў[2]. Толькі пасля апошняй і самай буйной рэканструкцыі падмурак вежы дасягнуў шырыні 90 м пры такой жа вышыні збудавання. Падлікі дазваляюць гаварыць пра тое, што для ўзвядзення гэтай вежы было выкарыстана каля 85 млн цэглы. Манументальная лесвіца вяла да верхняй платформы вежы, дзе знаходзіўся ў двухпавярховы храм. Вежа была часткай храмавага комплексу, які размяшчаўся на берагах ракі Еўфрат. Знойдзеныя археолагамі гліняныя таблічкі з надпісамі дазваляюць сцвярджаць, што кожная секцыя вежы мела сваё адмысловае значэнне. Тыя ж таблічкі даюць інфармацыю пра рэлігійныя рытуалы, якія адпраўляліся ў гэтым храме.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Выяўленчае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Сюжэт пра Вавілонскую вежу распаўсюджаны ў хрысціянскай іканаграфіі — у шматлікіх мініяцюрах, рукапісных і друкаваных выданнях Бібліі (напрыклад, у мініяцюры англійскага рукапісу XI стагоддзя); а таксама ў мазаіках і фрэсках сабораў і цэркваў (напрыклад, мазаіка сабора Сан-Марка ў Венецыі, канец XII — пачатак XIII у.).

У еўрапейскім жывапісе найбольш знакамітай карцінай на гэты сюжэт з'яўляецца палатно Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонскі гармідар» (1563). Больш стылізаванае геаметрычна збудаванне намаляваў М. Эшэр на гравюры 1928 года.

Зноскі

  1. Бузескул В. П. Открытия XIX и начала XX века в области истории Древнего мира. — Петроград, 1923. — Ч. 1. — 122 с.
  2. Краснова О. Б. Энциклопедия искусства Древнего мира. — М., 2002. — 265 с. (стр. 67)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]