Войска Тэўтонскага ордэна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

войска Тэўтонскага ордэна, ваенная арганізацыя пад кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна. Існаванне яе было тоесным з існаваннем Ордэна, які сам утвараў яе вайсковае ядро.

Камандаванне ажыццяўлялася вялікім магістрам і падлеглай яму іерархічнай структурай з ліку братоў-рыцараў.

Структурна складалася з раду кантынгентаў розных спосабаў камплектавання. Так, у перыяд Вялікай вайны (1409—1411) у войска Ордэна ўваходзілі: уласна члены Ордэну, браты-рыцары і паўбраты-службовыя; апалчэнне свецкіх васалаў Ордэна; атрады, выстаўленыя прускімі епіскапамі і гарадамі; найміты з-за мяжы; рыцары-"госці"; войскі саюзнікаў Ордэна.

Ва ўласнасці Ордэна меліся ўласны флот і сістэма ўмацаваных замкаў.

Ідэалогія Ордэна ўзыходзіла да ідэй Бернара Клервоскага, і асноўвалася на тэзісе аб выключнай місіі Ордэна па распаўсюджанні каталіцтва ўсімі даступнымі сродкамі. Без такога пастаяннага акаталічвання паганцаў існаванне Ордэна траціла сэнс. Пры гэтым уласна святары і духоўнікі былі ў Ордэне нешматлікімі і мелі там нязначную ролю. Аднак, найвышэйшым сюзерэнам Ордэна лічыўся сам Госпад, што фактычна здымала праблему феадальнага непадпарадкавання.

Навука і тэхніка ў войску Ордэна выкарыстоўваліся актыўна, але выключна ў сваіх прыкладных аспектах, арыентаваных на ваенную і гаспадарчую магутнасць — ваенным, агратэхнічным і інш.

Да перыяду 14 ст. войска Ордэна папаўнялася прадстаўнікамі розных нацый, з 14 ст. папаўненні пераважна нямецкія, з сяр. 14 ст. амаль цалкам нямецкія, найперш з ліку збяднелага дробнага дваранства Швабіі і Франконіі. У 14 ст. ад кандыдатаў пачалі патрабавацца доказы нямецкага і дваранскага паходжання па абедзвюх лініях да чацвёртага калена.

Кадравае войска[правіць | правіць зыходнік]

Аснову войска Ордэна і ўсю яго камандную структуру складалі браты-рыцары. Гэта былі добра падрыхтаваныя прафесійныя воіны, прытым адзначаецца высокі ўзровень іх каманднай падрыхтоўкі.

Рэшту кадравага войска складалі паўбраты або службовыя браты, колькасць якіх устанаўлялася да 8 на кожнага брата-рыцара. Яны таксама былі членамі Ордэна, але не складалі зарокаў, і не маглі займаць кіраўнічыя пасады. Гэта былі пераважна людзі невысакароднага паходжання, мяшчане, і іншыя свабодныя людзі, у тым ліку і мясцовыя жыхары Тэўтонскай дзяржавы — прусы і палякі. У мірны час яны складалі гарнізоны замкаў і ніжэйшую адміністрацыю Ордэна, у час вайны — паступалі пад каманду братоў-рыцараў.

Узровень баявой падрыхтоўкі кадравых войскаў Ордэна, служба якіх была пажыццёвай, быў вельмі высокім, у тым ліку ў маштабе тагачаснай Еўропы. Таксама, існаванне кадравай арганізацыі давала Ордэну значную перавагу ў часе пры разгортванні ў пачатку ваенных дзеянняў.

Паводле звестак, якія часам лічацца няпоўнымі, у 1398 войска Ордэна налічвала 426 братоў-рыцараў і каля 3200 службовых. Колькасць кадравага войска ў 1410 дакладна невядомая, але прынята лічыць, што братоў было больш за 800, і, адпаведна, больш за 6500 службовых, аб'яднаных у канвенты. Гл. таксама: Войскі Еўропы 15 стагоддзя.

Кантынгенты[правіць | правіць зыходнік]

Земская служба[правіць | правіць зыходнік]

Значнай часткай уласна Ордэнскіх войскаў было феадальнае апалчэнне, збіранае на васальных землях Ордэна. Гэтаму абавязку падлягалі свецкія рыцары нямецкага, польскага і прускага паходжанняў, недваране — солтысы і старасты, і наогул усе, хто валодаў зямлёй у ордэнскіх землях. Такое апалчэнне збіралася ў выпадку пачатку значных ваенных дзеянняў, і, напрыклад, у пач. 15 ст. магло складаць да 1/3 ўсяго ордэнскага войска.

Важнай адметнасцю апалчэння была немень у ім вялікіх атрадаў буйных феадалаў, якія складалі аснову іншых феадальных войскаў таго часу. Гэта тлумачылася неменню ва ўладаннях Ордэна вялікіх свецкіх зямельных уладанняў, і спрычынялася да большай структурнай аднароднасці і ўмацавання дысцыпліны. Навата служба двараніна на чале кап'я з некалькіх воінаў (ням.: Rossdienst) была рэдкай, а большасць свецкіх рыцараў служыла на чале аднаго-двух чалавек (ням.: Plattendienst). Дробныя польскія дваране і прускія вольныя людзі почасту служылі аднаасобна.

Усе свецкія воіны зводзіліся паводле тэрытарыяльнай прыкметы ў коп'і ад камандаваннем найбольш аўтарытэтных з іх асяродка. У сваю чаргу такія атрады, таксама паводле тэрытарыяльнай прыкметы, уключаліся ў склад ордэнскіх харугваў, якімі камандавалі комтуры. Такім чынам, свецкія рыцары былі заўсёды пад камандай братоў-рыцараў.

Мяркуецца, што не-нямецкая частка ордэнскага войска (найперш, польская, з Хелмінскай зямлі і з Памор'я) была цалкам надзейнай, нягледзячы на сваю нацыянальную прыналежнасць, і пэўны паварот у яе настроях здарыўся толькі пасля Грунвальдскай бітвы, а масавы пераход свецкага рыцарства, і не толькі польскага, у анты-ордэнскую апазіцыю, адбыўся ўжо ў часы Трынаццацігаловай вайны (1454—1466), і быў абумоўлены, найперш, палітычнымі і сацыяльнымі прычынамі. Тое ж тычылася і лаяльнасці прускіх аднадворцаў.

Біскупскія войскі[правіць | правіць зыходнік]

Чатыры прускія біскупствы на землях Ордэна неслі абавязак у выпадку вайны сваім коштам выстаўляць атрады са сваіх падданых, пад камандай уласных войтаў. Склад такіх атрадаў быў аднолькавым са складам атрадаў свецкага апалчэння — земская служба і найміты. З той прычыны, што падданыя біскупстваў не лічыліся непасрэднымі падданымі Ордэна, у склад гэтых атрадаў не ўваходзілі тэўтонцы.

Колькасць у пач. 15 ст. ацэньваецца ў 1,5 тыс.ч., з іх палова найміты.

Войскі гарадоў[правіць | правіць зыходнік]

Буйныя гарады Прусіі выстаўлялі сваім коштам атрады, складзеныя пераважна з прадстаўнікоў цэхаў і гільдый, арганізацыя і забеспячэнне былі такім ж, як і наогул у гарадах Ганзы. Аснову такіх атрадаў складала не пяхота, а конніца ў рыцарскім узбраенні — канстафлеры. Кіраваліся атрады ратманамі або капітанамі, прызначанымі гарадскімі ўладамі.

Баявая здольнасць такіх атрадаў лічыцца параўнальна высокай. У гарадах Ганзы ўсе здольныя насіць зброю мяшчане абавязкова праходзілі ваенную падрыхтоўку, існавалі г.зв. стралковыя таварыствы. Былі вядомыя многія імёны праслаўленых воінаў з ліку гарадскіх атрадаў. Як і ў выпадку земскай службы, надзейнасць гарадскіх атрадаў пагоршылася пасля Грунвальда.

Колькасць ацэньваецца каля 2 тыс.ч. у 1398, каля 1,5 тыс.ч. у 1410.

Найміты[правіць | правіць зыходнік]

Багацце Ордэна дазваляла яму мець, пры патрэбе, і моцнае найманае войска. Толькі ў 1409 на задаткі найманым атрадам былі выдаткаваныя 30 тысяч грыўняў (Гл. таксама: Кошты Еўропы 15 стагоддзя), а пасля Грунвальда Ордэн уратаваўся ад поўнага разгрому як павелічэннем выплат сваім наймітам, што дапамагло захаваць іх вернасць, так і хуткім вербаваннем новых найманых сіл за мяжой.

Адметнасцю найму воінскіх атрадаў Тэўтонскім ордэнам было найманне не кожнага салдата паасобку, і не цэлай арміі адразу, а паасобных атрадаў-рот, колькасцю ад некалькіх дзесяткаў да тысячы з гакам салдатаў. Роты дзяліліся на 3-асабовыя коп'і, якія былі адзінкамі выключна фінансавага характару — плата выдавалася на кап'ё цалкам. Плата наймітаў Ордэна ў 1409 складала 11 грыўняў на кап'ё за месяц, з восені 1410, пасля Грунвальда — 12.

Адметна, што кантракты з асобнымі найміцкімі ротамі ў Ордэне ўкладаліся не ад асобы вялікага магістра, а з паасобнымі комтурамі, такім чынам, найміты фармальна служылі не Ордэну цалкам, а паасобным канвентам.

Роты наймітаў уваходзілі ў харугвы адпаведных комтурстваў, або памяшчаліся гарнізонамі ў замках, і выкарыстоўваліся камандаваннем нароўні з ордэнскім войскам, без тактычных асаблівасцей. Адметнасцю складу найманых Ордэнам войскаў была вялікая перавага конных стралкоў-арбалетнікаў.

Асноўнымі землямі паходжання наймітаў у тэўтонскім войску былі Германія, Сілезія, Чэхія; пасля Грунвальда комтуры вербавалі салдатаў сярод балтыйскіх карсараў — "віталійскіх братоў".

Наогул, найміты былі вельмі баяздольным і надзейным кантынгентам, і ў далейшым ходзе 15 ст. арміі Ордэна часта складалася цалкам з найманых, а не з ордэнскіх войскаў. Аднак, у Трынаццацігадовай вайне надзейнасць найманых войскаў выявілася нізкай, нярэдкімі сталіся выпадкі здачы найманых гарнізонаў без бою.

Колькасць у 1410 — 5,7 тыс.ч.

Рыцары-госці[правіць | правіць зыходнік]

Рыцары-госці (ням.: Gastritter) былі тымі еўрапейскімі рыцарамі, якія ўдзельнічалі ў прускіх і літоўскіх войнах Тэўтонскага ордэна дзеля выканання "хрысціянскага абавязку змагання з паганцамі" (ням.: Heidekampf). Асноўнымі формамі ўдзелу былі паўночныя крыжовыя паходы і "паходы на Літву". Рыцары пры гэтым не былі на службе ў Ордэна, а лічыліся менавіта яго гасцямі, даючы, аднак, абяцанне пражыць у Прусіі год і хоць адзін раз паўдзельнічаць у "паходзе на паганцаў".

Адметнасцю паўночных, "балтыйскіх" крыжаносцаў была амаль поўная немень сярод іх не-дваранаў. Рыцары, як ім наказвала традыцыя, прыбывалі ў госці да Ордэна не аднаасобна, а з почтам, часта шматлікім. Многія з рыцараў неаднаразова ўдзельнічалі ў прускіх войнах, і наогул, вайна ў Прусіі лічылася сярод тагачаснага еўрапейскага рыцарства роўнай вайне з туркамі на поўдні.

Лічыцца, што рыцары-госці былі самай баяздольнай часткай тэўтонскага войска, пасля самых братоў-рыцараў.

Колькасць гасцей была рознай у залежнасці ад гістарычнага перыяду. Свайго піку ўдзел еўрапейскіх рыцараў у "прускай вайне" дасягнуў у 1340-я—1370-я гады, пасля хрышчэння Літвы і Крэўскай уніі іх колькасць пайшла на спад. Пасля Грунвальда прыток рыцараў-гасцей практычна спыніўся. У 1410 у тэўтонскім войску было не менш за 150 гасцей, і іх харугва Святога Георгія была адной з самых шматлікіх.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Козюренок К. Л. Армия тевтонского ордена. (праца Казюрэнкі напісана на аснове артыкулаў Экдаля і Бенінгхофена, але ён на іх нідзе не спасылаецца).