Верлібр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Верлі́бр (свабо́дны верш) — дысметрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаванне якіх-небудзь дапаможных рытмастваральных кампанентаў. Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне месца міжрадковых паўзаў. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме — яшчэ і графічна), выступае ў верлібры ў якасці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасць асобных радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексіка-граматычнай структуры, што стварае пэўную меру паўтору па «вертыкалі».

У радках свабоднага верша паўтараюцца наступныя дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалагічныя формы, гукаспалучэнні, націскі на пэўных месцах і г. д. Спарадычна можна сустрэць нават прыметы танічнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры верлібра (чаргаванне моцных або апорных націскаў, рыфмоіды і інш.). Прычым у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, першыя тры радкі твора, напісанага верлібрам, вызначаюцца аднатыпнасцю іх сінтаксічнай пабудовы, чатыры наступныя — паўторам на пачатку радкоў назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, скажам, на трэцім і сёмым складах, і г. д. Для верлібра характэрна надзвычайнае багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу, у тым ліку розных рытарычных фігураў, сінтаксічных перыядаў, што надае інтанацыйнаму малюнку разнастайнасць (пералічэнне, далучэнне, супрацьпастаўленне і г. д.). у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.

Гісторыя верлібра[правіць | правіць зыходнік]

Узнік верлібр у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах у сярэдзіне XIX ст. (Уітмен, Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рускай паэзіі (А. Фет, Я. Палонскі, М. Міхайлаў). Тэрмін «верлібр» упершыню быў уведзены ва ўжытак французскім пісьменнікам Г. Канам у 1884 г. Асаблівае распаўсюджанне гэты верш набыў у XX ст. (А. Блок, В. Брусаў, У. Маякоўскі, М. Цвятаева, Э. Межэлайціс, У. Салаўхін, Я. Вінакураў, I. Драч, С. Маўленаў), стаў для некаторых паэтаў ледзь не адзінай вершаванай формай (Неруда, Хікмет, Рыцас, Лундквіст і інш.).

Верлібр у беларускай літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Родапачынальнікам верлібра на Беларусі з'яўляецца М. Багдановіч. У 20-я гады ХХ ст. свабодным вершам шырока карыстаўся В. Ластоўскі. У беларускай паэзіі другой паловы ХХ ст. свабодны верш найчасцей сустракаецца ў П. Панчанкі, С. Дзяргая, К. Кірэенкі, А. Вярцінскага, А. Лойкі, П. Макаля, Я. Сіпакова, А. Наўроцкага, Р. Семашкевіча, Ю. Голуба, Н. Загорскай і інш. У М. Танка верлібр стаў адным з асноўных відаў верша. Ён у паэта найчасцей ужываўся ў філасофскіх і медытатыўных творах-роздумах, свабодны рытм якіх арганічна яднаецца з умоўна-асацыятыўнай вобразнасцю.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]