Вавілонія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Вавілонія: рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака, у сярэднім і ніжнім цячэнні рэк Тыгр і Еўфрат. Існавала ў 19—6 ст. да н.э.

Дзяржава была заснавана пасля пранікнення ў Ніжнюю Месапатамію семіцкіх плямёнаў амарытаў, з якіх паходзіла 1-я дынастыя вавілонскіх цароў (19—16 ст. да н.э.). Да канца 18 ст. да н.э. (цараванне Хамурапі) Вавілонія захапіла ўсё Паўднёвае Двухрэчча і стала адной з самых магутных дзяржаў Пярэдняй Азіі. У 1518 да н.э. Вавілоніяй завалодалі вандроўныя плямёны касітаў, пачаўся перыяд палітычнага і культурнага заняпаду. У 15 ст. да н.э. трапіла пад уладу егіпецкіх фараонаў, а з 1300 да н.э. — асірыйскага цара Ніна. Пасля кароткага адраджэння пры Навухаданосары I (сяр. 12 ст. да н.э.) пачаўся новы перыяд палітычнага аслаблення, дзяржава трапляе пад уладу Асірыі і на працягу многіх стагоддзяў была яе правінцыяй. У канцы 2 — пач. 1 тыс. да н.э. у Вавілонію пранікаюць халдзейскія плямёны. У 626 да н.э. уладу ў Вавілоніі захапіў халдзейскі военачальнік Набапаласар, які ў саюзе з Мідыяй разбіў Асірыю і аб'явіў сябе вавілонскім царом. Было ўтворанае Нова-Вавілонскае (Халдзейскае) царства, якое дасягнула найбольшага росквіту пры Навухаданосары II (1-я пал. 6 ст. да н.э.). Былі пераможаныя Егіпет і Іўдзейскае царства; Вавілон стаў галоўным гандлёвым цэнтрам Пярэдняй Азіі. У 538 да н.э. пры Валтасары Вавілонія была заваявана Кірам II і стала правінцыяй дзяржавы Ахеменідаў. Пасля паходаў Аляксандра Македонскага Вавілонія прыйшла ў заняпад, а яе сталіца паступова страціла сваё значэнне.


Літ.:

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.2. Афіны — Ведрыч / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1970. — 640 с.: іл., карты.  Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.155. ISBN 5-343-00151-3.