Вайна за кастыльскую спадчыну

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Вайна за кастыльскую спадчыну — узброены канфлікт 1475—1479 гадоў паміж прыхільнікамі Хуаны Бельтранехі, дачкі кастыльскага караля Энрыке IV, і зводнай сястры апошняга Ізабелы за права спадчыны Кастыльскай кароны. У гэтай вайне на баку Ізабелы выступаў Арагон, за спадчыннікам якога яна была замужам, а на баку Хуаны, з аналагічнай прычыны, — Партугалія. Францыя выступіла на баку Партугаліі з прычыны тэрытарыяльных спрэчак з Арагонам за тэрыторыі ў Італіі і за Русільён.

Нягледзячы на поспехі спачатку, з прычыны нерашучасці Афонсу V і пасля нічыйнай бітвы пры Тора, прыхільнікі Хуаны страцілі адзінства, а Ізабела была прызнана картэсамі у 1476 годзе. Далейшае супрацьстаянне Кастыліі і Партугаліі адбывалася ў Атлантыцы, і ў вырашальнай марской бітве за Гвінею[en] партугальскі флот быў мацней.

Вайна завяршылася ў 1479 годзе падпісаннем дагавору, паводле якога Фердынанд і Ізабела прызнаваліся каралямі Кастыліі. Гэты дагавор замацоўваў панаванне Партугаліі ў Атлантыцы, уключаючы выключнае права на заваяванне Феса. Хуана страціла правы на спадчыну кастыльскага стальца.

Прадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Валадарства Энрыке IV[правіць | правіць зыходнік]

У 1454 годзе памёр Хуан II Кастыльскі, ён пакінуў трох дзяцей ад двух шлюбаў — свайго спадкаемца Энрыке IV (1425—1474) ад першага шлюбу з Марыяй Арагонскай, Ізабелу (1451—1501) і Альфонса (1453—1468) ад другога шлюбу з Ізабелай Партугальскай. У 1440 годзе Энрыке ажаніўся з Бланкай Наварскай, якая пасля 13 гадоў бяздзетнага шлюбу абвінаваціла мужа ў невыкананні шлюбных абавязкаў і з гэтай прычыны дамаглася скасаванні шлюбу. У 1455 годзе, неўзабаве па заняцці стальца, Энрыке ажаніўся з партугальскай інфантай[1].

Энрыке IV ад пачатку валадарства паказаў сябе слабым і нерашучым каралём. У 1457 годзе супраць Энрыке IV была арганізавана ліга, куды ўвайшлі самыя ўплывовыя прадстаўнікі арыстакратыі і духавенства, сярод іх быў нават фаварыт караля Хуан Пачэка. Супраць караля былі высунуты абвінавачванні ў грэбаванні абавязкамі манарха, атачэнні сябе радцамі неарыстакратычнага паходжання, якіх ён надзяляў уладай і багаццем, грэбуючы пры гэтым арыстакратамі, тым самым прычыняючы шкоду дзяржаве. На прэтэнзіі Энрыке паабяцаў сабраць картэсы і ў будучым раіцца з імі, такім чынам інцыдэнт быў вычарпаны[2]. У 1460 годзе Энрыке апынуўся ў складаным становішчы, зрабіўшы стаўку ў арагонскім дынастычным канфлікце на Карла Віянскага, старэйшага сына караля арагонскага і наварскага Хуана[заўв. 1], паабяцаўшы яму падтрымку і руку Ізабелы, калі тая вырасце. Аднак у снежні 1460 года Карл быў зняволены, а арыстакратыя зноў пачала выказваць незадаволенасць, высунуўшы гэтым разам больш пэўныя патрабаванні — улічваючы няпэўнасць у пытанні спадчыны стальца, надаць больш увагі адукацыі інфантаў, Альфонса і Ізабелы. Пасля таго, як улетку 1461 года кастыльскія войскі, сфарміраваныя галоўным чынам з прыватных войскаў Пачэка і архібіскупа таледскага Альфонса Карыльё дэ Акунья, увайшлі ў Навару і вызвалілі Карла, 26 жніўня 1461 года быў заключаны дагавор, які даў Каталоніі незалежнасць ад Арагона. У той жа дзень Пачэка і Карыльё атрымалі запэўненні, што іх партыя атрымае большы ўплыў у каралеўскай радзе[3]. Канчаткова незадаволенасць арыстакратыі сышла, калі кароль здолеў перацягнуць на свой бок некаторых з незадаволеных сеньёраў, і пасля таго, як у 1462 годзе стала вядома пра цяжарнасць каралевы[4]. Аднак гэты трыумф Энрыке быў вельмі кароткі, бо ўжо ў верасні 1462 года Карл раптоўна памёр, верагодна, ад атручвання[3].

Адразу па нараджэнні Хуаны Бельтранехі (1462—1530), першай і адзінай дачкі Энрыке IV, яна была абвешчана спадчынніцай стальца, і ёй быў прысвоены тытул прынцэсы астурыйскай[5]. Адначасова з'явілася плётка, што немаўля з'яўляецца дачкой усім вядомага каханка каралевы Жуаны Партугальскай і фаварыта караля — Бельтрана дэ ла Куэва, графа дэ Ледэсма[es][заўв. 2], таму Хуана і атрымала мянушку, з якой увайшла ў гісторыю[заўв. 3]. Аднак, картэсы абвясцілі спадчынніцай стальца Хуану, а яе правы прызналі зводныя брат і сястра Энрыке IV — Ізабела і Альфонса. З гэтым рашэннем былі згодны не ўсё — адны магнаты лічылі плётку праўдзівай, другія хацелі адхілення Бельтрана[8]. Неўзабаве незадаволенасць уплывовага таледскага архібіскупа выклікаў шлюб паміж Куэва і дачкой маркіза Санцілья́на[es], пляменніцай кардынала Мендоса[6].

Апазіцыя пры двары, натхнёная расчараваным не атрыманнем звання магістра[es] Ордэна Сант'яга Хуанам Пачэка, які быў у канфлікце з трымальнікам гэтага звання графам дэ Ледэсма[заўв. 4], дамагалася прызнання спадчыннікам Альфонса. Змоўшчыкі думалі арыштаваць караля і каралеву, абвясціць каралём прынца і правіць ад яго імя[4]. Пад уціскам арыстакратыі кароль у 1464 годзе згадзіўся перадаць магістэрства Ордэна Сант'яга Альфонсу, які мусіў быць пад абаронай маркіза Вільена. Пры гэтым інфант мусіў абяцаць ажаніцца з Бельтранехай, за што атрымліваў тытул прынца Астурыйскага і прызнаваўся спадкаемцам стальца[10]. У наступным годзе ў Авіле сабраліся змоўшчыкі, якія абвясцілі Альфонса каралём, а Энрыке зрынутым[11][12]. Абразлівыя для караля дзеянні падчас цырымоніі ў Авіле прычыніліся да падтрымкі караля многімі гарадамі[13]. Пачаліся хваляванні, якія скончыліся ў ліпені 468 года раптоўнай, з падазрэннямі на атручэнне, смерцю Альфонса[14], бо Ізабела адмовілася падрымаць мяцежнікаў[15]. Праз два месяцы быў заключаны дагавор каля Быкоў Гісанда, які рэгуляваў спадчыну стальца. Паводле яго, спадкаемніцай Энрыке з тытулам прынцэсы Астурыйскай абвяшчалася Ізабела ў абмен на абавязальніцтва браць шлюб толькі са згоды караля, які, аднак, не мог прымусіць Ізабелу да шлюбу. Пратэсты каралевы, якая патрабавала захаванне правоў сваёй дачкі, не прымаліся да ўвагі[16].

Па смерці Альфонса роля Ізабелы ў Кастыліі, дзе ў адрозненне ад Арагона не дзейнічаў салічны закон, значна змянілася. Яна атрымала ў спадчыну маёмасць брата і яго правы на кастыльскі сталец[17]. У 1469 годзе Ізабела знаходзілася ў Аканьі і чакала ўхвалення шлюбу з герцагам берыйскім[18], братам французскага караля, або з каралём партугальскім. Абодва кандыдаты адпавядалі ўмовам Энрыке да магчымага мужа Ізабелы, бо першы быў дужа далёка, а другі дужа стары, каб у гэтым шлюбе маглі быць дзеці. У гэтым умовах Хуан Арагонскі пачаў таемныя перамовы пра шлюб Ізабелы са сваім сынам Фернанда. Хуан здолеў схіліць на свой бок архібіскупа таледскага, адмірала Кастыліі[es] і некаторых іншых арыстакратаў, якія вызвалілі інфанту і ўрачыста суправадзілі ў Вальядалід. Тым жа часам ў горад таемна прыехаў Фернанда, і 25 кастрычніка 1469 года ў палацы Вівера[es] быў заключаны шлюб паміж спадкаемцамі Кастыліі і Арагона[19].

Калі Энрыке даведаўся пра шлюб, то вырашыў перадаць права спадчыны сваёй дачцэ. Дэлегацыя яго сястры і зяця, якая прыбыла з прабачэннямі, сцвярджэннямі адданасці і тлумачэннем вымушанасці сваіх дзеянняў, не атрымала адказу. Аднак у караля ўжо не было магчымасці ўплываць на сітуацыю. Шчодрая раздача зямель і тытулаў не супакоілі сітуацыю ў краіне, бароны ваявалі паміж сабою, ігнаруючы ўладу караля[19]. Толькі 25 лістапада 1470 года правы Хуаны былі пацверджаны на цырымоніі ў Вал дэ Лазоя[es]. Аднак, у Ізабелы былі ўплывовыя прыхільнікі — Папа Сікст IV, пацвердзіўшы яе шлюб адмысловай булай, і ўплывовае сямейства Мендоса[es]. Энрыке не здолеў знайсці варта мужа для сваёй дачкі Хуаны, таму ў 1473 годзе ён пачаў перамовы з Ізабелай, а на пачатку 1474 года нават згадзіўся сустрэцца ў Фернанда. Аднак Энрыке быў не здольны паслядоўна трымаць адну палітыку і на момант яго смерці спадкаемніцай заставалася Хуана[20].

Пасля смерці Энрыке IV у 1474 годзе 12-гадовая Хуана жыла ў Тора, а 30 мая 1475 года быў заключаны яе шлюб з 43-гадовым каралём Афонсу V, кандыдатура якога была прапанавана прыхільнікамі Хуаны, галоўным з якіх быў другі маркіз Вільена[es][21]. Ізабела на момант смерці брата знаходзілася ў Сеговіі і ўрачыста была абвешчана каралевай 13 снежня 1474 года[22]. Хуана ў гэты час знаходзілася ў Мадрыдзе пад апекай маркіза Вільена[23].

Прычыны, чаму склаўшаяся сітуацыя прывяла да войны, даволі не проста вызначыць. Аналізуючы іх, іспанскі гісторык Л. Суарэс Фернандэс[en] вылучыў мноства фактараў — жаданне Ізабелы і Фердынанда, карыстаючыся шырокай падтрымкай з боку гарадоў і арыстакратыі, атрымаць тое, што мусіла належаць ім за правам, нерашучасць прыхільнікаў Хуаны, намер біскупа Карыльё, узяўшага ролю «стваральніка каралёў» падобна графу Уорыку, пачаць шырокае паўстанне і рыцарскія пачуцці, якія выклікала Хуана ў ролі нявіннай ахвяры, што ў XV ст. магло прычыніцца да значных палітычных наступстваў[23].

Міжнароднае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Кастылія і суседнія дзяржавы ў XV ст.

У разгляданы час Францыя і Арагон былі ў трывалым канфлікце з-за кантролю над Серданню і Русільёнам[24] і, не такім трывалым, за ўладанні ў Італіі. У чэрвені 1474 года французскія войскі ўварваліся ў Русільён, прымусіўшы праціўніка да адступлення. З прычыны магчымасці спадкаемца Арагона стаць і каралём Кастыліі, французскі кароль Людовік XI у верасні 1475 года абвясціў сябе прыхільнікам Хуаны. Тым жа часам Францыя ваявала з герцагствам Бургундыя, што магло зрабіць Карла Смелага саюзнікам Ізабелы, аднак гэтага не адбылося[25].

Англія тым часам таксама ваявала з Францыяй, і ў чэрвені 1475 года кароль Эдуард IV высадзіўся ў Кале. Аднак 29 жніўня 1475 года канфлікт быў вырашаны дыпламатычна[fr]. Эдуард, у абмен на вялікія выплаты грошай, згадзіўся на 9-гадовае перамір'е і вярнуўся ў Англію. Каралеўства Навара было аслаблена грамадзянскай вайной паміж прыхільнікамі[es] Луі дэ Бамона[en] і аргамантыстамі[es], што было выяўленнем спроб Францыі і Арагона ўзяць кантроль над гэтай краінай. Урэшце, Гранадскі эмірат застаўся нейтральным, нягледзячы на намаганні Партугаліі, пасле падпісання эмірам Алі ібн Садам[en] 17 лістапада 1475 года мірнага дагавору з Фернанда і Ізабелай. Гэтым дагаворам эмір абавязваўся дапамагаць супраць Хуаны ў раёне Кордавы[26].

Унутры Партугаліі не было адзінагалоснай падтрымкі інтэрвенцыі. Супраць выступалі ўплывовыя прыдворныя Руй Гомес дэ Альварэнга[pt], архібускуп Лісабона Хорхэ да Коста і дом Браганса на чале з герцагам Фернанду II[en], якія прадказвалі катастрофу ў выніку інтэрвенцыі. Прынц Жуан, які меў значны ўплыў на дзяржаўныя справы і быў у канфлікце з Браганса, падтрымаў бацьку супраць Ізабелы, напалову партугалкі, унучкі Альфонса I Браганса[27].

Саперніцтва Кастыліі і Партугаліі за Атлантыку[правіць | правіць зыходнік]

Цягам XV ст. купцы, даследчыкі і рыбакі Партугаліі і Кастыліі пранікалі ўсё далей у Атлантычны акіян. Асноўнай мэтай абедзвюх дзяржаў быў кантроль над Канарскімі астравамі. Пазней большае значэнне меў кантроль гандлю з багатымі на золата і рабоў Гвінеяй і Элмінай[en].

У 1-й палове XV ст. Кастылія захапіла некалькі з Канарскіх астравоў (Лансаротэ, Фуэртэвентура, Іера і Гамера) — спачатку разам з нармандскай, а затым з кастыльскай шляхтай. Партугалія аспрэчвала панаванне Кастыліі на астравах і паспяхова гандлявала ў Гвінеі. Ад 1452 года, Святы Прастол, у асобе Папы Мікалая V і яго наступніка Калікста III, адмовіўся ад сваёй ранейшай нейтральнай пазіцыі і выдаў шэраг бул на карысць Партугаліі, што дазволіла ёй усталяваць гандлёвы і рэлігійны кантроль над Гвінеяй «і далей». Пра Канарскія астравы Святы Прастол не прыняў рашэння. Кароль Партугаліі вёў ліберальную гандлёвую палітыку, дазволіў іншаземцам гандляваць на кантраляваны ім афрыканскім узбярэжжы за выплату падаткаў.

У жніўні 1475 года, пасля пачатку вайны, Ізабела абвясціла гэтыя часткі Афрыкі па праве належачымі Кастыліі і заклікала купцоў сваёй краіны плыць туды. Усё гэта прычынілася пачатку марской вайны ў Атлантыцы[28].

Ход вайны[правіць | правіць зыходнік]

Пачатковы этап (сакавік 1475 — студзень 1476)[правіць | правіць зыходнік]

Актыўныя дзеянні пачаліся ў сярэдзіне сакавіка 1475 года, калі месцічы Алькараса паўсталі супраць маркіза Вільена з-за страты вольнага статусу свайго горада. Звярнуўшыся да Фернанда, месцічы атрымалі абяцанне, што горад будзе ўзяты ў простае кіраванне Каронай, кароль скіраваў да горада 300 копій пад камандаваннем епіскапам авільскага Альфонса дэ Фансека[es], а з Сьюдад-Рэаля ў дапамогу ішоў Радрыга Манрыке, камандзір гарнізона Марцін дэ Гусман тэрарызаваў месцічаў сам чакаючы падмацаванняў. Маркіз сабраў у Андалусіі з дапамогай сяброў і сваякоў 2000 коп'яў, аднак з-за іх не ўмелых манеўраў біскуп Фансека ўвайшоў у горад. Войска Вільены акружыла Алькарас, нават не зрабіўшы спробы атакаваць. 31 сакавіка Фернанда і Ізабела прызначылі ў горад карэхідора, а Радрыга Манрыке папрасіў свайго сына Педра Фахарда прыслаць атрад Ордэна Сант'яга. Красамоўная гатоўнасць новых манархаў, дапамагчы паўсталым супраць іх напалоханых сеньёраў, зрабіла вялікае ўражанне. Канечна горад перайшоў да каталіцкіх каралёў 10 мая, калі здаўся Марцін дэ Гусман[29].

10 мая 1475 года Афонсу V на чале партугальскай арміі ўвайшоў у землі кастыльскай кароны і рушыў да Пласенсіі, дзе яго чакала Хуана[30]. Не чакаючы на папскі дазвол шлюбу паміж дзядзькам і пляменніцай, 25 мая Хуана і Афонсу павянчаліся і абвясцілі сябе каралямі Кастыліі. З Пласенсіі яны рушылі праз Арэвала да Бургаса[31]. Там Афонсу спадзяваўся аб'яднаць свае сілы з войскамі Людовіка XI. Пласенсія і Арэвала кантраляваліся сем'ёй Суньіга, саюзнікамі Хуаны, а Бургас належаў Педра Фернандэсу дэ Веласка, прыхільніку процілеглай фракцыі.

Фердынанд і Ізабела (тым часам цяжарная), мелі пад рукою не больш за пяцьсот коннікаў, былі не гатовыя да вайны. Затрымка Афонсу ў Арэвала дала ім магчымасць падрыхтавацца. Ізабела актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы, часта дыктуючы распараджэнні нават начамі. Яна асабіста наведвала гарнізоны гарадоў для атрымання прысягі на вернасць, здзяйсняючы для гэтага доўгія і цяжкія конныя падарожжы. Да пачатку ліпеня Фердынанд і Ізабела сабралі армію з 4 000 цяжкой кавалерыі, 4 000 лёгкай кавалерыі і 30 000 пяхоты, якая складалася ў асноўным з блага навучанага апалчэння з поўначы[32].

Афонсу, калі выявілася, што прыхільнікаў у Кастыліі ў яго меней, чым ён думаў, змяніў свой першапачатковы план і пачаў узмацняць свой кантроль над прылеглымі да Партугаліі раёнамі. Афонсу быў прыязна сустрэты ў Тора, нягледзячы на аб'яўленую замкавым гарнізонам лаяльнасць да Ізабелы. У Саморы і ў леонскіх вёсках ніжняй плыні Дуэра таксама прызналі партугальскага караля[32]. У Ла-Манчы Радрыга Тэльес Хірон[es], прыхільнік Хуаны і кіраўнік Ордэна Калатрава, захапіў Сьюдад-Рэаль. Радрыга Манрыке[es], скарбнік таго ж ордэна і адначасова магістр Ордэна Сант'яга, адваяваў горад для Ізабелы[33].

Прынц Фердынанд сабраў свае войскі ў Тардэсільясе і 15 ліпеня загадаў выступаць, з намерам сысціся ў баі з праціўнікам. Праз чатыры дні яны прыйшлі да Тора, аднак партугальскі кароль ухіліўся ад бою. Фердынанд, не маючы рэсурсаў для працяглай аблогі, вярнуўся з Тардэсільяс і распусціў сваю армію. Пасля таго, як замак Тора здаўся Афонсу, той вярнуўся ў Арэвала, дзе стаў чакаць прыбыцця французскай арміі. Архібіскуп таледскі, лічачы французскія войскі вырашальнымі для ходу вайны, адкрыта перайшоў на бок Хуаны[34]. У сваю чаргу, у жніўні Ізабела склікала асамблею ў Медына-дэль-Кампа, дзе звярнулася да духавенства з просьбай пазычыць на тры гады царкоўнае срэбра ў суме 30 мільёнаў мараведы. Атрымаўшы пазыку, за канец лета каталіцкія каралі павысілі баяздольнасць сваёй арміі[35].

Радрыга Алонса Піментэль[es], граф Бенавентэ[es] — прыхільнік Ізабелы — з невялікімі сіламі размясціўся ў Бальтанасе, адкуль сачыў за манеўрамі партугальцаў. 18 лістапада 1475 года ён быў атакаваны, пераможаны і зняволены. Хоць гэтая перамога і адкрыла Афонсу дарогу на Бургас, ён адступіў да Саморы, гэтая пасіўнасць аслабіла пазіцыі Хуаны ў Кастыліі, яна пачала губляць прыхільнікаў. Сілы прыхільнікаў Ізабелы захапілі Трухільё і ўзялі кантроль над землямі Ордэна Алькантара і значнай часткай тэрыторыі Ордэна Калатрава, а таксама маркізату[es] Вільена. 4 снежня частка гарнізону Саморы паўстала супраць Афонсу, якому давялося ўцякаць у Тора. Хоць партугальскі гарнізон працягваў трымацца ў замку, сам горад наступным днём заняў Фердынанд. У студзені 1476 года замак Бургаса здаўся Ізабеле[36].

Студзень — верасень 1476 года[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 1476 года партугальская армія, узмоцненая войскамі прынца Жуана, сына Афонсу V, выйшла са сваёй базы у Тора і акружыла Фердынанда ў Саморы. Аблога выдалася для партугальцаў больш цяжкай, чым для абложаных кастыльцаў, і 1 сакавіка Афонсу вырашыў вяртацца ў Тора. Фердынанд пачаў пагоню і за 5 кіламетраў ад Тора адбыўся бой. Па трохгадзіннай бітве, спыненай дажджом і цемнатою, партугальскі кароль адступіў да Кастрануньё, тым жа часам яго сын арганізавана з захопленымі палоннымі адступіў да Тора. На меркаванне Дж. Б. Бьюры, вынік гэтага бою няпэўны. Абодва бакі сцвярджалі, што яны перамаглі. Аднак, палітычна партугальцы, чые асноўныя сілы пакінулі Кастылію, прайгралі, і ў Хуаны не засталося войска ў Кастыліі[37].

Адначасова з гэтымі падзеямі Ізабела і Фердынанд вырашалі другую важную задачу — разбурэнне партугальскай манаполіі гандлю з багатым гвінейскім узбярэжжам Афрыкі. Золата і рабы адтуль былі значнай крыніцай прыбыткаў, якія ішлі на фінансаванне вайны. Ад пачатку канфлікту партугальскія караблі патрулявалі андалузскае ўзбярэжжа, перахопліваючы кастыльскія рыбалоўныя і гандлёвыя судны. У адказ кастыльцы паслалі чатыры галеры под камандаваннем Альвара да ля Нава, які не толькі прыпыніў партугальскія рэйды, але і разрабаваў партугальскі горад Алкатын на рацэ Гвадыяне. Афіцыйны гісторык Ізабелы Альфонса Фернандэс дэ Паленсія паведамляе таксама пра экспедыцыю з двух каравел, якая выйшла з Палас-дэ-ла-Франтэра, захапіла і прадала ў рабства 120 афрыканцаў, а затым, нягледзячы на пратэсты правадыроў, яшчэ 140. У маі 1476 года Ізабела загадала адпусціць «караля Гвінеі» і яго світу, але загад быў выкананы часткова — з рабства вызвалілі толькі «караля».

Тым жа годам партугальскі флот з дваццаці караблёў пад камандаваннем Фернана Гоміша выйшаў да Гвінеі каб узнавіць страчаны кантроль над ёю. Для процідзеяння яму каралі Кастыліі паслалі флот пад камандаваннем Карласа дэ Валера. З-за процідзеяння маркіза Кадыскага, герцага Медына-Сідонія[en] і сям'і Суньіга падрыхтоўка кастыльскага флоту зазнала цяжкасці. Калі, урэшце, кастыльцы сабраліся, партугальскі флот быў ужо недасяжны, таму было вырашана адправіць яго да астравоў Каба-Вердэ. Астравы былі разрабаваны, а кіраўнік імі ад імя Афонсу V Антоніа дэ Нолі[en] узяты ў палон[38].

Альянс Людовіка XI з Афонсу быў заключаны 23 верасня 1475 года. Паміж сакавіком і чэрвенем французскія войскі пад камандаваннем Алена д'Альбрэ неаднакроць спрабавалі перайсці мяжу каля Фуэнтэрабія, але няўдала. У жніўні Фердынанд пачаў перамовы з бакамі грамадзянскай вайны ў Навары, у выніку ён атрымаў кантроль над Віянай і Пуэнтэ-ла-Рэйна, а таксама права трымаць гарнізон з 150 чалавек у Памплоне. Такім чынам Кастылія забяспечыла сябе з гэтага боку, і, нягледзячы на просьбы Афонсу V, Людовік XI аддаў перавагу сваёй барацьбе з Карлам Смелым. Аднак, Людовік паслаў у дапамогу свайму партугальскаму саюзніку 11 караблёў пад камандаваннем Гіёма Кулона. 7 жніўня 1476 года эскадра Кулона, узмоцненая двума партугальскімі галерамі з салдатамі, увязалася ў бой з пяццю ўзброенымі гандлёвымі суднамі, але пацярпела ад запальных снарадаў, франка-партугальскі флот, паводле Паленсіі, страціў 2500 чалавек.

Верасень 1476 — студзень 1479[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная рэканструкцыя партугальскай каравелы.

Пасля стратэгічнай перамогі пры Тора, нейтралізацыі пагрозы з боку Францыі і перамір'я з Афонсу V шансы Ізабелы і Фердынанда замацаваць за сабою кастыльскі сталец узраслі. Прыхільныя да Хуаны арыстакраты былі вымушаны лічыцца з гэтым і спяшацца выказаць сваю лаяльнасць. Урэшце вайна звялася да сутычак уздоўж партугальскай мяжы і марской вайны за кантроль гандлю ў Атлантыцы.

У 1476 годзе на бок Ізабелы перайшлі Хуан Тэльес Хірон[en] і яго брат Радрыга[es], Луіс дэ Портакарэра і, у вераскі, маркіз Вільена[en][39].

У лістападзе 1476 года была ўзята крэпасць Тора. Цягам наступных месяцаў быў адноўлены кантроль над усімі прыгранічнымі гародамі і правінцыяй Эстрэмадура. У ліпені 1477 года Ізабела прыбыла ў Севілью, буйнейшы горад Кастыліі, з мэтай узмацнення сваёй улады у Андалусіі. Горад, які быў месцам канфлікту ўплывовых маркіза Кадыскага і герцага Медына-Сідонія, у выніку ўмелых перамоў вернуты пад кантроль кастыльскай кароны. Адным з непрымірымых праціўнікаў каталіцкіх каралёў заставаўся Фернан Арыяс дэ Сааведра, але ўтрымліваемая ім крэпасць Утрэра была ўзята штурмам у сакавіку 1478 года, пераможаныя жорстка рэпрэсаваны. Пасля нараджэння, 30 чэрвеня 1478 года ў Севілье, сына[en] манархаў Кастыліі іх дынастычныя пазіцыі яшчэ болей узмацніліся.

У кастрычніку 1477 года Афонсу вярнуўся ў Партугалію, дзе яго сын Жуан вярнуў яму часова ўзяты тытул караля. У пачатку наступнага года Жуан, яшчэ ў 1474 годзе прызначаны бацькам адказваць за партугальскую каланіяльную экспансію[en], атрымаў весткі пра тое, што дзве кастыльскія марскія экспедыцыі выйшлі з порту Санлукар-дэ-Барамеда. Адна з іх складам 35 суднаў скіравалася да Канарскіх астравоў для заваявання вострава Гран-Канарыя, гэтыя планы былі парушаны своечасовым прыбыццём партугальскага флоту Жуана. Другая экспедыцыя скіравалася да Элміны, дзе за колькі месяцаў сабрала значную колькасць золата. Вясною або летам 1478 года туды прыбыў партугальскі флот і нанёс паражэнне кастыльцам[28]. Паводле Эрмана дэль Пулгара[en], захопленага золата хапіла Афонсу для ўзнаўлення сухапутнай вайны. У канцы 1478 года, яшчэ перад тым, як вестка пра паразу ў Эльміне дасягнула Еўропы, Людовік XI і каталіцкія каралі заключылі мірны дагавор у Гвадалупе, паводле якога французскі кароль прызнаў Фердынанда і Ізабелу каралямі Кастыліі, а тыя згадзіліся скасаваць саюз з Бургундыяй і ўрэгуляваць спрэчку пра Русільён дыпламатычным шляхам.

Студзень — верасень 1479[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1478 года прыхільнікі Хуаны ўзнялі мяцяжы ў Эстрэмадуры, Ла-Манчы і Галісіі. Партугалія, адужэлая пасля гвінейскай перамогі пры падтрымцы саюзнікаў зноў уварвалася ў Кастылію. У лютым 1479 года партугальская армія пад камандаваннем Гарсіі дэ Менезеса[pt], біскупа Эворы, уварвалася ў Эстрэмадуру, яе задачай было заняць і ўмацаваць крэпасці Мерыду і Медэльін, якія кантралявала прыхільніца Афонсу V графіня Медэльінская[pt]. Армія складалася, паводле Паленсіі, з 1000 партугальскіх рыцараў, пяхоту, а таксама 180 рыцараў Ордэна Сант'яга на чале са скарбнікам Ордэна Альфонса дэ Манроем. 24 лютага паблізу Ла-Альбуэра яны сутыкнуліся з кастыльскай арміяй у складзе 500 рыцараў Ордэна Сант'яга і 400 рыцараў Эрмандады, на чале з магістрам Ордэна Сант'яга[es]. У цяжкай бітве, нягледзячы на тое, што кастыльская пяхота не вытрымала націску кавалерыі праціўніка, дзякуючы дзеянням магістра Сант'яга войскі Ізабелы і Фердынанда перамаглі. Прыхільнікі Хуаны адышлі да Мерыды, адкуль рушылі да Медэльіна і захапілі гэты горад. Кастыльцы аблажылі абедзве гэтыя крэпасці.

Тым жа часам у Кастылію прыбыў нунцый Якаба Рандон дэ Сезенья з пасланнем Папы Сікста IV, якім той ануляваў выдадзены ім раней дазвол на шлюб Афонсу і Хуаны, што канечне падарвала прэтэнзіі прэтэндэнтаў. Таксама ў лютым 1479 года каралі Кастыліі паспрабавалі сабраць новы флот для экспедыцыі ў Элміну, але не здолелі падрыхтаваць неабходную колькасць караблёў.

У красавіку 1479 года кароль Фердынанд прыбыў у Алькантару для ўдзелу ў перамовах, арганізаваных Беатрысай[pt], маркізай дэ Віла-Рэаль[es][40]. Перамовы цягам 50 дзён былі безвыніковымі, і канфлікт працягваўся. Абодва бакі спрабаваць дамагчыся перавагі, для выкарыстання ў наступных перамовах. Тым часам як кастыльцы нанеслі паразу арміі архібіскупа Таледскага, партугальскія гарнізоны ў Эстрэмадуры паспяхова трывалі ў аблозе.

Мірныя перамовы аднавіліся летам і скончыліся падпісаннем мірнага дагавора.

Мірны дагавор[правіць | правіць зыходнік]

Дагавор, які спыніў вайну, заключаны ў партугальскім горадзе Алкасаваш 4 верасня 1479 года. Пагадненне было ратыфікавана партугальскім каралём 8 верасня таго ж года, а кастыльскімі каралямі ў Таледа 6 сакавіка 1480 года. З гэтай прычыны дагавор таксама вядомы як Дагавор Алкасаваш-Таледа. Фактычна было заключана два дагаворы, адзін з якіх, дагавор ісп.: las Terçarias de Moura, урэгулёўваў матрыманіяльныя адносіны паміж двума дзяржавамі, а ў другім былі палажэнні дагавора Медына-дэль-Кампа[es] 1431 года і ўстанаўліваў падзел сфер уплыву Іспаніі і Партугаліі ў Атлантыцы[41].

Паводле дынастычнага дагавору Хуана Бельтранеха адмаўлялася ад прэтэнзій на Кастылію і мусіла выбраць — або ўзяць шлюб з прынцам Хуанам Астурыйскім, або сысці ў манастыр; Хуана выбрала апошняе. Прынцэса Ізабела Астурыйская ўзяла шлюб з Афонсу[en], сынам прынца Жуана, і яе бацькі далі за ёю багаты пасаг, як кампенсацыю ваенных выдаткаў Партугаліі. Усім удзельнікам канфлікту давалася амністыя[40].

Паводле дагавару пра падзел тэрыторый, за Партугаліяй засталіся Азорскія астравы, Мадэйра і астравы Зялёнага мыса і іншыя тэрыторыі, якія будуць адкрытыя ў кірунку Гвінеі, апроч Канарскіх астравоў, якія засталіся за Кастыліяй. У 1481 годзе гэты дагавор пацверджаны булай Aeterni regis[en] Папы Сікста IV, у выніку Партугалія атрымала магчымасць працягваць каланізацыю заходняга ўзбярэжжа Афрыкі[41].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі
  1. Бацька першай жонкі Энрыке IV.
  2. Нагодай надання тытула было хрышчэнне Хуаны[6].
  3. Пытанне часовай або трывалай імпатэнцыі, гомасексуальнасці ці бісексуальнасці Энрыке абмяркоўвалася гісторыкамі некалькі стагоддзяў, аднак пераканаўчых доказаў якой-небудзь з тэорый, нават пасля эксгумацыі цела манарха ў 1949 годзе, і цяпер няма[7].
  4. Тым часам Ордэн Сант'яга быў буйнейшым землеўласнікам пасля Кароны[9].
Крыніцы і выкарыстаная літаратура

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

англійскай мовай
іспанскай мовай
рускай мовай