Веткаўская іканапісная школа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэісус. XVIII стагоддзе
Мікола Адваротны. XVIII стагоддзе

Веткаўская іканапісная школа — адна з самабытных школ беларускага іканапісу, якая стваралася ў адпаведнасці стараверскаму канону ў ваколіцах горада Веткі. Абразы Веткаўскай школы даюць выдатны прыклад сінтэзу старажытнарускага мастацтва і мясцовых традыцый іканапісу[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ветка традыцыйна з'яўлялася цэнтрам старавераў. Адасобленасць рэгіёна, наяўнасць духоўнага цэнтра, своеасаблівасць асяроддзя, у якім развіваўся веткаўскі іканапіс, пераемнасць у перадачы з пакалення ў пакаленне іканапіснага майстэрства характарызуюць Ветку як буйны іканапісны цэнтр[2].

У веткаўскіх іконах выразна адбіліся этапы працэса ўзаемадзеяння праваслаўнага іканапісу з заходнееўрапейскім жывапісам. Найбольш паслядоўна гэта адбывалася ва ўніяцкім мастацтве: кананічныя сюжэты набывалі этнаграфічны характар, суправаджаліся побытавымі падрабязнасцямі, пры гэтым пераасэнсоўваліся вартасці светлаценевага жывапісу. У якасці ўзораў кампазіцый шырока выкарыстоўваліся гравюры з беларускіх і ўкраінскіх друкаваных выданняў[3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

У іконах Веткаўскай школы бачны адыход ад візантыйскага канону жывапісу пад уплывам барочнага мастацтва Беларусі. У 18 стагоддзі, калі ў Беларусі панавала барочная культура, на абразах веткаўскіх стараабрадцаў з'яўляюцца элементы інтэр'еру, касцюму, некаторыя пабытовыя рэаліі, больш жывымі робяцца выявы[4].

Асноўнымі пародамі дрэва ля Веткі з'яўляюцца таполі. Гэта драўніна асабліва моцна схільная ўздзеянню жучка-тачыльшчыка, таму ікона, напісаная ў Ветцы, практычна заўсёды з'едзена шашалем. Таўшчыня дошак вялікая: 2-2,5-3 см.

Раслінны арнамент з лісця і кветак, а таксама картушы з надпісамі, у лепшых майстроў з ужываннем тэхнік «цыроўкі» і «расцвечання золата», таксама характэрных для веткаўскіх майстроў, уяўлялі вобраз Эдэмскага саду. Асноўныя матывы, характэрныя для Веткі: кветкі, ружы і ружавыя букеты, галіны з лісцем і кветкамі яблынь, імітацыя лісця аканта, вінаградная лаза, гірлянды, рог багацця, нарцысы, ракавіны.

Адметнай рысай абразоў Веткаўскай традыцыі з'яўляюцца моцныя высвятленні вакол рота і падбародка і характэрная форма верхняй губы, якая навісае над прыпухлай, раздвоенай ніжняй губой. Веткаўскія іканапісцы актыўна вылучаюць кінавар'ю міжгуб'е, часам і мяжу ніжняй губы, што з'яўляецца старажытнай традыцыяй.

Уплыў Веткаўскіх ікон[правіць | правіць зыходнік]

Іканапісная вытворчасць была добра наладжана ў Ветцы і забяспечвала абразамі ўвесь стараверскі свет. Іконы з Веткі былі ўзорам для іканапісцаў-старавераў у іншых месцах[2]. Уплыў Веткаўскай школы распаўсюдзіўся на Украіну, у Малдову, дзе таксама жылі стараверы[4].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]