Вараа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вараа
(Warao, Waroa, Warrau, Guarauno, Guarao)
Агульная колькасць 37000
Рэгіёны пражывання  Венесуэла — 31 тыс.

 Гаяна — 5,1 тыс.
 Сурынам — 0,5 тыс.

Мова вараа
Рэлігія хрысціянства, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы

Вара́а, або вара́у, гуара́а (саманазвы Warao, Waroa, Warrau, Guarauno, Guarao) — карэнныя насельнікі поўначы Паўднёвай Амерыкі. Жывуць галоўным чынам у дэльце ракі Арынока (Венесуэла), у Гаяне і Сурынаме. Агульная колькасць — 37 000 чал. (2013 г.)[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

У мінулым некаторыя лінгвісты лічылі мову вараа блізкай да Чыбча. Гэта, а таксама тое, што яны ўмела спалучалі прымітыўнае збіральніцтва з земляробствам, спарадзіла думку, быццам бы продкі вараа раней жылі на захадзе Паўднёвай Амерыкі або нават у Цэнтральнай Амерыцы, дзе мелі больш развітую культуру, чым у перыяд іх першых кантактаў з еўрапейцамі. Аднак пазнейшыя даследаванні паказалі, што мова вараа з’яўляецца ізалятам[2] і не звязана з мовамі андскіх індзейцаў. Археолагі лічаць, што вараа насялялі дэльту Арынока і землі на ўсход ад яе ўжо ў каменным веку[3], а культурныя адметнасці народа тлумачаць прыстасаванасцю да зменлівых умоў мясцовай прыроды.

У канцы XV ст., калі было адкрыта ўзбярэжжа Венесуэлы, вараа жылі пераважна ў дэльце і вялі паўкачавы лад жыцця. Сваю назву яны атрымалі ад суседзяў-аравакаў. Яна значыла «людзі лодак». У 1767 г. група вараа пад ціскам іспанцаў перасялілася на ўсход у галандскія калоніі[4]. Іх нашчадкі і ў нашы дні жывуць у Гаяне і Сурынаме.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Жытло вараа ў дэльце Арынока

Традыцыйнымі заняткамі вараа здаўна былі рыбалоўства, збіральніцтва ўздоўж берагоў рэк, у меншай ступені — паляванне на наземную жывёлу. Важным заняткам ужо ў каменным веку стала земляробства. У мінулым вараа выпальвалі ляды сярод забалочаных лясоў, стваралі своеасаблівыя насыпы, на якіх вырошчвалі маніёк і кукурузу. Праз некалькі гадоў такія ляды пакідаліся і ствараліся новыя. У нашы дні існуюць сталыя агароды, дзе, акрамя традыцыйных культур, саджаюць садавіну, рыс, цукровы трыснёг. Распаўсюджаныя рамёствы — выраб лодак-кадаўбаў маёту і пляценне. Плеценыя гамакі — распаўсюджаны тавар для абмену з іншымі плямёнамі. З другой паловы XX ст. многія вараа займаюцца адыходніцтвам, працуюць на лесапільнях або ў гарадах.

У мінулым вёскі будавалі ўздоўж рэк. Яны складаліся з доўгіх драўляных будынкаў на па́лях з двухсхільнымі дахамі, крытымі пальмавым лісцем. Акрамя жытлаў, вараа будавалі рытуальныя хаціны, невялікія хаціны для жанчын, у якіх тыя праводзілі перыяд менструацый, розныя сховішчы і г. д. У наш час пераважаюць вялікія вёскі да 250 чал. Яны часцяком месцяцца вакол прадпрыемстваў, дзе працуюць вараа. У гарадах па магчымасці яны імкнуцца жыць у асобных кварталах, каб разам падтрымліваць супольную культуру.

Асновай сацыяльнай пабудовы грамадства з’яўляецца група сваякоў па мужчынскай лініі на чале са старэйшым гаспадаром арахі, які распараджаецца сумеснай працай, але не размяркоўвае прыбытак. Распаўсюджана фіктыўнае сваяцтва, калі да такіх сваяцкіх груп далучаюцца выхадцы з іншых месцаў. Імі могуць быць найманыя рабочыя небу. Сучаснымі вялікімі вёскамі кіруюць старасты айдама. Яму падначальваюцца нефармальныя правадыры сваяцкіх груп кабітана і дробныя служачыя бісікары і барысія. Некалькі вёсак могуць быць падначалены адзінаму старасце («губернатару») кабенахора. Арахі выконваюць не толькі арганізацыйныя, але і рытуальныя функцыі. Але разам з імі здаўна існуюць прафесійныя шаманы, патомныя рамеснікі і гандляры.

Шлюбы эндагамныя, складаюцца знутры сваяцкіх супольнасцяў па жаночай лініі. Практыкуецца палігінія, калі гаспадар сям’і бярэ ў жонкі другую жанчыну. Яна знаходзіцца ў падначаленым стане не толькі да мужа, але і да першай жонкі, лічыцца яе дапаможцай. Дазваляюцца выпрабавальныя часовыя шлюбы. Выхаванне дзяцей цалкам кладзецца на маці. Аўдавелы мужчына абавязаны перадаць сваіх дзяцей прыёмным бацькам, яго сваякам.

Вараа вядомы рытуальнымі танцамі, а таксама казкамі са шматлікімі сюжэтнымі лініямі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова вараа — ізалят, не звязана з мовамі іншых народаў Паўднёвай Амерыкі, аднак заўважна багатая лексічная запазычанасць з аравакскіх і іспанскай моў. Пісьмовасць на аснове лацінкі, ужываецца пераважна хрысціянскімі місіянерамі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў — хрысціяне-каталікі. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца павелічэнне колькасці пратэстантаў.

Разам з хрысціянствам працягваюць суіснаваць традыцыйныя вераванні. Яны заснаваны на анімізме і шаманскай практыцы. Вараа шануюць памерлых продкаў канахатума, якія, як яны лічаць, могуць увасабляцца ў святых камянях, вераць у духі дрэў і жывёл, рачных духаў набараа і г. д. Існуе разуменне адзінага стваральніка сусвету кананату. Функцыі заступнікаў перад духамі, лекараў, чараўнікоў і арганізатараў рытуалаў належаць шаманам вісірату.

Зноскі

Даследаванні[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]