Світа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Возера Світа)
Світа
Світа
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 141,6[1] м
Даўжыня 1,5 км
Шырыня 1,06 км
Плошча 0,83 км²
Аб’ём 0,00754 км³
Даўжыня берагавой лініі 5,44 км
Найбольшая глыбіня 31 м
Гідралогія
Салёнасць больш 0,25 ‰
Празрыстасць 3,2—4 м
Басейн
Плошча вадазбору 22 км²
Упадаюць ручаі
Выцякаюць ручай
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Світа (Беларусь)
Світа
Світа
Світа (Віцебская вобласць)
Світа
Світа
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне

Сві́тавозера ў Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Размешчанае ў 7 км на поўдзень ад Паставаў, каля вёскі Сіманькі. Належыць да групы Пастаўскіх азёр.

Знаходзіцца ў басейне ракі Мядзелка. Плошча возера складае 0,83 км². Найбольшая глыбіня возера — 31 м. Даўжыня Світы складае 1,5 км, найбольшая шырыня — 1,06 км. Берагавая лінія вельмі звілістая, яе даўжыня складае — 5,44 км. Аб'ём вады ў возеры складае 7,54 м³, плошча вадазбору возера — 22 км².

Схілы катлавіны возера маюць вышыню 20—35 метраў. Схілы парослыя лесам і хмызняком, у верхняй часты — часткова разараныя. Берагі возера пакрытыя хмызняком.

Абалона возера мае шырыню 10—15 метраў, на захадзе шырыня поймы складае да 200 метраў.

У возеры размешчаныя 3 астравы агульнай плошчай 0,016 км². Катлавіна мае шэраг заліваў, найбольшы з якіх размяшчаецца на паўночным усходзе, дзе ўтварае плёс.

Найбольшыя глыбіні знаходзяцца ў паўднёвай частцы возера. У прыбярэжнай частцы дно пясчанае. На большых глыбінях — гліністае.

У Світу ўпадае ручай з возера Чэцверць, выцякае ручай у возера Світка.

Улетку водная маса возера мае выразнае тэмпературнае раздзяленне. На паверхні возера назіраецца кіслароднае перанасычэнне з рэзкім падзеннем у металімніоне і з высокім дэфіцытам каля дна. Агульная колькасць соляў падвышаецца ад паверхні да дна, дзе складае больш за 250 мг/л. Таксама характэрнай асаблівасцю возера з'яўляецца падвышэнне ўтрымання жалеза ў вадзе і яго накапленне ў ніжніх пластах вады. Аднак вада возера адрозніваецца высокай празрыстасцю, якая складае 3,2—4 метры.

Наяўнасць у возеры двух плёсаў, якія дастаткова моцна адрозніваюцца па глыбіні, вядзе да таго, што ўсталёўваецца розніца ў іх гідрахімічным рэжыме. У мелкаводным паўночна-усходнім плёсе вада добра перамешваецца ветрам, лепей праграваецца сонцам, утрыманне кіслароду ў ім вышэйшае, што дасягаецца ў першую чаргу наяўнасцю расліннасці, якая амаль цалкам пакрывае паверхню.

Розніца ў зарастанні мелкаводнага плёсу і астатняй акваторыі возера вельмі вялікая. У выніку высокай празрыстасці вады плёс зарастае амаль цалкам да глыбіні 4—4,5 метраў, прычым пераважна падводнымі раслінамі, сярод якіх пераважаюць харавыя водарасці. Глыбакаводная частка зарастае слаба, пераважна з-за наяўнасці рэзкіх схілаў дна. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці складае да 5 метраў.

Іхтыяфаўна возера сігова-снеткавая. Таксама ў возеры распаўсюджаныя акуні, самы, мянтузы, лінь, карасі, вугры. Вялікая колькасць вадаплаўных дзікіх птушак.

Возера Світа трапляе пад уздзеянне анрапагеннага фактару. Схілы катлавіны разараныя, недалёка пабудаваныя жывёлагадоўчыя фермы. Вада з возера выкарыстоўваецца для гаспадарчых патрэб насельніцтва вёскі Сіманькі. Слабы абмен вады і значная глыбіня возера ствараюць умовы нізкай самаачышчальнасці вадаёма.

Зноскі

  1. Ліст карты N-35-30. Выданне 1986 года. Стан мясцовасці на 1982 год. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Світа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 266—267. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. (руск.)
  • Республика Беларусь. Витебская область. Поставский район: карта. — Мн.: Белкартография, 2007. — Доп.тираж 3 000 экз. (руск.)